Суд прызначыў маральную кампенсацыю за смерць Ігара Пцічкіна

23 сакавіка ў судзе Заводскага раёна г. Мінска адбыўся разгляд позвы па кампенсацыі матэрыяльнай і маральнай шкоды за смерць сына і брата Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА №1 4 жніўня 2013 года.

Жана Пцічкіна і Ірына Пцічкіна з адвакатам


Жанна Пцічкіна і яе дачка Ірына Пцічкіна былі прызнаныя судом Маскоўскага раёна пацярпелымі па справе, і запыталі кампенсацыю за матэрыяльны ўрон, звязаны з выдаткамі на пахаванне загінулага, які склаў 6165,45 беларускіх рублёў з улікам інфляцыі. Таксама ісціцы заявілі аб кампенсацыі маральнай шкоды, якая была нанесены ім смерцю сына і брата — па 100 000 беларускі рублёў кожнай.

Падчас судовага слухання адказчыкі па справе — прадстаўнік Міністэрства фінансаў, прадстаўнік Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці і прадстаўнік СІЗА №1 — у адзін голас прасілі адмовіць пацярпелым Жане і Ірыне Пцічкіным ў пазове ў частцы кампенсацыі маральнай шкоды. Яны спасылаліся на тое, што характар узаемадзеяння ў сям'і Пцічкіных прымушае сумнявацца, што маці і сястры смерць Ігара Пцічкіна прынесла тыя маральныя пакуты, пра якія заяўляюць ісціцы ў судзе.

Аднак суд сваім рашэнне задаволіў матэрыяльны ўрон у поўным аб'ёме, а пакрыццё за маральную шкоду вызначыў у памеры 20 000 беларускіх рублёў для Жанны Пцічкінай і 10 000 беларускіх рублёў для Ірыны Пцічкінай.

Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці.

Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

Тры гады спатрэбілася ягонай маці Жанне Пцічкінай, каб з дапамогай праваабаронцаў “Вясны” дамагчыся ўзбуджэння крымінальнай справы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў фельчарам медчасткі СІЗА, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента.

 spring96.org


Каментаваць