Суд Вільні прызнаў незаконнай забарону на ўезд у Літву Таццяне Новікавай

18 сакавіка 2013 года адбылася заключнае паседжанне суда па скарзе антыядзернай актывісткі з Беларусі Таццяны Новікавай. Акружны адміністрацыйны суд Вільні разглядзеў прычыны, па якіх ёй быў забаронены ўезд у Літву пры ўжо наяўнай шэнгенскай візе падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму па пытанні будаўніцтва АЭС. Суд прызнаў рашэнне пра забарону на ўезд незаконным.



Таксама суд абавязаў Дэпартамент міграцыі МЗС Літвы аплаціць судовыя выдаткі ў памеры 3246 літаў.

Таццяна Новікава вітае рашэнне суда. «Гэтае рашэнне паказвае, што ў Літве ёсць дэмакратычныя інстытуты, і яны функцыянуюць», — заявіла яна. Таксама Таццяна Новікава выказала спадзяванне, што МЗС Літвы зойме больш выразна акрэсленую пазіцыю ў справе будаўніцтва АЭС Беларуссю на мяжы з Літвой. Яна ўказала на тое, што ў Літве не былі праведзены належным чынам слуханні па будаўніцтву беларускай АЭС і меркаванне літоўскага боку фактычна не было ўлічана Беларуссю, хаця да таго абавязваюць міжнародныя праўныя нормы.

Таццяна Новікава лічыць, што ранейшае рашэнне пра забарону ў'езду было выключна палітычным і звязана з яе грамадскай актыўнасцю.

Нагадаем, 26 верасня мінулага года Мікалай Уласевіч і Таццяна Новікава не здолелі трапіць у Вільню на канферэнцыю "Літва — Беларусь, ядзернае суседства", куда накіроўваліся на запрашэнне літоўскага сейма. Літоўскія памежнікі адмовілі ім ва ўездзе на той падставе, што Новікава і Уласевіч пагражаюць нацыянальнай бяспецы Літвы, а Новікава — яшчэ і бяспецы іншых краін ЕС. Забарона на ўезд была часовай (3 месяцы), гэта значыць распаўсюджвалася на час падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму пра будаўніцтва АЭС у Літве і нейкі час пасля рэферэндуму. На рэферэндуме, які адбыўся 14 кастрычніка, 62% ад тых, хто прагаласаваў, выказаліся супраць будаўніцтва АЭС. Новікава і Уласевіч вядомы як даўнія праціўнікі атамнай энергетыкі, у тым ліку праектаў па будаўніцтву АЭС у Літве і Беларусі.

Раней, 25 лютага, суд прызнаў абгрунтаванай аналагічную скаргу Мікалая Уласевіча і ануляваў рашэнне Дэпартамента міграцыі пра забарону яму ўязжаць у Літву тэрмінам на тры месяцы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі Дэпартамент міграцыі збіраецца абскардзіць рашэнне па скарзе Уласевіча.

Каментаваць