Стэфан Эрыксан: У Беларусі ёсць добрая будучыня

Пра шведска-беларускія адносіны, месца і ролю Беларусі ў еўрапейскай супольнасці з амбасадарам Швецыі ў Беларусі Стэфанам Эрыксанам размаўляў галоўны рэдактар «НЧ» Аляксей Кароль. Гутарка вялася цалкам на беларускай мове, без перакладчыка.
 



Стэфан Эрыксан з Аляксеем Каралём, Уладзімірам Някляевым, Лявонам Баршчэўскім


— Спадар Эрыксан, Вы — першы амбасадар Швецыі ў Беларусі. Ужо праз гэта Вы ўвайшлі ў гісторыю дыпламатыі Швецыі і ў найноўшую гісторыю Беларусі. Ці ўплывае ўсведамленне гэтага факта на Вашу дзейнасць?



— У пэўным сэнсе, уплывае. Тут, так бы мовіць, супалі дзве рэчы. З аднаго боку, гэта мая першая пасада ў якасці амбасадара, а з іншага — я першы амбасадар Швецыі, які стала жыве ў Беларусі. Канечне ж, у Беларусі і раней былі шведскія амбасадары, аднак яны жылі і працавалі пераважна ў Маскве. У такіх новых для мяне акалічнасцях сапраўды хацелася б не толькі адпавядаць усім чаканням і спадзяванням, ускладзеным на мяне іншымі, але і рэалізаваць свае ўнутраныя рэсурсы, безумоўна, на карысць справе.



— Ідэя адкрыцця ў Беларусі амбасады замест консульства ўпершыню была сфармулявана ў 2000 годзе. Прынамсі, мне поруч з Сямёнам Домашам, Андрэем Саннікавым, Жаннай Літвіной, Вінцуком Вячоркам выпала быць у складзе запрошанай шведскім міністэрствам замежных спраў дэлегацыі, з якой гэта пытанне абмяркоўвала тагачасны міністр замежных спраў.



— Я добра памятаю гэты візіт беларускай дэлегацыі. Я тады працаваў у міністэрстве і меў дачыненне да яго арганізацыі.



— Пытанне аб адкрыцці амбасады ў Беларусі абмяркоўвалася ў тым ліку і ў сувязі з ініцыятывай Швецыі аб стварэнні рэгіянальнага саюза прыбалтыйскіх краін, да якога планавалася далучыць і Беларусь. Што азначае для Швецыі Беларусь у кантэксце яе геапалітыкі? І яе рэгіянальнай палітыкі?


— Рэгіянальная палітыка Швецыі вынікае з бачання Паўночнай Еўропы як асобнага рэгіёна ў межах Еўрапейскага Саюза. Гэта ідэя зарадзілася недзе на пачатку 1990-х гадоў. Да таго мы нават і не ведалі добра, што адбывалася там, на іншым баку Балтыйскага мора, за жалезнай заслонай. Патрэбны быў час, каб асэнсаваць усё, што здарылася, і якія з гэтага могуць вынікаць наступствы. На маю думку, сёння мы назіраем самы пачатак развіцця Балтыйскага рэгіёна. І, падобна, у яго ёсць добрыя перспектывы, бо практычна ва ўсіх краінах Паўночнай Еўропы ў наш няпросты час склалася нядрэнная эканамічная сітуацыя.


Думаю, што пэўнай крыніцай натхнення для гэтай ідэі таксама паслужыла гісторыя. Ясна, што гаворка ідзе тут не пра магчымасць аднаўлення Ганзейскага саюза. Аднак тыя традыцыі шчыльнага супрацоўніцтва краін Балтыйскага рэгіёна, што існавалі ў пэўныя гістарычныя перыяды, варта было б адрадзіць на сучаснай аснове. Таму цалкам зразумела, што для Швецыі гэты рэгіён сёння з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў. І паўнапраўнай часткай гэтага рэгіёна Швецыя хацела б бачыць таксама Беларусь, хоць ваша краіна і не мае выхаду да Балтыйскага мора. Але гістарычна, геаграфічна, культурна Беларусь, безумоўна, з’яўляецца яго часткай. І што вельмі важна і ўнікальна, Беларусь, дзякуючы яе геаграфічнаму становішчу, з поўным правам можна таксама аднесці і да іншых рэгіёнаў: цэнтральнага і ўсходняга. Такім чынам, мяркую, што пэўныя крокі да таго, каб Беларусь стала часткай паўночнай рэгіянальнай супольнасці, за гэтыя 10 гадоў былі зроблены.

