Судзілі за польскую мову

1 чэрвеня ў Гродне каля аблвыканкаму затрымалі 21 чалавека за ўдзел у акцыі ў абарону польскамоўных класаў.

1 чэрвеня ў Гродне каля аблвыканкаму затрымалі 21 чалавека за ўдзел у акцыі ў абарону польскамоўных класаў.

Суды адбыліся 6-га і 7 чэрвеня. Журналістаў і тых, хто хацеў прысутнічаць у залі суда, міліцыянты не ўпусцілі, спасылаючыся на забарону «зверху». Затрыманым, сярод якіх журналісты, пенсіянеры, грамадскія актывісты, былі прысуджаныя штрафы (ад 15 да 50 базавых велічынь), а актывісту СПБ Ігару Банцару далі 13 сутак. Усе абвінавачваліся ў парушэнні “парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. АК прадугледжвае за гэта папярэджанне, штраф альбо арышт.

Журналіст і кіраўнік Рады не прызнанага ўладамі Саюза палякаў Андрэй Пачобут увесь дзень знаходзіўся побач з будынкам суда. «Натуральна, што мы прагназавалі такія прысуды. Дзякуй Богу, што дзяўчат і кабет яшчэ не садзяць у турму, а тое, што будуць такія вялікія штрафы — мы да гэтага рыхтаваліся. Мэта гэтага ўсяго — каб чалавек баяўся, бо вядома, якія зараз заробкі і пенсіі ў Беларусі», — цытуе Пачобута Радыё «Свабода».

Сябры не прызнанага ўладамі Саюза палякаў звярталіся ў Гродзенскі гарвыканкам з заяўкамі на правядзенне 4 пікетаў супраць увядзення ў адзінай школе з польскай мовай навучання, збудаванай на грошы польскага ўраду, рускамоўных класаў. У правядзенні пікетаў ім адмовілі. З’яўленне рускамоўных класаў у польскай школе ўлады тлумачаць тым, што суседнія школы перапоўненыя. Пікет сябры СПБ правялі ў першы дзень фэсту нацыянальных культур, які традыцыйна ладзіцца ў Гродне.

 

Каментаваць