Студэнт са сваёй ініцыятывы бясплатна агучыў па-беларуску назвы прыпынкаў у Слоніме

З нядаўняга часу прыпынкі грамадскага транспарту ў Слоніме абʼяўляе голас студэнта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы ды карэспандэнта гарадскога тэлеканалу «ГорадняПлюс» Змітра Якубоўскага.
Зміцер Якубоўскі. Фота gs.by

Зміцер Якубоўскі. Фота gs.by

Малады чалавек зрабіў гэта абсалютна бясплатна, з уласнай ініцыятывы.

«Гэтую ідэю я выношваў даўно, – распавядае Зміцер. – Калі ездзіў па Слоніме на аўтобусах, заўважыў, што абвяшчаюць прыпынкі розныя дыктары. Сядаеш у адзін аўтобус – кажа дзяўчына, у іншым абʼяву робіць мужчына на расейскай мове, сядаеш на наступны маршрут – кажа яшчэ адзін мужчына, ужо на беларускай мове і з некаторымі недакладнасцямі. Ад гэтага было крыху не па сабе.

Захацелася ўсё гэта зрабіць правільна і на беларускай мове, бо ў шмат якіх гарадах краіны ў грамадскім транспарце пасажыраў інфармуюць людзі з добра пастаўленым голасам па-беларуску. А яшчэ я гэта зрабіў дзеля малодшага брата, які ў гэтым годзе пайшоў у 1-ы клас. Ён дабіраецца да школы на аўтобусе, а праз тое, што я вучуся ў Горадні, удалечыні ад сямʼі, я вельмі хацеў, каб мой голас нагадваў яму пра мяне. Нібы я побач з ім».

Так Зміцер Якубоўскі са сваёй ідэяй агучкі прыпынкаў грамадскага транспарту прыйшоў да дырэктара аўтапарку № 3 Мікалая Скока. Той уважліва выслухаў і ўхваліў.

«Пасля гэтага я звярнуўся да выкладчыцы беларускай мовы СШ № 8 Ірыны Ганісеўскай, – распавядае Зміцер. – Яна дапамагла перакласці назвы ўсіх прыпынкаў Слоніму на беларускую мову. Мы абмеркавалі з Ірынай Пятроўнай правільнае вымаўленне».

А ў студыі гуказапісу СШ № 8 (гэта родная школа Змітра) на прафесійным узроўні быў зроблены запіс. У выніку голасам хлопца было агучана больш за 80 прыпынкаў – усе яны гучаць на беларускай мове.

Голас Змітра ў грамадскім транспарце ўжо пазнаюць ягоныя знаёмыя, блізкія людзі. Малады чалавек сказаў, яму вельмі прыемна ўсведамляць, што ён суправаджае свайго малодшага брата ў шляху ад дому да школы і назад.

«Шмат хто тэлефанаваў, пісаў у сацыяльных сетках пра тое, што чулі мяне ў аўтобусах, – кажа Зміцер. – Я задаволены праведзенай працай. Аднак няма мяжы дасканаласці. Я аналізую сваю працу і бачу свае хібы».
А неўзабаве ва ўніверсітэт, дзе вучыцца хлопец, прыйшло пісьмо з падзякай ад аўтапарку № 3 за подпісам дырэктара Мікалая Скока. Кіраўнік прадпрыемства ад сябе асабіста, а таксама ўсіх землякоў-слонімцаў выказаў словы падзякі актыўнаму студэнту.

Паводле belsat.eu

Каментаваць