Страчваецца права папаўняць скарбонку айчыннай спадчыны

Пра гэта 18 ліпеня на прэсавай канферэнцыі ў Мінску заявіў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.



Паводле ягоных слоў, урадавым даручэннем ад 23 сакавіка 2013 прадпісана правядзенне аналізу Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і ўнясенне прапаноў па яго скарачэнні. Гэтая  ініцыятыва падтрымана іншымі дзяржструктурамі, у першую чаргу Камітэтам дзяржаўнага кантролю, пра што сведчыць заявы яго старшыні Аляксандра Якабсона.

Мясцовыя органы ўлады пачалі рыхтаваць прапановы па шэрагу нерухомых матэрыяльных каштоўнасцяўпомнікаў гісторыі і архітэктуры для іх выключэння з дзяржаўнага спісу на пасяджэннях  Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры. Інфармацыя пра такія прапановы паступае з Брэста і Бабруйска (Магілёўская вобласць).

Практычна ўсе прапановы грамадскасці па наданні статуса помнікаў матэрыяльным аб'ектам спадчыны, накіраваныя ў апошні час у Мінкультуры, беспадстаўна блакуюцца чынавенствам ці атрымліваюць неабгрунтаваныя адмовы на пасяджэннях рады.

 

 

 

Гаворка ідзе, між іншым, пра цагляны будынак пачатку 1930-х гадоў былой інфекцыйнай бальніцы Мінскага гета па Кальварыйскай, 3а, дзе ў гады Другой сусветнай вайны знаходзіўся антыфашысцкі цэнтр; драўляны будынак канца XIX - XX стагоддзяў па Валковіча, 23 у Гродна з цудоўным дэкорам на фасадах і шыкоўнымі аздобамі інтэрьеру; будынак XVIII стагоддзя па Вароўскага ў Магілёве. Да гэтай пары рада не разгледзела прапанову таварыства па будынку былой сінагогі канца XIX - пачатку XX стагоддзя ў гарпасёлку Жалудок Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, пададзеную ў верасні мінулага года. Трэба мець на ўвазе, што ў бягучым годзе на шматлікія запыты таварыства па пытаннях аховы спадчыны Мінкультуры адмаўляецца прадастаўляць адпаведную інфармацыю. Астаповіч расцаніў гэта, як намер скараціць дзяржаўны спіс і праводзіць працы на помніках гісторыі і архітэктуры з мінімальным грамадскім кантролем.

Акрамя таго, незаконнымі ўзгадненнямі пад адміністрацыйным уціскам знішчаюцца ці фальсіфікуюцца аб'екты нацыянальнай спадчыны. Гаворка ідзе, дарэчы, пра ўзгадненне радай канцэпцыі рэстаўрацыі Любчанскага замку канца XVI стагоддзя ў Навагрудскім райне Гродзенскай вобласці. Канцэпцыя, падрыхтаваная па замове кіраўніка фонду «Любчанскі замак» Івана Пячынскага без навуковай прапрацоўкі, узгоднена радай пад уціскам міністра культуры Барыса Святлова.

 

 

Такія рашэнні пагражаюць легальным знішчэннем аўтэнтыкі помнікаў пад відам іх рэканструкцыі і рэстаўрацыі, сказаў Астаповіч.  

На ягонае меркаванне, усе гэтыя факты сведчаць пра негатыўныя тэндэнцыі ў галіне аховы помнікаў, у тым ліку — пра частковае выкананне дзяржаўнымі органамі артыкула 3 закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Ён вызначае, што дзяржаўная палітыка ў сферы зберажэння помнікаў павінна грунтавацца на прызнанні спадчыны фактарам развіцця дзяржавы, яе адказнасці за захаванне і аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей, іх утрыманне і выкарыстанне з улікам неабходнасці безумоўнага захавання адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей аб'ектаў спадчыны.

Сярод матываў планаў скарачэння дзяржаўнага спісу каштоўнасцяў Астаповіч назваў эканамічны і карупцыйны інтарэсы. На ягоную думку, грамадскасць павінна не спыняцца ў высілках па ахове спадчыны, агучваць сваю пазіцыю, абскарджваць дзеянні дзяржаўных службоўцаў і прыцягваць іх да адказнасці.  

Каментаваць