Суд прызнаў экстрэмісцкай літаратуру, канфіскаваную на сустрэчы анархістаў

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 12 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкай літаратуру, канфіскаваную ў Баранавічах на сустрэчы анархістаў з Аляксеем Сутугам. Справу разглядала суддзя Ніна Гарбачык.

Яўген Жураўскі, фота з сацсетак

Яўген Жураўскі, фота з сацсетак

27 жніўня ў Баранавічах праходзіла сустрэча анархістаў, якую перапынілі супрацоўнікі міліцыі. Праваахоўнікі тады канфіскавалі літаратуру, 15 чалавек былі дастаўлены ў гарадскі аддзел унутраных спраў. 29 жніўня забраныя друкаваныя выданні накіравалі ў Брэсцкую абласную экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць (адсутнасць) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму.

Згодна з заключэннем камісіі, канфіскаваная літаратура — кніга «Зыход» (Масква, 2009); брашура «Псіхалогія допыту» і часопіс «Автоном» (№ 37, 2017 г.) -—змяшчае прыкметы праявы экстрэмізму.

Жыхар Баранавічаў Яўген Жураўскі выкліканы ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы на ​​19 кастрычніка па адміністрацыйнай справе па артыкуле 17.11 КаАП РБ — «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць».

Па словах Яўгена Жураўскага, гэтую позву яму ўручылі ў судзе 11 кастрычніка (куды ён прыходзіў з-за суда над расійскім гісторыкам Пятром Рабавым), гэта значыць яшчэ да прызнання судом канфіскаваных матэрыялаў экстрэмісцкімі.

Аляксей Сутуга, які прыязджаў у Баранавічы з лекцыяй, на суд не з'явіўся, ён знаходзіцца ў Расіі.

baj.by


Чытайце таксама: Аляксей Сутуга: Самае жахлівае, калі я не застану смерць тырана… 


Каментаваць