Створаны Нацыянальны аргкамітэт па святкаванні 500-годдзя Вялікай перамогі пад Оршай

Зацверджаны склад аргкамітэта па святкаванні 500-годдзя Вялікай перамогі пад Оршай, яго эмблема і падрыхтаваны папярэдні спіс святочных мерапрыемстваў.



У склад аргкамітэта ўваходзяць доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч, сябра Беларускага саюза мастакоў Мікола Купава, доктар гістарычных навук Юрась Бохан, доктар гістарычных навук, прафесар Міхась Гурын, палітолаг Алесь Жучкоў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, першы намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, бард Андрэй Мельнікаў, сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Валеры Герасімаў, пісьменнік Усевалад Сцебурака, пратаіярэй Мінскай царкоўнай акругі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч. Ачоліў аргкамітэт доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч. Спіс сябраў аргкамітэта адкрыты. Да працы аргкамітэта могуць далучацца іншыя людзі.

У межах адзначэння 500-гадовага юбілею славутай перамогі пад Оршай запланаваныя правядзенне напрыканцы траўня міжнароднай навуковай канферэнцыі, нацыянальнай выставы Беларускага саюза мастакоў у верасні, святкавання 500-гадовага юбілею ў Воршы і шэраг іншых мерапрыемстваў у Беларусі, Літве і Польшчы. Як паведаміў намеснік старшыні аргкамітэта мастак Мікола Купава, цягам году пад эгідай аргкамітэта будуць выдавацца юбілейныя выданні, тэматычныя паштоўкі, плакаты, календары ды выпускацца іншая сувенірная прадукцыя.

У юбілейны год аргкамітэт будзе дабівацца ад уладаў горада Орша увекавечвання памяці гетмана ВКЛ князя Канстанціна Астрожскага і герояў Аршанскай бітвы Юрыя Радзівіла і Івана Сапегі ў гарадской тапаніміцы. У прыватнасці, будзе прапанавана назваць імёнамі герояў цэнтральныя вуліцы горада, а таксама  паставіць помнік Канстанціну Астрожскаму. Адпаведныя лісты ўжо падрыхтаваныя ў Аршанскі раённы Савет дэпутатаў.

Сябры аргкамітэта таксама падрыхтавалі ліст міністру абароны Юрыю Жадобіну з прапановай Мінскую Сувораўскую вайсковую вучэльню перайменаваць у Мінскі вайсковы каледж імя Канстанціна Астрожскага; адной з брыгад Беларускай Арміі надаць імя К. Астрожскага, адлюстраваць гэта на нагрудных значках і шэўронах; ад імя Міністэрства абароны Беларусі выйсці ва ўрад краіны з ініцыятывай заснавання Ордэна Канстанціна Астрожскага.

Аргкамітэт з удзячнасцю гатовы прыняць любую дапамогу на падрыхтоўку і арганізацыю чыннага адзначэння важнейшай для выспявання беларускай нацыі гістарычнай даты. арганізацыі, фірмы, прадпрыемствы, супольнасці, якія выступяць фундатарамі высакароднай справы, а таксама індывідуальныя ахвярадаўцы будуць адзначаны аргкамітэтам. Па арганізацыйных пытаннях можна звяртацца па тэлефонах: (+37529)5513236 (Мікола Купава) і (+37529)7090992 (Алесь Жучкоў).

Нагадаем, 8 верасня 2014 года спаўняецца 500 гадоў Вялікай перамогі пад Оршай беларускага войска над маскоўскім. Адна з найбуйнейшых на тэрыторыі Еўропы ў пачаткуXVI стагоддзя бітва пад Оршай стаіць у шэрагу такіх пераможных бітваў, як разгром ворагаў ВКЛ на Сініх Водах і вызваленне Украіны ад татарскага ярма (1362 г.), бітва пад Грунвальдам (1410 г.), бітва пад Улай (1564 г.), бітва пад Кірхгольмам (1605 г.).

Аршанская перамога над войскам Маскоўскай дзяржавы была па ўсіх паказніках бліскучай. 30-тысячная армія ВКЛ цалкам разграміла 80-тысячнае войска Маскоўскай дзяржавы. 40 тысячаў маскоўцаў было забіта, узята ў палон 5 тысячаў баярскіх дзяцей і іншых ваяўнікоў, у тым ліку 10 вайскаводцаў, сярод іх і два вышэйшыя ваяводы — Іван Чаляднін і Міхаіл Булгакаў-Голіца. Безумоўна, гэтая перамога паказала, што ў 1514 годзе беларускае шляхецкае войска было выдатна падрыхтаванае, бліскуча сябе паказала артылерыя, якая фактычна стала асноўным фактарам перамогі.

Перамога ў бітве пад Оршай дала Вялікаму Княству Літоўскаму магчымасьць вярнуць захопленыя супраціўнікам Дуброўна, Мсціслаў і Крычаў і надоўга адбіла ахвоту усходніх агрэсараў квапіцца на нашыя землі.

Каментаваць