Суд — і спектакль, і прафанацыя

Стваральнікі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя адмовіліся ўдзельнічаць у пасяджэнні Вярхоўнага суда. Разгляд іх скаргі наконт адмовы Мінюста ў рэгістрацыі партыі яны назвалі “судовым спектаклем і “прафанацыяй.



Стваральнікі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя адмовіліся ўдзельнічаць у пасяджэнні Вярхоўнага суда. Разгляд іх скаргі наконт адмовы Мінюста ў рэгістрацыі партыі яны назвалі “судовым спектаклем і “прафанацыяй.


Першае судовае пасяджэнне адбылося 22 лютага. Прадстаўнікі БДХ адзначылі, што ім адмовілі ў просьбе выклікаць сведкаў і даць два тыдні, каб азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судовы перапынак зрабілі толькі на два дні. А наконт ксеракопіі дакументаў яны атрымалі адказ: “Прыходзьце са сваім ксераксам.


Па хадайніцтве аб далучэнні да разгляду справы сустаршыні БХД Паўла Севярынца, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, таксама атрымана адмова. Ён быў адным з адказных за падрыхтоўку дакументаў для рэгістрацыі. “Суд адмовіўся рабіць захады са свайго боку аб забеспячэнні прысутнасці Паўла. І мы на гэта нават не спадзяваліся, што яны зробяць. Але мы спрабавалі зайсці з другога боку, — сказала рэгіянальны каардынатар аргкамітэта БХД Ірына Губская.


Хадайніцтвы з просьбай прывезці Паўла на суд прадстаўнікі БХД 24 лютага асабіста перадалі ў КДБ і МУС. “Зараз мы ведаем, што мы зрабілі ўсё, што маглі. Мы прыйшлі на пасяджэнне 25 лютага. Нам паведамілі, што Паўла не будзе. І мы сышлі.


За паўтары гады хрысціянскія дэмакраты правялі тры ўстаноўчых з’езда партыі. І столькі ж атрымалі адмоваў Міністэрства юстыцыі. Пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю, як паведамілі ў БХД, на людзей пачынаўся ціск уладаў. У іх патрабавалі адмовы ад подпісаў заснавальнікаў пад пагрозай страты працы, выключэння з ВНУ, выгнання з інтэрнатаў і нават крымінальнай адказнасці па сфабрыкаваных справах. І ёсць факты звальненняў з працы і выключэнняў з універсітэтаў з-за ўдзелу ў дзейнасці БХД.


Адным з асноўных аргументаў Мінюста па справе адмовы ў рэгістрацыі партыі з’яўляюцца анкеты тэлефоннага апытання заснавальнікаў БХД, запоўненыя супрацоўнікам міністэрства сп. Какушай. “Па выніках апытання, калі хтосьці не памятаў нейкіх дробных рэчаў, лічылася, што ён не ставіў свой подпіс і не з’яўляецца заснавальнікам, — патлумачыла Ірына Губская.


Некаторыя людзі пад прэсінгам вымушаныя былі адмаўляцца ад свайго подпісу заснавальніка. “Аднак нават пасля ўсіх гэтых рэпрэсіяў у нас засталося больш як тысячу заснавальнікаў, — падкрэсліла рэгіянальны каардынатар БХД.


Выстаўляе Мінюст і прэтэнзію, што дзейнасць некаторых заснавальнікаў не адпавядае статутным мэтам. А менавіта, што яны прыцягваліся да крымінальнай адказнасці. Павел Севярынец — яскравы таму прыклад.


Прадстаўнікі БХД адзначылі ў заяве, што ўсе іх довады і доказы не чуюцца і губляюцца ў паветры. І ў Вярхоўным судзе адбываецца “прафанацыя пад назвай судовы працэс.


Яны нагадалі таксама, што лідару партыі Паўлу Севярынцу і экс-кандыдату ў прэзідэнты ад БХД Віталю Рымашэўскаму пагражае да 15 гадоў турмы. Разам з іншымі палітыкамі і актывістамі яны з’яўляюцца абвінавачанымі па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках 19 снежня. Па шэрагах БХД пракацілася хваля рэпрэсіяў і ператрусаў, разгромлены цэнтральны і ўсе рэгіянальныя офісы, канфіскавана больш за 40 адзінак аргтэхнікі.

Як зазначылі актывісты, “ва ўмовах татальных рэпрэсіяў яны адмаўляюцца “ўдзельнічаць у працягу судовага спектакля ў Вярхоўным судзе. І заявілі пра тое, што надалей будуць працаваць у якасці аргкамітэта. А таксама не спыняць спробаў “зарэгістраваць партыю, якая ўжо фактычна існуе, але якую адмаўляюцца рэгістраваць.


“Бо дзейнасць наша не зменіцца, — падкрэсліла Ірына Губская. Прадстаўнікі БХД працягнуць несці ў беларускае грамадства хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці, без якіх, на іх думку, “Беларусь не зможа стаць сапраўды свабоднай і дэмакратычнай.


Як паведамілі ў Вярхоўным судзе, рашэнне наконт скаргі БХД будзе агучана 28 лютага.


 

Каментаваць