Страты перад святам

Вось і надышоў «масленічны тыдзень». Ёсць нагода пацешыць сябе блінамі, а 14 лютага, у нядзелю, «праводзіць зіму», якая, здаецца, пакуль нікуды сыходзіць не збіраецца. Але калі ў надвор’і істотных зменаў не назіраецца, то палітычны «градус» у краіне ўзрастае, як на дрожжах. У адсутнасць у краіне прэзідэнта, улады зноўку «напаролі касякоў», ствараючы канфлікты там, дзе іх быць не павінна.



Вось і надышоў «масленічны тыдзень». Ёсць нагода пацешыць сябе блінамі, а 14 лютага, у нядзелю, «праводзіць зіму», якая, здаецца, пакуль нікуды сыходзіць не збіраецца. Але калі ў надвор’і істотных зменаў не назіраецца, то палітычны «градус» у краіне ўзрастае, як на дрожжах. У адсутнасць у краіне прэзідэнта, улады зноўку «напаролі касякоў», ствараючы канфлікты там, дзе іх быць не павінна.

Набліжаецца да старту паўнавартасная кампанія па мясцовых выбарах. На тыдні стала вядома, што ў склад акруговых выбарчых камісій уключаны 72 прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партый. Гэта 48 чалавек ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 14 — Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 6 — Партыі БНФ, 3 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, 1 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Гэта параўнальна высокі вынік адносна ўключэння апазіцыянераў у тэрытарыяльныя камісіі. Але калі ўлічыць, што ўсяго ў склад 367 акруговых камісій уключаны 4 542 чалавекі, то гэта толькі паўтара працэнты. Для параўнання, у склад акруговых выбарчых камісій увайшлі 319 прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання «Белая Русь», 332 — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, 218 — Беларускага саюза жанчын, 225 — Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, 701 — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Гэта зноў дазволіла дэмакратычнай грамадскасці казаць пра тое, што мясцовыя выбары пройдуць па старым сцэнары, і дэпутаты будуць прызначацца, а не абірацца. Хаця, здавалася б, чаму не дапусціць апазіцыянераў да мясцовых саветаў, якія не маюць канкрэтных паўнамоцтваў і нічога не вырашаюць. Дык не, нават добры твар перад Еўропай улады зрабіць не жадаюць.

Таксама можна ўявіць, як зараз крые матам нядбайных беларускіх чыноўнікаў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Толькі збіраўся ён з’ездзіць у Польшчу 12 лютага, абмеркаваць там з калегамі свае пытанні, закупіцца да Дня святога Валянціна падарункамі сваім любімым жанчынам, і тут — на табе! 8 лютага ў Дом польскі прыбылі судовыя выканаўцы ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі — усяго прыкладна 20 чалавек. Яны паказалі пастанову, згодна з якой кіраўніцтва Дома польскага незаконна завалодала чужой маёмасцю, і запатрабавалі ад усіх, хто знаходзіўся ў будынку, вызваліць яго для правядзення вопісу маёмасці.

Як вынік — пасол Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін адкліканы ў Варшаву. Пасол Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў польскае МЗС — польскі бок выказаў яму сур’ёзную занепакоенасць дзеяннямі беларускіх праваахоўных органаў у дачыненні да Дома польскага. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што мае намер «па-мужчынску» пагутарыць са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым падчас візіту апошняга ў Варшаву.

Польская апазіцыйная партыя «Права і справядлівасць» (ПіС), якую ўзначальвае Яраслаў Качыньскі, брат-блізнюк прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, звярнулася да міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага з патрабаваннем адмяніць візіт Сяргея Мартынава. Акрамя гэтага, ПіС заклікае прэм’ер-міністра Дональда Туска звярнуцца ў ЕЗ з прапановай пра накладанне на Беларусь гандлёвага эмбарга. Прэзідэнт Польшчы асабіста выступіў з заявай, у якой цалкам падтрымаў Саюз палякаў Беларусі, якім кіруе Анжаліка Борыс, адзначыўшы, што беларускія палякі «ўвесь час церпяць неабгрунтаваныя рэпрэсіі».

Такім чынам, замест прыемнага піцця гарбаты ў Мартынава будзе жорсткая «мужчынская» размова. Спадзяемся, да бойкі не дойдзе, але шопінг Мартынаву будзе сапсаваны дакладна.

Непрадуманая антыалкагольная палітыка нанесла страты беларускім піваварам, якія на тыдні лічылі свае страты. У выніку забароны на продаж піва ў кіёсках на прыпынках грамадскага транспарту беларуская піўная прамысловасць страціла да 30 працэнтаў агульнай рэалізацыі прадукту. Такую лічбу назваў генеральны менеджэр кампаніі Heineken у Беларусі Аляксей Чарняеў.

Паводле яго слоў, для збыту піва існуе некалькі каналаў. «Канал рэстаранаў і бараў у Беларусі зусім не развіты. Канал дробнарознічнага гандлю ў кіёсках быў развіты, але пасля забароны продажу там піва беларуская піўная прамысловасць страціла да 30 працэнтаў агульнай рэалізацыі прадукту. Тым больш, што ў кіёсках у асноўным прадавалі айчыннае піва — імпарту там было няшмат», — адзначыў Чарняеў.

Якім чынам піўная галіна можа кампенсаваць гэтыя страты ў найбліжэйшы час, акрамя адмены забароны на гандаль півам у шапіках, Чарняеў пакуль не ўяўляе. «Нам прапануюць весці дробнарознічны гандаль у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах: устанаўліваць столікі, палаткі, «грыбочкі» і гэтак далей. Але ўстаноўка такіх аб’ектаў патрабуе або ліцэнзавання, або ўзгаднення ў Мінгарвыканкаме, а як гэта зрабіць — невядома, паколькі такі механізм не прапісаны», — паведаміў Чарняеў.

Ён таксама сумняваецца, што ўзмацненне адказнасці за распіццё піва ў грамадскіх месцах дасць станоўчы вынік. «Усе півавары згаджаюцца з тым, што найбольшае падзенне рэалізацыі піва адбываецца тады, калі ўводзяцца нейкія забароны, як гэта было з забаронай на продаж піва ў кіёсках», — адзначыў Чарняеў.

Тым часам нашы дэпутаты па-ранейшаму заклапочаны «завінчваннем гаек». У Палаце прадстаўнікоў створана рабочая група па падрыхтоўцы змяненняў у закон «Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай прадукцыі, нехарчовага этылавага спірту» і прадукцыі з утрыманнем спірту.

Як паведаміў старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі ніжняй палаты парламента Алег Вялічка, законапраект прадугледжвае павелічэнне ўзроставай планкі для асобаў, якім забаронена набываць алкагольныя напоі, з 18 да 21 года. У працоўную групу ўваходзіць 21 асоба — прадстаўнікі парламента, зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Плануецца, што законапраект будзе распрацаваны і афіцыйна ўнесены ў Палату прадстаўнікоў у маі гэтага года.

Добра ўладкаваліся нашы дэпутаты! 21 чалавек будзе атрымліваць заробак да мая за тое, што заменіць у дзейсным законе лічбу «18» на лічбу «21»! Проста каб зрабіць звычайную глабальную замену ў дакуменце, што любы карыстальнік камп’ютэра зробіць за хвіліну, дэпутаты будуць атрымліваць заробак тры месяцы. Мне б такую працу.

Каментаваць