Суддзя Гусакова пакінула без разгляду скаргу на дзеянні Мінгарвыканкама

1 лютага суддзя суду Маскоўскага раёна горада Мінска Вольга Гусакова пакінула без  разгляду скаргу на дзеянні Мінскага гарвыканкама, каторы парушыў правы грамадзян, паведаміла “НЧ юрыстка Тамара Сяргей. 



Яна нагадала, што амаль восем гадоў жыхары былой вёскі Цна, якая з 2003 году ўваходзіць у Савецкі раён сталіцы, дамагаюцца ад уладаў добраўпарадкавання пешаходнай сцежкі, каторая найкарацейшым шляхам здаўна звязвае былую вёску Цна з Мінскам. “Прычым гэты найкарацейшы шлях складае не сотні метраў, а адлегласць больш за два кіламетры. Трэба мець на ўвазе, што ў былой вёсцы Цна, аддзеленай ад горада лесапаласою, няма ніводнага сацыяльна-культурнага аб'екта, акрамя невялікай прадуктовай крамы. Пешаходная сцежка з’яўляецца своеасаблівай дарогай жыцця, таму што па ёй штодзень дзеці і дарослыя ходзяць у дзіцячы садок і бальніцу, на вучобу і працу. 
 
З 2005 года грамадзяне накіравалі органам улады дзясяткі зваротаў наконт добраўпарадкавання сцежкі і атрымалі 44 адказы ад чыноўнікаў. У выніку гэтай перапіскі людзі дамагліся добраўпарадкавання толькі той часткі сцежкі, якая праходзіць праз лесапаласу. Пры гэтым чыноўнікі абяцалі, што ў бліжэйшы час будзе завершана добраўпарадкаванне і астатняй часткі сцежкі. Аднак замест выканання гэтых абяцанак ў траўні 2012 года на сцежцы пачалося будаўніцтва прыватнага катэджа. Тады  ў чэрвені каля сотні грамадзянаў звярнуліся да галавы дзяржавы і ў Следчы камітэт краіны з просьбай адмяніць незаконнае рашэнне Мінскага гарвыканкама аб выдзяленні Людміле Купрыянавай дзялянкі зямлі, паколькі гэтае рашэнне парушае правы сотняў грамадзян. 
 
Аднак чыноўнікі лічаць, што жыхары былой вёскі Цна і іх дзеці могуць хадзіць у горад кружнымі шляхамі па праезнай частцы аўтамабільных дарог, — адзначыла юрыстка.
Паводле яе слоў, у гэтай сітуацыі 6 снежня 2012 года яна звярнулася ў суд Маскоўскага раёна з скаргай на незаконныя дзеянні Мінгарвыканкама. “Па ініцыятыве суддзі ў працэс была прыцягнута і Людміла Купрыянава. 1 студзеня адбылося папярэдняе пасяджэнне па разглядзе скаргі. Па выніках пасяджэння суддзя Гусакова пакінула скаргу без разгляду па сутнасці справы. Прычым, калі суд пайшоў у дарадчы пакой, мужчына, які суправаджаў Людмілу Купрынаву, заявіў: “Трэба падабраць іншы участак, а гэты перадаць бандытам. Няхай разбяруцца!. А калі я выйшла з залы судовых пасяджэнняў, мне патэлефанаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама і запрасіў да сябе на размову. Аднак гэтую сустрэчу я адклала на пазнейшы час, — сказала Тамара Сяргей. 

Каментаваць