Суд супраць Міністэрства культуры па будаўніцтву ў Брэсцкай крэпасці

4 лютага суддзя суду Цэнтральнага раёну Мінска Алена Семак распачала разгляд скаргі сябры Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГіК) Дзяніса Турчаняка на дзеянні Міністэрства культуры па ўхваленню праектнай дакументацыі на пабудову аўтамабільна-пешаходнага маста праз роў Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.



Дзяніс Турчаняк (справа) і Антон Астаповіч перад пачаткам судовага пасяджэння


Заяўнік заклікаў суд адмяніць станоўчае заключэнне Міністэрства культуры наконт праекту ўзвядзення маста на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці і адклікаць дазвол Міністэрства культуры на распрацоўку гэтага праекту.
 
 
Сваю пазіцыю Дзяніс Турчаняк матываваў тым, што будаўніцтва маста з’яўляецца незаконным, паколькі праект яго ўзвядзення не мае юрыдычнай сілы, бо не прайшоў грамадскае абмеркаванне і не быў ухвалены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны (далей – рада). Заяўнік звярнуў увагу на забарону новага будаўніцтва на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, якая з’яўляецца помнікам гісторыі міжнароднага значэння.
 
 
У сваю чаргу намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Аксана Сматрэнка  паведаміла, што Міністэрства культуры само вызначае неабходнасць вынясення тых ці іншых пытанняў на пасяджэнні рады. Разам з тым, паводле яе слоў, пытанне аб будаўніцтве маста праз роў Кобрынскага ўмацавання, двойчы разлядалася на пасяджэннях рады пад час абмеркавання канцэпцыі “Гісторыка-культурны цэнтр “Брэст”.
 
 
Дарэчы, як адзначыла Аксана Сматрэнка, само Кобрынскае ўмацаванне з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі, а ягоныя складнікі, у тым ліку і роў, не маюць аніякай катэгорыі (!!!). Такі падыход да помніка абарончага дойлідства выклікае шмат пытанняў, бо не мае лагічнага абгрунтавання. Паводле яе слоў, само ўзвядзенне маста, якое можна разглядаць не як новае будаўніцтва, а як рэканструкцыю ці прыстасаванне, матывавана адпаведнымі даследаваннямі.
 
 
Прадстаўнік заяўніка ў судзе, старшыня БДТАПГіК Антон Астаповіч звярнуў увагу на тое, што вызначыць дакладнае месца размяшчэння гістарычнага маста праз роў Кобрынскага ўмацавання можна толькі на падставе гісторыка-архітэктурнага апорнага плану гэтага помніка абарончага дойлідства, які да гэтай пары так і не зроблены.
 
 
Разам з тым, паводле ягоных слоў, рада разгледзела толькі намеры па распрацоўцы канцэпцыі “Гісторыка-культурны цэнтр “Брэст”, а не сам праект узвядзення маста, пад час рэалізацыі якога пашкоджаны земляныя абарончыя валы Кобрынскага ўмацавання і парушана гісторычная планіровачная структура Брэсцкай крэпасці. Па факту пашкоджання гісторыка-культурнай каштоўнасці па заяве грамадскага аб’яднання Брэсцкім міжраёным аддзелам Следчага камітэту ўзбуджана крымінальная справа, падкрэсліў Антон Астаповіч.
 
 
У інтэрвью карэспандэнту НЧ ён назваў першай за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі спробу даказаць праз судовыя органы, што пашкоджанні ці руйнаванні помнікаў часцяком адбываюцца па ўзгадненню Міністэрства культуры.
 
 
На думку Дзяніса Турчаняка, суд застаўся адзінай дэмакратычнай пляцоўкай у краіне, дзе грамадскасць можа весці цывілізаваны дыялог з прадстаўнікамі ўлады. Ён расцэньвае судовы працэс як прышчэпку, што павінна прымусіць чыноўнікаў думаць пра адказнасць за адпаведнасць заканадаўству прынятых імі рашэнняў.
 
 
Наступнае пасяджэнне, у якім прыме ўдзел аўтар эскізнага рашэння і і навуковага абгрунтавання праекту аўтамабільна-пешаходнага маста Уладзімір Казакоў, пачнецца 25 лютага а 11.30.

Каментаваць