Суд над Эдуардам Пальчысам (фотарэпатраж)

Сёння, 14 кастрычніка, у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме прайшло першае пасяджэнне суда над стваральнікам сайту 1863x.com. «Свабоду Пальчысу!» — скандавалі каля суда над актывістам.



А 10-й ранку 14 кастрычніка у Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы Эдуарда Пальчыса. Аўтару і стваральніку патрыятычнага сайту 1863x.com, больш вядомаму як “Джон Сільвер”, інкрымінуюць “распальванне міжнацыянальнай варожасці” і “распаўсюд парнаграфіі”. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

Каля ўваходу ў суд прайшла акцыя падтрымкі палітвязня, якая сабрала з дзясятак чалавек і прыкладна столькі ж журналістаў. Пратэстоўцы, сярод іх Зміцер Дашкевіч, Павал Севярынец, Алесь Макаеў, патрабавалі свабоды Пальчысу і іншым палітвязням: Кондрусю, Жамчужнаму, Бандарэнку і інш.

“Гэта ганебнае судзілішча, — лічыць лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, — Раней судзілі за перакрыванне праспектаў і маштабныя вулічныя акцыі, а зараз судзяць за словы. Прычым словы, напісаныя цалкам у патрыятычным ключы.”

Тут жа, каля суду можна было падпісацца пад артыкулам аўтарства Пальчыса, які яму закідваюць у кантэксце “распальвання міжнацыянальнай варожасці”. Подпісы будуць далучаныя да судовай справы. Задумка Дашкевіча, які ініцыяваў збор подпісаў, у тым, каб паказаць, што ідэі, выказаныя ў артыкуле, блізкія і іншым беларусам.

Каля суду была прысутная таксама жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс. Яе выклікалі ў суд у якасці сведкі. Дзяўчына шчыра падзякавала ўсім, хто прыйшоў падтрымаць яе мужа.

На ўдзельнікаў пікету, якія трымалі сцягі, традыцыйна склалі пратаколы супрацоўнікі міліцыі. Уся акцыя здымалася на відэа супрацоўнікамі спецслужбаў у цывільным.

 

 

 



Каментаваць