Статкевічу не аддаюць газету

Палітвязень Мікола Статкевіч цягам года не атрымлівае газету «Новы час». Хаця наша выданне аформіла падпіску на імя вязня і мае афіцыйную рэгістрацыю ў Мінінфармацыі.



Адміністрацыя папраўчых установаў спасылаецца на адсутнасць выдання ў каталогу «Белпошты». У лістападзе галоўны рэдактар газеты Аляксей Кароль звяртаўся з афіцыйнай скаргай на гэты конт у Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС, Упраўленне ДВП па Магілёўскай вобласці, пракуратуру Магілёўскай вобласці і магілёўскую турму №4, дзе ўтрымліваюць Мікалая Статкевіча. Рэдактар прасіў знайсці вінаватых у парушэнні правоў на карэспандэнцыю Статкевіча Мікалая Віктаравіча.

Службоўцам з пенітэнцыярнай сістэмы паведамлялі, што газета «Новы час» — афіцыйна зарэгістраванае выданне, і ні Крымінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, ні Правілы ўнутранага распарадку не ўтрымліваюць абмежаванняў на атрыманне выданняў, аформленых выключна па каталогу «Белпошты». А пералік забароненых для атрымання і распаўсюду ў месцах зняволення выданняў (арт. 89 ч. 2 Крымінальна-выканаўчага кодэксу) уключае ў сябе толькі газеты, што «прапагандуюць вайну, распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варажнечы, гвалт і жорсткасць, выданні парнаграфічнага характару».

Адказ на свае запыты рэдакцыя атрымала з магілёўскай турмы і з Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў (УДВП) па Магілёўскай вобласці (Магілёўская пракуратура і МУС перанакіравалі скаргу ў тое ж УДВП).

Начальнік турмы № 4 і А. Дзмітроў адказаў, што Статкевіч «падпісваецца на друкаваныя СМІ, якія атрымлівае ў поўным аб’ёме і ва ўстаноўленыя тэрміны». А «па пытанні афармлення падпіскі на газету «Новы час» да адміністрацыі турмы не звяртаўся». Дастаўка ж «можа быць арганізавана ў выпадку афармлення падпіскі ў адпаведнасці з патрабаваннямі часткі 1 арт. 89 КПК РБ і пункту 275 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў».

Начальнік УДВП па Магілёўскай вобласці У. Скамарох 7 снежня адказаў, што «індывідуальная падпіска асуджаных на перыядычныя выданні арганізуецца праз адміністрацыю ўстановы», а Статкевіч з просьбамі наконт «Новага часу» да адміністрацыі турмы №4 не звяртаўся.

Рэдакцыя «Новага часу» рэгулярна дасылае на адрас папраўчых устаноў, дзе знаходзіўся Мікола Статкевіч, асобнікі газеты, але яны вяртаюцца назад у рэдакцыю.

Каментаваць