Ствараецца камітэт бацькоў дабраахвотнікаў, што ваююць ва Украіне

Новая арганізацыя з’явіцца ў Беларусі. Бацькі маладых нашых суайчыннікаў, што ваююць ва Украіне на баку ўкраінскай арміі, збіраюцца дамагацца вяртання правоў сваіх дзяцей, якіх сёння дзяржава гатова ўспрымаць як парушальнікаў крымінальнага заканадаўства.


Каардынатар «Камітэта бацькоў дабраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне» праваабаронца Наталля Гарачка-Басалыга распавяла, што сама была ў зное Антытэрарыстычнай аперацыі, таму добра ведае сітуацыю. Яна гутарыла з тымі маладымі  беларусамі, што ваююць на баку ўкраінскай арміі, і таму ў камітэце будзе прадстаўляць інтарэсы бацькоў тых хлопцаў, імёны якіх пакуль па зразумелых прычынах не раскрываюцца.

«Камітэт трэба ствараць ужо з той прычыны, што хлопцы не могуць вярнуцца на радзіму, — кажа праваабаронца. — Яны не здзяйснялі нічога супрацьзаконнага, дзейнічалі адпаведна як міжнародных законаў, так і нашых, не пераступалі іх парог. Аднак, у зканадаўства нядаўна былі ўведзены папраўкі, якія даюць магчымасць іх пераследаваць і не даюць ім магчымасці вярнуцца на радзіму. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб адмяніць гэтыя папраўкі і дзейнічаць у адпаведнасці з Канстытуцыяй, Крымінальным кодэксам Беларусі ды іншымі заканадаўчымі актамі без залішніх паправак».  

Прамоўца адзначыла, што ў бацькоў тых ваюючых ва Укріане хлопцаў, пра якіх стала вядома ўладам, былі праведзены ператрусы, канфіскавана маёмасць. «Таксама працягваецца ўціск і пераслед сяброў гэтых маладзёнаў», — адзначыла Наталля Гарачка-Басалыга.


Сын Віктара Мельнікава Ян змагаецца ва Украіне. Віктар Мельнікаў (а ён разам з Наталляй Шаўлюкевіч, маці ваяра пад пазыўным «Зубр», з’яўляецца сустаршынём камітэта) кажа, што да ўдзелу ў гэтай арганізацыі яго падштурхнула «невыносная сітуацыя, калі па жаданні аднаго чалавека — Аляксандра Рыгоравіча — нахрапам мяняецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта артыкул КК РБ аб наёмніцтве і тэрарызме». «Зараз гэты артыкул супярэчыць усім міжнародным актам, якія падпісала Беларусь, еўрапейскім нормам і нават расійскаму заканадаўству. З гэтай сітуацыяй трэба нешта рабіць, хтосьці мусіць пачынаць, бо далей так працягвацца не можа», — лічыць спадар Мельнікаў.

Наталля Шаўлюкевіч падкрэсліла, што яе сын («Зубр») — дарослы чалавек, ніхто яго туды не заганяў сілаю. «Я — ягоная маці, я яго люблю і адмаўляцца ад яго не збіраюся. У нас таксама быў ператрус, забралі кампутар, а мяне невядомыя збілі ў лесе, і злачынцаў ніхто не знайшоў. Так, я запалоханая, але я збіраюся ісці наперад», — паабяцала жанчына.

Алена Скобля, чый сын Аляксей таксама ваюе ў зоне АТА, распавяла, што ён успрымаў Украіну як вельмі добрую суседку, таму і прыняў рашэнне адправіцца туды, каб «змагацца з агрэсарам». «Ні вітаць, ні асуджаць такое рашэнне — не ў маімі праве, Аляксей дарослы чалавек, такі вось шлях ён для сябе абраў. І да нас прыходзілі з ператрусам нават праз год пасля таго, як сын з’ехаў ва Украіну. Забралі мой планшэт, хоць я казала, што Аляксай ніякага дачынення да яго не меў. Тым не менш, мне планшэт не вярнулі да гэтага часу, хоць я ўжо некалькі разоў звярталася ў адпаведныя органы. На апошні мой зварот нават не паследвала адказу», — паведаміла Алена Скобля.

Зараз, паводле Наталлі Гарачкі-Басалыгі, ёсць намер ужо да канца месяца афіцыйна зарэгістраваць арганізацыю, фармат якой яшчэ вызначаецца. Да таго ж рыхтуюцца звароты да адпаведных чыноўнікаў і дэпутатаў, каб паспрыяць змяненню заканадаўства ў тым наікрунку, каб добраахвотнікі з Беларусі, якія афіцыйна змагаюцца на баку ўкраінскага войска і маюць адпаведныя пасведчанні, маглі спакойна вярнуцца дадому, не падпадаючы пад крымінальны пераслед. На спрыянне ў вырашэнні гэтага пытання арганізатары спадзяюцца на амбасаду Украіны ў Беларусі і нават прэзідэнта гэтай дзяржавы Пятра Парашэнку.        

Дарэчы, як распавёў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, у пятніцу ранкам стала вядома, што пракуратура Беларусі і Міністэрства ўнутраных справаў краіны расшукваюць лідэра «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў» Марыну Хоміч за арганізацыю канцэрта памяці Алеся Чаркашына, які быў нават не вайскоўцам, а капеланам, і загінуў ва Украіне. Па словах Севярынца, заяву ў пракуратуру пасля канцэрта падала прарасійская арганізацыя «Русь маладая» (Румол), і цяпер «за прапаганду наёмніцтва» пераследуюць арганізатараў той імпрэзы.

Тым часам, 27 верасня на магіле Алеся Чаркашына пад Брэстам будзе ўсталяваны помнік і пройдзе жалобная імпрэза.    

Абмеркаванне:

  • Иван
  • 2016-09-24 21:23:56
Ну что ж, если родители не видят ничего ненормального в том, что их детки поехали убивать других деток, то у меня слов нет. В тумане взрослые, в тумане детки ... Дай Бог в вашем доме Одесский Дом Профсоюзов и мирное небо Луганска.

Каментаваць