 



— Ці можна канстатаваць, што саюз прыбалтыйскіх краін склаўся?



— Так, такі саюз насамрэч існуе, ён мае назву Саюза краін Балтыйскага мора. Але гэта толькі адна са структур, дзе абмяркоўваецца супрацоўніцтва ў гэтым рэгіёне. Аднак, я мяркую, самае галоўнае — існуе ўсведамленне таго, што між намі ёсць шмат агульнага, што мы ўсе можам атрымліваць карысць ад такіх стасункаў. У параўнанні з тым, што было 20 гадоў таму і ёсць сёння — прарыў, дынаміка развіцця балтыйскага рэгіянальнага супрацоўніцтва выглядаюць унушальна. Наглядны таму прыклад — паромы, якія раней са Швецыі ішлі толькі на Фінляндыю, а зараз кожны дзень ідуць і на Талін, і на Рыгу. А гэта ж сувязь паміж людзьмі. Сфармаваліся таксама разгалінаваныя эканамічныя і культурныя сувязі, усталявалася супрацоўніцтва паміж грамадскімі арганізацыямі.


— Наколькі Беларусь ужо прысутнічае ў гэтых сувязях?


— Беларусь на сёння знаходзіцца ад Швецыі трошкі далей, чым краіны, якія маюць непасрэдны выхад да Балтыйскага мора. Аднак, як я ўжо падкрэсліваў вышэй, з многіх прычын ваша краіна выступае часткай гэтага рэгіёну. Беларусь ужо прысутнічае ў якасці назіральніка ў пэўных структурах Саюза краін Балтыйскага мора. Але гэта толькі адна з формаў супрацоўніцтва, бо шмат што адбываецца ўнутры Еўрапейскага Саюза. Тут можна весці гаворку і пра праграму «Усходняга партнёрства», і пра новую стратэгію ЕС па рэгіёне Балтыйскага мора.

— Які зараз аб’ём эканамічных сувязяў Швецыі з Беларуссю?

— Наш экспарт у Беларусь складае прыкладна 110 мільёнаў еўра ў год, імпарт вагаецца ў межах 50–80 мільёнаў еўра. Гэта не шмат, але ў параўнанні з сітуацыяй дзесяцігадовай даўніны прагрэс відавочны. У параўнанні з тавараабаротам з краінамі Балтыі Беларусь, канешне, адстае. Аднак патэнцыял для развіцця гандлёвых сувязяў у нас значны.


— Зразумела, што амбасадар ёсць праваднік палітыкі сваёй дзяржавы ў краіне знаходжання. А які зваротны ўплыў Вашай інфармацыі, меркаванняў на выпрацоўку гэтай палітыкі?


— Спадзяюся, што мае меркаванні адыграюць пэўную ролю. Як вы ведаеце, я ўжо далёка не першы год у Беларусі і маю даволі багаты досвед. Таму можна сказаць, што да мяне прыслухоўваюцца. Але ёсць такое паняцце ў дыпламатычнай практыцы, калі гавораць, што дыпламат можа стаць у нейкім сэнсе «мясцовым» і інфармацыя ад яго ўспрымаецца з пэўнай насцярогай. Таму стараюся заставацца па магчымасці аб’ектыўным і не даваць падстаў для такіх меркаванняў.


Але ж вядома, што палітыка любой дзяржавы выпрацоўваецца ў сталіцы. Адсюль я бачу толькі частку агульнага палітычнага ландшафту. А ўся панарама бачная са Стакгольма. А ёсць яшчэ Брусель, ёсць агульная знешняя палітыка Еўрасаюза, у межах якой каардынуе сваю палітыку Стакгольм. Але, безумоўна, меркаванні амбасадараў заўсёды прымаюцца ў ліку асноўных аргументаў для прыняцця рашэння.


— Якраз адзін з перыядаў Вашай дзейнасці ў якасці амбасадара супаў са старшынствам Швецыі ў Еўрасаюзе. Прычым гэтыя паўгода выпалі на час рэалізацыі новай палітыкі ЕС у адносінах Беларусі, так званага дыялогу. Чым гэты перыяд быў адметны для Вас? Якія, на Ваш погляд, плюсы і мінусы дыялогу?


