Судовы разбор па іску аргкамітэта БХД да адміністрацыі ПК МТЗ атрымае працяг 16 красавіка

Судовы разбор па іску аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) да адміністрацыі Палаца культуры Мінскага трактарнага завода атрымае працяг 16 красавіка ў 15.00 у судзе Партызанскага раёна сталіцы. Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.



Судовы разбор па іску аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) да адміністрацыі Палаца культуры Мінскага трактарнага завода атрымае працяг 16 красавіка ў 15.00 у судзе Партызанскага раёна сталіцы. Пра гэта БелаПАН паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго слоў, 2 красавіка ў судзе Партызанскага раёна пачалося пасяджэнне па іску БХД да ПК МТЗ. На думку прадстаўнікоў БХД, адміністрацыя Палаца культуры свядома сарвала фінальную частку з'езда БХД, які праходзіў там 17 снежня 2011 года. У сувязі з гэтым прадстаўнікамі аргкамітэта па стварэнні партыі быў пададзены судовы іск.

"У 17.30 паводле асабістага загаду дырэктара ДК МТЗ у актавай зале, дзе праходзіў з'езд, было адключана асвятленне. Пры гэтым арэнда залы была своечасова і поўнасцю аплачана да 19.00. У гэты час павінна было пачацца выступленне вядомага беларускага музыканта Лявона Вольскага, але як толькі ён выйшаў на сцэну, электрычнасць была адключана", — сказаў Садоўскі.

Аргкамітэт БХД патрабуе "фінансавай кампенсацыі шкоды, якую дырэкцыя ПК МТЗ нанесла адключэннем святла". Прадстаўнікі аргкамітэта планавалі ўрэгуляваць канфлікт у дасудовым парадку, аднак дырэкцыя Палаца культуры сцвярджае, што выканала ўсе пункты пагаднення аб арэндзе памяшкання 17 снежня, і адмаўляецца ад нейкіх кампенсацый. Трэба адзначыць, што БХД патрабуе ад ПК МТЗ 2 млн. 94 тыс. 44 рублі.

Як паведаміў Садоўскі, сёння ў судзе былі заслуханы пазіцыі бакоў. "Юрыст ПК МТЗ сцвярджаў, што мы мелі намер правесці камерцыйны канцэрт, праграма якога не была ўзгоднена з ПК МТЗ. Мы ж кажам, што Вольскі проста павінен быў падтрымаць з'езд БХД, унесці ў яго святочную атмасферу. Мы не прадавалі ніякіх білетаў на гэтае мерапрыемства, што ўжо не можа лічыцца камерцыйным канцэртам", — растлумачыў адказны сакратар аргкамітэта БХД.

2 красавіка ў судзе выступілі сведкі з абодвух бакоў. "Нашы сведкі пацвердзілі, што ніякіх білетаў на канцэрт яны не набывалі. З боку ПК МТЗ выступіла толькі гардэробшчыца, якая заявіла, што адзенне дэлегатаў з'езда яна вешала асобна, і апошнюю куртку з гэтай вешалкі яна выдала ў 19.20. На думку ПК МТЗ, гэта значыць, што святло ў зале не адключалі", — сказаў Садоўскі.

"Нават калі б мы і парушылі ў чымсьці заканадаўства, усё роўна кіраўніцтва ПК МТЗ не павінна было выключаць святло ў зале. Па-першае, гэта аплачана і прадугледжана дагаворам. Па-другое, толькі пасля таго, як законна будзе пацверджана наша парушэнне, яны маюць права выстаўляць да нас прэтэнзіі", — заявіў Садоўскі.

Паводле БелаПАН
 

Каментаваць