Страшэнная памылка выканаўцы

Збіты над Украінай малазійскі «Боінг» абыдзецца вельмі дорага не толькі Расіі. Усё горш і горш будзе Беларусі, бо мы «завязаныя» на расійскую эканоміку. А яшчэ, магчыма, свет так і не атрымае вакцыну ад СНІДу.



У выніку трагедыі ў небе над Данбасам загінулі 298 чалавек. Асноўная версія — самалёт быў збіты тэрарыстамі «Данецкай народнай рэспублікі» з дапамогай расійскага супрацьпаветранага комплексу «Бук-М1» і расійскіх спецыялістаў. Відавочна, што новых абгрунтаваных версій больш не з’явіцца.

Падаецца, што «Боінг» быў збіты не спецыяльна. Гэта была «памылка выканаўцы», — таго, хто націснуў кнопку «пуск». Тэрарысты атрымалі інфармацыю, што прыкладна тым жа курсам будзе пралятаць украінскі вайсковы транспартнік АН-26. Пацэліць меркавалі менавіта ў яго, але, як сведчыць былы наводчык такога комплексу Іван Шыла, «грамадзянскія» самалёты засекчы значна прасцей, і лёгка памыліцца.

Напэўна, немалую ролю ў фатальнай памылцы згуляла «логіка вайны». Відавочна, што аператары «БУК-М1» знаходзіліся пад уплывам гэтай логікі: «Спачатку страляй, потым разбірацца будзеш, куды патрапіў». Такая пункт гледжання згуляў вызначальную ролю ў трагедыі. І нездарма на запісе перахопленых СБУ перамоваў тэрарыстаў чуваць, як яны ўжо на месцы трагедыі шакаваныя, што збілі грамадзянскі борт.

«Выварачанасць» гэтай логікі прадэманстравалі і далейшыя паводзіны так званых «байцоў ДНР», якія перашкаджалі працаваць на месцы трагедыі міжнародным экспертам і экспертам АБСЕ. Увогуле, ДНРаўцы не ўспрымаюць АБСЕшнікаў інакш, як закладнікаў, якіх можна абмяняць на «сваіх».

З гэтай «выварачанай свядомасцю» Расія яшчэ зморыцца. Нягледзячы на ўсе заклікі і просьбы Пуціна не чыніць перашкодаў міжнародным следчым у зоне падзення «Боінга», спароджаныя Расіяй жа тэрарысты не вельмі паслухаліся свайго, нібыта, «гаспадара». «Чалавек з ружжом» звык быць галоўным на сваёй тэрыторыі, а Пуцін — далёка. Ад таго і з’явіліся п’яныя ДНРаўскія «назіральнікі за працай экспертаў» з аўтаматамі і пастрэльваннем у паветра над галовамі следчых. Падаецца, што Пуцін ужо сам не вельмі і кантралюе таго джына, якога выпусціў з бутэлькі.

Наступствы збіцця «Боінга» ва Украіне будуць глабальнымі. Яны ўжо вельмі балюча ўдарылі па эканоміцы Расіі. Фінансавае інфармагенцтва Bloomberg нават выдала загаловак, што Расія паўстала на шлях дэфолту. Самыя песімістычныя прагнозы напачатку ўкраінскага канфлікту, што з-за санкцый і адтоку капіталу за 2014 год Расія страціць $200 мільярдаў, выглядаюць цяпер нават занадта аптымістычнымі. Па дадзеных таго ж Bloomberg, толькі за адзін мінулы тыдзень інвестарамі з расійскага рынку было выведзена каля $47 мільярдаў.

І гэта тады, калі Захад яшчэ не ўводзіў паўнавартасныя сектаральныя санкцыі да расійскіх прадпрыемстваў і банкаў.

Як трагедыя з «Боінгам» адаб’ецца на Беларусі? Нам будзе ўсё горш і горш, бо мы «завязаныя» на расійскую эканоміку. Найперш, па меркаванні эканаміста Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярыны Барнуковай, пацерпіць наш экспарт у Расію. Проста там не будзе грошай, каб набываць нашы інавацыйныя тавары. Да таго ж, мы на парозе «гандлёвай вайны» з Украінай — нашым трэцім па велічыні эканамічным партнёрам пасля Расіі і ЕС. Беларускія ўлады ліцэнзавалі ўвоз украінскага піва і кандытарскіх вырабаў, а ўкраінцы адказалі тым, што ўвялі спецыяльныя мытныя пошліны на шэраг беларускіх тавараў.

Па меркаванні эканаміста Барыса Жалібы, Беларусь могуць закрануць і «банкаўскія санкцыі». У нас багата банкаў з расійскім капіталам: той жа «Белгазпрамбанк» — «дачка» «Газромбанка», «Альфа-банк» і іншыя. «Белгазпрамбанк», напрыклад, актыўна працуе з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. І з боку партнёра можа быць абмежаванне крэдытаў. Усё гэта можа абярнуцца дэфіцытам крэдытных рэсурсаў для яго, а таксама для «Белзнешэканамбанка»

І не трэба забывацца: вайна — справа дарагая, яна патрабуе вялікіх грошай. Не ведаю, колькі каштуе Расіі тая тэхніка і зброя, што метадычна падкідваецца баевікам і якую рэгулярна знішчае ўкраінскае войска. Але факт, што абяцаны Пуціным яшчэ напачатку мая крэдыт у $2 мільярды «пад ЕАЭС» так у Беларусь і не прыйшоў.

А што будзе, калі Bloomberg мае рацыю, і Расія атрымае дэфолт? Гэта мы праходзілі ў 1998 годзе. Тады беларускі рубель абясцэніўся амаль у 2,5 разы. Да кіравання Нацбанкам прыйшоў Пётр Пракаповіч, які ўвёў у абарачэнне разліковы білет вартасцю ў паўмільёна рублёў. А на харчовым рынку ў Беларусі з’явіўся дэфіцыт звычайных прадуктаў. Памятаеце знакамітыя выслоўі Аляксандра Рыгоравіча: «Толькі ўзяўся за яйкі — масла знікла»? Альбо: «У беларуса на стале павінны быць нармальныя чалавечыя яйкі»? Гэта ўсё адтуль, з 1998-га.

Але нашы будучыя эканамічныя страты — дробязь у параўнанні з тым, што з-за «памылкі выканаўцы» не атрымала ўсё чалавецтва. Нездарма некаторыя СМІ напісалі, што разам з «Боінгам» была збітая «вакцына ад СНІДу». Гэтым рэйсам на навуковую канферэнцыю ў Мельбурн ляцелі сусветна вядомыя адмыслоўцы ў барацьбе з ВІЧ. СМІ сярод іх вылучылі Юла Ланге — 60-гадовага доктара з сусветным імем, які ўсё жыццё прысвяціў вывучэнню ВІЧ-інфекцыі, ад самага пачатку яе ўзнікнення.

Па меркаванні канадскага адмыслоўцы па барацьбе з ВІЧ Трэвара Стрэтана, да стварэння лекаў ад СНІДу тым, хто ляцеў злапомным рэйсам, «заставалася зусім нічога».

«Мы страцілі сусветных лідараў, а таксама некаторых перспектыўных маладых навукоўцаў. Гэта вельмі цяжкая страта», — сказаў прафесар Рычард Бойд, дырэктар лабараторыі «Монаш». Зараз у барацьбе са СНІДам мы адкінутыя назад гадоў на трыццаць.

Абмеркаванне:

  • Марина
  • 2014-07-30 12:41:13
По всему видно - до "Страшного суда" и второго пришествия - рукой подать...

Каментаваць