Створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН РБ).



Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры створаны ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН РБ).


Пра гэта карэспандэнту “Новага часу стала вядома з кампетэнтных акадэмічных крыніц. Згодна з пастановай прэзідыума НАН РБ ад 28 красавіка, акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы далучаецца да акадэмічнага Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ), а потым на іх базе будзе створаны Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Айчынныя моваведы і літаратуразнаўцы непакояцца тым, што як асобная навуковая ўстанова ў краіне знікне акадэмічны Інстытут мовы і літаратуры, які займаўся фундаментальнымі даследаваннямі ў галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, падрыхтаваў і выдаў шэраг грунтоўных знакавых прац, у тым ліку этымалагічны і гістарычны слоўнікі, Атлас беларускай мовы і Дыялектны атлас беларускай мовы. З ліквідацыяй гэтай навуковай установы існуе пагроза таго, што беларуская мова і беларуская літаратура застануцца без сур’ёзнай навуковай падтрымкі. Разам з тым, у нашых суседзяў Расіі і Украіны дзейнічаць па некалькі акадэмічных устаноў такога кшталту. Акрамя таго, улічваючы эканамічныя цяжкасці ў краіне, навукоўцы выказваюць небяспеку, што далучэнне да ІМЭФ прывядзе да значнага скарачэння навуковых супрацоўнікаў, у першую чаргу — Інстытута мовы і літаратуры.


У каментары “Новаму часу акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН РБ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя адзначыў, што пакуль не прынята рашэнне аб тым, якія інстытуты ўвойдуць у Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Паводле ягоных слоў, разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку і далучэнне Інстытута мовы і літаратуры да ІМЭФ. “Пакуль ідзе прапрацоўка і ўзгадненне гэтага пытання, бо ёсць розныя ідэі, думкі і меркаванні. Але галоўнае для нас — захаваць асноўныя напрамкі даследаванняў і вядучых беларускіх вучоных, — падкрэсліў Каваленя.


Як раней паведамляў “Новы час, 3 мая падчас прэсавай канферэнцыі ў Мінску па пытаннях карэннага рэфармавання навуковай сферы краіны галоўны вучоны сакратар НАН РБ, член-карэспандэнт, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Сяргей Кілін распавёў, што 28 красавіка прэзідыум НАН РБ вырашыў стварыць у акадэміі Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Паводле ягоных слоў, падчас рэформы мяркуецца падвысіць узровень фінансавання навуковых даследаванняў. Сярод галоўных мэтаў рэформы Сяргей Кілін назваў аптымізацыю і падвышэнне эфектыўнасці дзейнасці акадэмічнай і ўніверсітэцкай навук. “Прычым фундаментальна-прыкладныя навуковыя даследаванні павінны праводзіцца толькі тымі навукоўцамі, якія маюць сваю навуковую школу і вынікі сусветнага ўзроўню. А ўсе астатнія навукоўцы і навуковыя ўстановы пройдуць праз атэстацыю — інвентарызацыю ідэй і людзей, — сказаў Кілін.
 

Каментаваць