Страта для суверэннай Беларусі

Адыход у вечнасць светлай памяці Аляксея Караля — вялікая страта для суверэннай Беларусі. Для мяне асабіста сыход Аляксея Сцяпанавіча — балючая страта.



Высока цаніў яго перад усім як гісторыка. Гэта спадар Аляксей вярнуў нам добрае імя Усевалада Ігнатоўскага, славутага гісторыка і палітыка, па падручніку якога пазнавала гісторыю моладзь 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў час актыўнага станаўлення беларусаў як нацыі, якое тады інтэнсіўна адбывалася ў савецкай і падпольскай Заходняй Беларусі.

Аляксей Кароль шмат зрабіў для станаўлення ў постсавецкай Беларусі дэмакратычная перыядычнага друку. Спачатку заснаваў і выдаваў газету сацыял-дэмакратаў «Згода», цягам года пераадольваў бюракратычныя прыпоны, каб аднавіць заснаваную Кастусём Тарасавым газету «Новы Час». Патрапіў зрабіць яе аўтарытэтным выданнем. Найбліжэй мы сышліся з Аляксеем Каралём за перыяд яго рэдагавання гэтай газеты: сустракаліся, гаварылі. Пераканаўся, які гэта светлы быў чалавек, шырока арыентаваны ў грамадска-палітычных і культурных рэаліях, аб’ектыўны ў ацэнцы людзей.

Ці не галоўная рыса яго характару — быў дзейны і плённы ў сваёй працы. Сардэчнай дабрыні чалавек. Адданы сын свайго народу. Глыбока зацікаўлены ў яго дэмакратычнай будучыні, нацыянальнай незалежнасці, беларускай дзяржаўнасці. Толькі ў іх бачыў перспектыву поўнага раскрыцця духоўнага, творчага патэнцыялу свайго народа.

Схіляю галаву перад памяццю і выказваю глыбокія спачуванні родным і блізкім спадара Аляксея.

 Арсень Ліс, доктар філалагічных навук, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў

Каментаваць