Стэфан Эрыксан: Няхай іншыя рэдактары не пакрыўдзяцца

Мяне глыбока закранула, калі я даведаўся пра сыход Аляксея Караля. Гэта вялікая страта перш за ўсё для яго родных і сяброў, але таксама для Беларусі.



Я пазнаёміўся са спадаром Аляксеем у 1999 годзе, калі ён прыехаў у Стакгольм разам з прадстаўнікамі розных палітычных партыяў і прыняў удзел у абедзе з нашым міністрам замежных спраў Аннай Лінд. Калі не памыляюся, ён у апошні момант замяніў Міколу Статкевіча, які, здаецца, па нейкай прычыне быў невыязным.

Спадар Аляксей тады ўразіў сваёй інтэлігентнасцю і разважлівасцю. Калі потым мы зноў сустрэліся ў Менску, я яму казаў, што мне яшчэ больш спадабаўся Кароль-журналіст, чым Кароль-палітык. Няхай іншыя рэдактары не пакрыўдзяцца, але я лічу "Новы Час" самай прафесійнай беларускай газетай.

Але, мабыць, больш за ўсё мне падабаецца Кароль-чалавек. Чалавек з вялікай літары, які ўмеў слухаць іншых, які меў сваю прынцыповую пазіцыю, якую спакойна і аргументавана абараняў і даводзіў.

Мне не будзе хапаць яго голасу ў грамадскай дыскусіі ў Беларусі, дзе замест аргументаў часта надта лёгка пераходзяць на асобы.

Насамрэч, спадар Аляксей павінен служыць прыкладам для ўсіх нас. Без павагі да іншых людзей, незалежна ад таго, ці падзяляеш іх погляды, няма дэмакратыі і цывілізаванага грамадства.

Стэфан Эрыксан, былы пасол Швецыі ў Беларусі

Абмеркаванне:

  • Аляксей Хадыка
  • 2015-09-16 15:38:56
"Няхай іншыя рэдактары не пакрыўдзяцца, але я лічу "Новы Час" самай прафесійнай беларускай газетай." Абсалютна дакладна сфармулявана.

Каментаваць