Сумныя святы

З чым у сталых людзей, якія яшчэ паспелі пажыць пры СССР, асацыююцца першамайскія святы? Правільна, менавіта са святамі. Па-першае, шмат выходных, паветраныя шарыкі, абавязковае застолле пасля дэманстрацыі і магчымасць пасадзіць бульбу на прысядзібным участку. Зараз “свята працы — ужо зусім не тое свята. Канешне, за выключэннем магчымасці пасадзіць бульбу.



З чым у сталых людзей, якія яшчэ паспелі пажыць пры СССР, асацыююцца першамайскія святы? Правільна, менавіта са святамі. Па-першае, шмат выходных, паветраныя шарыкі, абавязковае застолле пасля дэманстрацыі і магчымасць пасадзіць бульбу на прысядзібным участку. Зараз “свята працы — ужо зусім не тое свята. Канешне, за выключэннем магчымасці пасадзіць бульбу.

Асабліва ў гэтым годзе. Беларусь заняла другое месца сярод краін былога СССР па росце спажывецкіх цэн у першым квартале гэтага года (сакавік да снежня — 6,1%). Пра гэта сведчыць аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

На першым месцы Кыргызстан (6,4%). За Беларуссю ідуць Арменія (5,2%), Грузія (4,9%), Таджыкістан (4,5%), Азербайджан (4,1%), Расія (3,8%), Казахстан (3,7%), Малдова, Украіна (па 3,3%), Латвія (2,3%), Літва (1,5%) і Эстонія (1,4%). Наконт Узбекістана і Туркменістана звестак няма.

Па росце цэн у сакавіку (1,9%) Беларусь на другім месцы пасля Кыргызстана (2,2%). Далей — Украіна (1,4%), Таджыкістан (1,2%), Азербайджан (1,1%), Літва (1%), Арменія, Малдова, Эстонія (па 0,8%), Латвія (0,7%), Расія (0,6%) і Казахстан (0,5%). У Грузіі цэны не змяніліся.

Ну, добра, Кыргызстан — яны там яшчэ не ачомаліся ад праўлення Курманбека Бакіева, які сябе ўтульна адчувае ў Беларусі. Увогуле, Кыргызстан — адна з найбяднейшых краінаў Сярэдняй Азіі. Але ж мы жывем не ў Азіі, а ў Еўропе! І, дарэчы, не бяднейшая краіна! Мы заўсёды ганарыліся нашым “эканамічным цудам. Ганарыліся, ганарыліся, а тут высвятляецца, што ніякага цуду няма, і мы бяднейшыя нават за Малдову і Украіну.

Больш за тое, Беларусь заняла чацвёртае месца сярод краін былога СССР па тэмпах росту афіцыйнага курсу долара ЗША да нацыянальнай валюты за першыя чатыры месяцы 2011 года. У пяцёрку краін, дзе долар падаражэў, увайшлі Узбекістан — тут курс узрос на 3,14% (з 1 640 да 1 691,57 сума), Таджыкістан — на 2,33% (з 4,4031 да 4,5059 самоні), Арменія — на 1,88% (з 363,44 да 370,27 драма), Беларусь — на 0,43% (з 3 000 да 3 013 рублёў) і Украіна — на 0,05% (з 7,9617 да 7,9654 грыўні).

А ў вышэй згаданым Кыргызстане долар нават патаннеў — на 0,68% (з 47,0992 да 46,7766 сома)! Дык дзе мы жывем — у Еўропе або ў Азіі?

Сусветны дзень свабоды друку, які адзначаецца 3 мая, таксама не быў радасным для журналістаў Беларусі. Незалежная журналістыка Беларусі сёння “ў небяспецы, бо з’яўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму, — кажа старшыня РГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна.

“Усё складаней кантраляваць грамадскую свядомасць і падпарадкоўваць настрой людзей, — пераканана лідар БАЖ. — Прапагандысцкая машына “прабуксоўвае. Спрацоўвае прынцып: чым больш прапаганды, тым менш веры. Сведчаннем таму, адзначае Літвіна, сталі і валютная паніка, і цукровая ліхаманка. Эканамічная сітуацыя дыктуе паводзіны ўлады. Ёй сёння нічога не застаецца, як ісці на абвастрэнне ўзаемадачыненняў з масмедыя і ўзмацняць пераслед, вылучаючы самыя дзікунскія абвінавачанні, — лічыць Літвіна.

