Стомленыя, але няскораныя

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў выйшаў на волю ўвечары 14 красавіка. Раніцай 15 красавіка вязніцу пакінуў і давераная асоба Саннікава на тых выбарах Зміцер Бандарэнка. Суткі для цяпер ужо былых палітвязняў пайшлі на тое, каб убачыць родных і блізкіх і адказваць на незлічоныя тэлефанаванні. 17 красавіка Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка правялі першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю.



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў выйшаў на волю ўвечары 14 красавіка. Раніцай 15 красавіка вязніцу пакінуў і давераная асоба Саннікава на тых выбарах Зміцер Бандарэнка. Суткі для цяпер ужо былых палітвязняў пайшлі на тое, каб убачыць родных і блізкіх і адказваць на незлічоныя тэлефанаванні. 17 красавіка Андрэй Саннікаў і Зміцер Бандарэнка правялі першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю.

Стомленыя, але не скораныя — менавіта такімі мы ўбачылі Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнку, калі яны ўвайшлі ў невялікі для сустрэч са шматлікімі журналістамі пакой у прафсаюзе РЭП, дзе, як кажуць, ужо і яблыку не было дзе ўпасці. Дарэчы, цікавасць да прэс-канферэнцыі экс-палітзняволеных праявілі не толькі незалежныя беларускія і замежныя СМІ, але і дзяржаўны тэлеканал АНТ.

Па словах Змітра Бандарэнкі, умовы ягонага ўтрымання першыя два месяцы ў СІЗА КДБ былі даволі жорсткімі, але ў цэлым лягчэйшымі, параўнальна з тым, у якіх умовах утрымліваўся Андрэй Саннікаў. «Я перасякаўся з людзьмі, якія сядзелі ў камеры разам з Андрэем, і я ведаў, што ў яго ўмовы ўтрымання значна горшыя. Гэта ўвогуле была вялікая драма. Я не ведаю, як бы я сябе паводзіў, калі б ведаў, што мая жонка сядзіць у суседняй камеры. У турме КДБ кіравалі «маскі», ніякай законнасці ўвогуле не было… Нас аднойчы прымусілі паглядзець па тэлевізару сюжэт БТ пра тое, як спрабавалі забраць Даніка Саннікава ад бабулі з дзядулем. Гэта было паказана на ўсю краіну, на ўвесь свет — маўляў, вось ваш кандыдат у прэзідэнты, мы яго можам распяць, можам зрабіць усё, што заўгодна, з яго жонкай і сынам», — паведаміў Зміцер Бандарэнка.

Былы вязень распавёў пра пагрозы згвалтавання і калецтва, пра тое, што ў следчым ізалятары КДБ яго спрабавалі завербаваць, але ён заявіў, што хутчэй скон­чыць жыццё самагубствам, але не пойдзе на гэта. «Беларусь сёння пакрытая сеткай канцлагераў і турмаў, і гэта дзікае відовішча для ХХІ стагоддзя. Там тысячы халодных і галодных людзей, і калі я быў у медчастцы, за гэты час памерлі дванаццаць чалавек, у тым ліку і тыя, з якімі ў мяне наладзіліся добрыя стасункі», — сказаў Зміцер Бандарэнка.

Як распавёў Андрэй Саннікаў, справы складваліся такім чынам, што гаворка ішла пра выжыванне, бо пагроза фізічнага знішчэння яго і астатніх палітвязняў была даволі рэальнай. Дарэчы, раніцай 17 красавіка Саннікава выклікалі ў міліцыю, дзе яго азнаёмілі з умовамі, у якіх ён будзе жыць наступныя восем (!) гадоў. «Судзімасць у мяне застанецца наступныя восем гадоў, — падкрэсліў палітык. — Гэта сведчыць пра тое, якога характару было гэтае памілаванне. Я не ведаю, чаму менавіта такі вялікі тэрмін. Магчыма, таму, што артыкул, па якім мяне асудзілі, лічыцца асабліва цяжкім злачынствам».

Па словах Андрэя Саннікава, ён сапраўды напісаў на імя дзеючага прэзідэнта хадайніцтва аб памілаванні. «Я сапраўды напісаў, што прашу праявіць гуманнасць, мяне памілаваць, і ва ўчыненым раскайваюся. Я зрабіў гэта свядома і каментаваць больш не буду. Адзінае, што магу сказаць, гэта тое, што віны я не прызнаваў, хоць быў ціск у калоніі. Але больш падрабязна я зараз сказаць не магу», — падкрэсліў экс-кандыдат на пасаду кіраўніка Беларусі.

Андрэй Саннікаў адзначыў, што інфармаванасць кантынгенту калоній пра тое, што адбываецца ў краіне, даволі глыбокая. Сядзельцы вельмі добра ведалі, што ён быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. «Надта ж ужо шмат увагі надавалася і з боку адміністрацыі, і з боку зняволеных. Шчыра кажучы, я прыйшоў у жах ад той колькасці людзей, якія сядзяць па несправядлівых прысудах. Хтосьці дабіваўся перагляду прыгавораў, хтосьці дабіваўся таго, каб саджалі следчых. Але я мяркую, што прычына таго, што да мяне сталі ставіцца больш уважліва і ізаляваць ад іншых, палягае ў тым, што я пачаў ставіць гэтыя пытанні публічна. Людзі знаходзяцца ў поўным страху, у поўнай залежнасці ад адміністрацыі калоній, яны проста баяцца пра штосьці казаць», — заявіў былы палітвязень.

Што да сябе асабіста і сваёй будучыні, то Андрэй Саннікаў сказаў: «Я думаю, як жыць далей, таму што тое, што зрабілі з маім асабістым жыццём і жыццём маёй сям’і, — гэта проста жах. Неяк трэба паспрабаваць вярнуць жыццё, а потым разам з жонкай, сынам прымаць рашэнне. Зараз трэба вярнуць жыццё. Разам з жонкай, з сынам».

Па словах удзельнікаў прэс-канферэнцыі, зараз самае галоўнае — дабіцца вызвалення астатніх палітвязняў — экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, лідара зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, былога ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі, маладафронтаўца Эдуарда Лобава, сустаршыні арганізацыйнага камітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, маладых анархістаў.

Міжнародная супольнасць ужо вітала вызваленне з вязніцаў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі. Еўрапейскі саюз настойвае на вызваленні і рэабілітацыі ўсіх палітычных зняволеных. Але ці пойдзе на гэты крок кіраўніцтва Беларусі, вялікае пытанне. Тым больш пасля заяваў кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея аб тым, што патрабаваць і дамагацца нечага ад афіцыйнага Мінска замежным палітыкам і структурам бессэнсоўна.

 

Каментаваць