Суд адмовіўся ўзбуджаць грамадзянскую справу на Адміністрацыю прэзідэнта

Суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Ірэна Бролішс адмовілася ўзбуджаць грамадзянскую справу на Адміністрацыю прэзідэнта.



Падпісанне скаргі ў суд


Нагадаем, што 3 лютага дзевяць актывістаў грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры накіравалі ў суд Ленінскага раёна Мінска скаргу на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўнага органа, што ўшчамляе правы грамадзянаў.

Сярод падпісантаў скаргі — жыхары Бабруйска (Магілёўская вобласць), Крупак (Мінская вобласць), Мінска і Мінскага раёну, а таксама без вызначанага месца жыхарства.

У скарзе, між іншым, адзначалася, што 12 лістапада 2014 года 29 грамадзянаў, у тым ліку і заяўнікі скаргі ў суд, накіравалі дзясятую заяву на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, але ў чарговы раз атрымалі адпіску. На  сваю ж скаргу на гэтыя дзеянні кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, адрасаваную кіраўніку дзяржавы, грамадзяне ўвогуле не атрымалі аніякага адказу. Дарэчы, гэта быў саракавы зварот актывістаў грамадзянскай ініцыятывы да прэзідэнта Беларусі за апошнія восем гадоў.

Вось чаму грамадзяне вырашылі звярнуцца ў суд, бо наяўнасць праблемы адпісак — адказаў, якія абыходзіць сутнасць пастаўленых у зваротах пытанняў, — не дазваляе людзям вырашаць іх канкрэтныя справы.

Заяўнікі прасілі суд прызнаць неправамернымі дзеянні (бяздзеянне) кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якое адмаўляе ім у прыёме і не вырашае праблему адпісак.

Разам з тым, грамадзяне прасілі суд абавязаць кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у бліжэйшы час прыняць падпісантаў скаргі альбо іх прадстаўнікоў на асабістым прыёме.

Сваю адмову ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы суддзя Ірэна Бролішс матывавала тым, што скарга грамадзянаў непадведамасная суду.

Каментуючы карэспандэнту НЧ гэтую адмову, юрыстка Тамара Сяргей адзначыла, што згодна арт.37 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, скаргі на дзеянні дзяржаўных органаў, адным з якіх з’яўляецца Адміністрацыя прэзідэнта, падведамасныя суду. І адказ суддзі Ірэны Бролішс у чарговы раз засведчыў залежнасць айчыннай судовай сістэмы ад выканаўчай улады краіны, — сказала юрыстка.

На яе меркаванне, вельмі прыкра, што суддзямі ў Беларусі становяцца людзі, якія або не маюць належнай прафесійнай падрыхтоўкі, або адпаведных маральных якасцяў. “Дзяржава стварае канфліктныя сітуацыі, і пры гэтым не дазваляе грамадзянам вырашаць у прававым полі паўстаўшыя супярэчнасці. А калі чалавек не мае магчымасці абараніць свае правы нават у судзе, дык ён вымушаны шукаць іншыя сродкі”, — лічыць  Тамара Сяргей.

Рашэнне яшчэ не ўступіла ў законную сілу і таму заяўнікі будуць абскарджваць яго ў Мінскім гарадскім судзе.

Абмеркаванне:

  • Санкевич
  • 2015-02-26 15:51:25
Вот поэтому все эти чинуши власти, в том числе и администрация президента очень "смело" отправляют нас, граждан в суд, зная заранее какое будет решение! У меня целая куча отписок от
этих чинуш, в которых они предлагают обратиться в суд! В какой суд????

Каментаваць