Суд стаў на бок Мінгарвыканкама

8 мая суддзя Маскоўскага раённага суда Мінска Юры Шастакоў не задаволіў скаргу юрысткі Тамары Сяргей на дзеянні Мінскага гарвыканкама.

 



Юрыст Тамара Сяргей


МІнгарвыканкам не дазволіў актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры правесці 15 сакавіка ў цэнтры сталіцы пікетаванне з нагоды Дня Канстытуцыі, паведаміла карэспандэнту “НЧ” Тамара Сяргей.

Яна нагадала, што ў акцыі планаваўся ўдзел не болей за 20 актывістаў ініцыятывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія меркавалі выйсці на пікетаванне з плакатамі наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”.

 “Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)” і “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!”. “Але намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка не задаволіў заяву арганізатараў пікету. У гэтай сітуацыі мы вырашылі абскарджваць у судзе рашэнне гарадскіх уладаў. Я лічу, што суд прадэманстраваў сваю залежнасць ад выканаўчай улады і прыняў незаконнае і неабгрунтаванае рашэнне. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету дадзена грамадзянам артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі краіны і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На маё меркаванне, дзеянні чыноўнікаў Мінгарвыканкама і суддзі Юрыя Шастакова сведчаць пра тое, што правы грамадзян, зафіксаваныя ў асноўным законе краіны, існуюць толькі на паперы, але не ў жыцці”, — сказала юрыстка.

Яна адзначыла, што актывісты ініцыятывы будуць абскарджваць рашэнне суддзі Юрыя Шастакова ў вышэйшых судовых інстанцыях і міжнародных структурах.

.

Абмеркаванне:

  • Liubou
  • 2013-05-09 20:09:02
Это такая "независимость" по Беларуску, чинуш от НАРОДА! Не дав разрешения на пикет, чинуши подтвердили, что боятся эту группу граждан!!!

Каментаваць