— Паўгода старшынства ў Еўрасаюзе — не такі і вялікі тэрмін, каб пакінуць значны адбітак. І нават не ў тым яго галоўны сэнс. Бо падчас старшынства краіна, якая яго ажыццяўляе, павінна трохі забыцца на свае нацыянальныя прыярытэты і дзейнічаць зыходзячы з агульнаеўрапейскіх інтарэсаў.


У цэлым наша старшынства ў Еўрасаюзе было ацэнена станоўча. Мы працягнулі палітыку дыялогу з Беларуссю, які пачаўся да нас. Хачу падкрэсліць, што дыялог заўжды лепш, чым яго адсутнасць. Але каб ён меў вынікі, павінна быць паразуменне паміж усімі яго ўдзельнікамі. Мы ж, Еўрасаюз і Беларусь, часам усё ж размаўляем на розных мовах. Адсюль і розная ступень паспяховасці нашага дыялогу.


— Якія варыянты магчымага працягу дыялога, яго наступстваў? Сумесны візіт у Беларусь міністраў замежных спраў Германіі і Польшчы, візіт еўракамісара Штэфана Фюле, а да таго прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ даволі неадназначна ўспрыняты як беларускай, так і часткай міжнароднай грамадскасці.


— Я думаю, што падчас такіх візітаў найперш трэба ўважліва прыслухацца да таго, які, так бы мовіць, «мэсідж» нясуць яго ўдзельнікі. Мне падаецца, што той жа Штэфан Фюле як афіцыйны прадстаўнік ЕС дастаткова ясна і дакладна растлумачыў пазіцыю Еўропы, якая заўжды абапіралася і абапіраецца на дэмакратычныя каштоўнасці — правы чалавека, свабоду слова, свабодныя выбары. Канешне, мы прызнаем права СМІ каментаваць такія візіты па-свойму. Аднак мне здаецца, што інтэрпрэтацыя, якую мы часам сустракаем як у дзяржаўных, так і ў недзяржаўных выданнях, часта не зусім адпавядае рэчаіснасці. Таму не вельмі хацелася б трапляць у палон таго сэнсу, якога ў візітах не было.


Аднак нягледзячы на некаторыя складанасці і перашкоды, мы ўсё ж перакананыя, што дасягнуць узаемаразумення мы зможам толькі сродкамі адкрытага дыялогу. І, безумоўна, роля такога дыялогу напярэдадні выбараў павялічваецца.


— Дык што ж будзе пакладзена ў аснову ацэнкі гэтых выбараў — крытэрыі «рэалпалітыкі» ці каштоўнасці?


— Дыялог — гэта абсалютна не тое ж самае, што «рэалпалітыка». І Еўрасаюз ніколі не адмаўляўся ад сваіх каштоўнасцяў, у тым ліку і ў знешняй палітыцы. У кастрычніку былі прынятыя высновы ЕС адносна Беларусі, якія выразна гэта ілюструюць. Тут нічога не мянялася і не зменіцца.


Канкрэтныя ж крытэрыі, па якіх мы можам ацэньваць вынікі выбараў, гэта, перш за ўсё, назіранні і высновы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Назіральнікі з гэтай арганізацыі ўжо прыехалі ў Беларусь.


Што датычыцца першага этапу кампаніі — збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў і іх рэгістрацыі, — дык ён прайшоў, на маю думку, больш свабодна, чым у папярэднія разы. Аднак, нават улічваючы заўважную лібералізацыю на дадзеным этапе, мы цудоўна разумеем, што самае галоўнае наперадзе. Гэта і роўны доступ кандыдатаў да сродкаў масавай інфармацыі, і магчымасць бесперашкоднага правядзення сходаў і сустрэч, і арганізацыя самога працэсу галасавання, у тым ліку датэрміновага. На жаль, як мы ведаем, ЦВК адхіліла тыя прапановы, якія мелі на мэце зрабіць працэс падліку галасоў больш празрыстым. Такім чынам, поўная ацэнка ходу і вынікаў выбарчай кампаніі–2010 магчымая толькі пасля яе завяршэння. І яна, безумоўна, стане прадвызначальнай для далейшага дыялогу з Беларуссю.


— Швецыя — адносна невялікая краіна, але маштаб яе праграм супрацоўніцтва, падтрымкі грамадскіх ініцыятыў у розных краінах, у тым ліку ў Беларусі, уражвае. Чым гэта тлумачыцца?


