Суд адмовіўся разглядаць скаргу ў абарону Курапатаў

Прычым у парушэнне часткі 3 артыкулу 16 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзя суду Цэнтральнага раёну Мінска Іван Майсейчык сваю пастанову ад 24 сакавіка накіраваў заяўнікам па-руску, нягледзячы на тое, што скарга ў суд была выкладзена на беларускай мове.

 



У сваёй скарзе, накіраванай 17 сакавіка ў суд Цэнтральнага раёну Мінска, прадстаўнікі грамадскасці прасілі абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА “БелРэстІнвест”, а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці і, такім чынам, забяспечыць выкананне прадстаўлення Генпракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 г.

Сярод заяўнікаў скаргі — старшыня ГА “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 84-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 году затрымаў у Курпатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Заяўнікі лічаць незаконнай, беспадстаўнай і падлеглай скасаванню пастанову суду, які адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу па скарзе на дзеянні Генпракуратуры.

Днямі заяўнікі накіруюць у судовую калегію па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суду прыватную скаргу на пастанову суддзі Івана Майсейчыка з просьбай скасаваць яе і перадаць пытанне на новы разгляд у той жа суд першай інстанцыі. 

Каментаваць