Жанна Літвіна пажадала мужнасці калегам, якія ўжо асуджаны на зняволенне (Аляксандр Атрошчанкаў, Дзмітрый Бандарэнка), тым, хто яшчэ чакае прысудаў (Сяргей Вазняк, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп, Павел Севярынец), а таксама стойкасці — калектывам газет “Наша ніва і “Народная воля, якія могуць быць закрыты з ініцыятывы Міністэрства інфармацыі.

Пакуль што журналісты змагаюцца як могуць. На адкрыцці XV Мінскай міжнароднай выставы “СМІ ў Беларусі 4 мая прайшоў флэшмоб супраць закрыцця недзяржаўных газет “Наша ніва і “Народная воля. Удзельнікі акцыі акружылі чыноўнікаў з Міністэрства інфармацыі, у прыватнасці міністра Алега Праляскоўскага і яго намесніка Лілію Ананіч, трымаючы асобнікі газет. Прадстаўнікі Мінінфарма, у сваю чаргу, адмовіліся каментаваць сітуацыю вакол гэтых незалежных выданняў.

Намеснік галоўнага рэдактара газеты “Народная воля Марына Коктыш адзначыла, што ўдзельнікі акцыі хацелі прыцягнуць увагу да праблем, з якімі сутыкнулася незалежная прэса. Адмова чыноўнікаў каментаваць верагоднае закрыццё газет Коктыш назвала “нямым адыходам Міністэрства інфармацыі, што вынесла выданню “надуманае папярэджанне, якое “Народная воля “не можа абскардзіць у судзе.

Невясёлы падарунак атрымала і ўлада. У Брусэлі 3 мая прайшло ўстаноўчае пасяджэнне Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза “Усходняе партнёрства. Канферэнцыя старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента 10 лютага прыняла рашэнне аб скліканні першага пасяджэння Еўранеста без беларускай дэлегацыі. Пастанова пачаць працу Еўранеста без прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента Беларусі была прынятая ў Еўрапарламенце аднагалосна.

Раней меркавалася, што ў працы Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза “Усходняе партнёрства (Еўранест) возьмуць удзел 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (у асноўным парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. Адносна апошняй разглядаліся розныя варыянты: запрашэнне выключна апазіцыі або апазіцыі і пяці прадстаўнікоў парламента. Аднак гэтыя ідэі не знайшлі разумення ні ў афіцыйнага Мінска, ні ў шэрагу краін — суседзяў ЕС.

Так што Еўропа — зноў без нас.

Гаспадарчы суд Мінска 4 мая адмовіў грамадскаму аб’яднанню “БНФ “Адраджэньне ў іску да ЖРЭА Савецкага раёна сталіцы адносна працягу арэнды офіса арганізацыі па праспекце Машэрава, 8.

Падчас судовага разгляду іску юрыст аб’яднання Уладзімір Лабковіч заклікаў суд улічваць не толькі юрыдычны, але і маральна-этычны аспект справы. “Памяшканне на Машэрава, 8 вядомае як частка гісторыі і культуры Беларусі, — падкрэсліў ён, нагадаўшы, што днямі ліст у абарону офіса падпісалі 100 дзеячаў навукі, культуры, мастацтва, праваабаронцаў, журналістаў.

Падчас судовага пасяджэння ЖРЭА было прапанавана падпісаць міравое пагадненне, пры гэтым аб’яднанне гатовае было згадзіцца на больш жорсткі парадак аплаты арэнды офіса. Аднак прадстаўнік ЖРЭА адмовіўся яго падпісваць. Цяпер у судзе разглядаецца аналагічны іск да ЖРЭА з боку Партыі БНФ. Справа ў тым, што ў памяшканні па праспекце Машэрава, 8 з 1992 года знаходзіцца цэнтральны офіс і грамадскай арганізацыі, і Партыі БНФ, а таксама некалькі іх арганізацыйных структур.

Каментаваць