— У гэтай сферы ў Швецыі ёсць даўнія і ўстойлівыя традыцыі ажыццяўлення праграм супрацоўніцтва. Не толькі адносна Беларусі, але і іншых краін. З чаго гэта вырасла? Мне падаецца, што ў нашым грамадстве ёсць усведамленне, нават вера ў тое, што мы знайшлі нейкі правільны шлях, вынайшлі мадэль дастаткова гарманічнага і справядлівага ўладкавання нашага грамадства, дзякуючы чаму яно дасягнула даволі высокага ўзроўню дабрабыту. Штогод каля аднаго адсотка нашага ВУП накіроўваецца на падтрымку розных праграм у іншых краінах. І калі рухнула Берлінская сцяна, наогул абвалілася жалезная заслона, натуральна, узнік інтарэс да нашых новых суседзяў, узнікла жаданне падзяліцца з імі нашым досведам, дапамагчы нейкім чынам. Былі распачатыя самыя розныя праграмы з удзелам краін Балтыі, з Расіяй, Украінай і таксама з Беларуссю. Адтуль усё і ідзе. Разлік? Калі і ёсць, дык толькі ў зацікаўленасці, каб нашы суседзі жылі таксама ў дабрабыце, у дэмакратыі. Ад гэтага і нам будзе лепей.

 


— Шведская амбасада пад Вашым кіраўніцтвам арганізуе вялікую колькасць рознага кшталту культурных праграм у Беларусі. У чым іх канцэптуальны сэнс? Свайго роду кампенсацыя звужаных магчымасцей наўпроставага палітычнага супрацоўніцтва? Ці культура як самакаштоўнасць — асвета, узаемапаразуменне, духоўнае самаабагачэнне, сродак знаёмства са сваёй краінай?


— Усё, што вы пералічылі, у пэўным сэнсе і ў пэўных суадносінах прысутнічае. Культурныя праекты — гэта значная частка нашых праграм. Прыемна, што наша актыўнасць у гэтай сферы заўважаная.


— Якія з культурніцкіх праграм, рэалізаваных амбасадай у Беларусі, Вы б адзначылі асабліва?


— У мяне шмат улюбёных праектаў. З апошніх назаву выставу твораў з лямцу ў Музеі сучаснага мастацтва. Я ведаў, што гэта шведская традыцыя сугучна беларускай. Але такой велізарнай цікавасці да выставы нават і не чакаў.


Мне вельмі да спадобы ўсе нашы літаратурныя кантакты, якім мы імкнёмся спрыяць. У пераліку вынікаў — выданне некалькіх кніг у перакладзе са шведскай на беларускую. Як жа прыемна было бачыць на прэзентацыі адной з кніг на філфаку БДУ запоўненую студэнтамі вялікую залу! Былі і яшчэ, на наш погляд, удалыя праекты. Звычайна мы не ставім за мэту праводзіць нейкія грандыёзныя культурныя імпрэзы.


— У сэнсе маштабных аднаразовых — так. Але ў вашых праектах ёсць іншая адметнасць — іх бесперапыннасць, адзін праект завяршаецца — пачынаецца новы. Акрамя таго, яны ахопліваюць не толькі Мінск, але і шэраг абласных цэнтраў. Ствараецца эфект іх пастаяннай прысутнасці ў беларускай культурніцкай прасторы. Гэта заўважана не толькі мной. Якія новыя праекты ў планах амбасады?


— Наша канцэпцыя палягае не толькі ў тым, каб прывезці нейкі адзін праект, прадставіць адзін калектыў, аднаго творцу, паказаць — вось гэта наша — і з’ехаць. Гэта, можа, таксама не дрэнна. Але калі прыязджаюць нашы дзеячы і робяць нешта сумесна з беларускімі творцамі, гэта дае іншы плён. Фарміруюцца сталыя творчыя і чалавечыя сувязі. Да гэтага і імкнёмся. З новых планаў у працяг нашых папярэдніх праектаў на наступны год — падрыхтаваная літаратурна-музычная праграма, у якой прагучаць вершы нашых шведскіх паэтаў у беларускім перакладзе на музыку і ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча з аркестрам «Усход-Захад».


— Які ёсць магчымасці пашырыць беларускія культурна-асветніцкія праграмы ў Швецыі? Праз дыпламатыю, праз грамадскія арганізацыі?


— Развіваць эканамічныя сувязі і супрацоўніцтва, безумоўна, вельмі важна. Але поруч абавязкова трэба развіваць і культурніцкія сувязі. Беларусь у сваім культурным багажы мае шмат чаго прапанаваць Швецыі. Для нас, для Еўропы Беларусь найперш за ўсё цікавая сваёй адметнасцю, сваёй культурай. Але культура патрабуе падтрымкі як унутры краіны, так і ў яе пашырэнні за межамі Беларусі, сярод міжнароднай супольнасці.

 

— У чым Ваша матывацыя на вывучэнне беларускай мовы ў краіне, дзе для выканання прафесійных абавязкаў хапіла б і рускай мовы, якой Вы валодаеце дасканала?



— Як вы самі разумееце, ніхто ж мяне не прымушаў яе вывучаць. Перш за ўсё, мне самому было цікава. Але я разумеў і праблемы моўнай сітуацыі ў Беларусі, праблемы з ужываннем беларускай мовы. Таму і паставіў перад сабой задачу вывучыць яе. Рэакцыя, як вы ведаеце, была станоўчая. Аказалася, што акрамя задавальнення свайго ўласнага інтарэсу, я сваім прыкладам хоць у чымсьці пазітыўна паўплываў на стаўленне да беларускай мовы, на падвышэнне яе аўтарытэту. Гэта, безумоўна, мяне натхняе.



— У беларускай гістарычнай памяці захавалася мноства легенд, а на тэрыторыі Беларусі — мясцін, што нясуць на сабе адбітак старадаўніх, часамі складаных і драматычных дачыненняў нашых народаў. Ці не ўтрымліваецца тут знак і падказка для больш інтэнсіўнага супрацоўніцтва — сумесных навуковых даследаванняў, напісання папулярных прац, здымкаў сумесных фільмаў, арганізацыі адпаведных турыстычных маршрутаў?


— Тут ёсць адна асаблівасць. У Беларусі інтарэс да гісторыі ў пэўных колах вельмі вялікі. Ён вынікае з таго, што беларускі народ толькі нядаўна аднавіў сваю дзяржаўнасць, сваю незалежнасць. У Швецыі гэты інтарэс не такі відавочны, ён больш стабільны. Зразумела, што ў нас не было такіх перыядаў, калі гісторыя была пад забаронай. Таму мы з ёй даволі добра знаёмыя і традыцыйна больш глядзім наперад, наша цікавасць па большасці засяроджаны на сучаснасці, на тэндэнцыях яе развіцця ў будучыню. Адно, безумоўна, не павінна выключаць другое. І ў гэтай галіне шмат зроблена, у тым ліку вашым суайчыннікам Андрэем Катлярчуком, які напісаў грунтоўную даследчую працу, абараніў дысертацыю па шведска-беларускіх стасунках у ХVІІ стагоддзі. Думаю, што магчымасці для развіцця супрацоўніцтва па гістарычнай тэматыцы ёсць. Да мяне звяртаецца шмат людзей з адпаведнымі канкрэтнымі прапановамі. Гэта ўсё вельмі цікава. Патрэбен толькі час і адпаведныя высілкі, крок за крокам.


— Ваша камунікабельнасць, шырыня кантактаў з беларусамі ўжо таксама сталіся амаль легендай. Якой Вам уяўляецца Беларусь і яе людзі?



— Беларусь, як краіна і яе людзі — прывабныя. Ужо шосты год ідзе, як я тут жыву. Калі б мне не падабалася, я б тут, відаць, не застаўся. Беларусь мае сваю ўнікальную гісторыю, і ў яе ёсць будучыня, упэўнены — добрая будучыня. Людзі ў пэўнай ступені ёсць вынік гісторыі. У сваёй няпростай, драматычнай гісторыі Беларусь засталася, выстаяла. Атрымаліся добрыя і таленавітыя людзі, нават не зважаючы на ўсе тыя пакуты, што выпалі на іх долю на гэтым скрыжаванні гістарычных шляхоў. Часам у мяне пытаюцца, ці моцна адрозніваюцца беларусы ад шведаў, ад еўрапейцаў. Я не лічу, што моцна. Беларусы для мяне — еўрапейцы, зразумела, як і кожны народ, са сваімі асаблівасцямі.
 

Каментаваць