Супраць Алеся Пушкіна распачаты 3 справы

Пасля «ўроку гісторыі» пра Слуцкае паўстанне супраць вядомага мастака Алеся Пушкіна распачаты 3 адміністратыўныя справы па трох артыкулах КаАП.

Як паведаміў мастак Алесь Пушкін, сёння, 16 кастрычніка, у 11-40 да яго дамоў завітаў капітан Дзмітрый Мацкевіч з Крупскага РАУС. Капітан міліцыі ўручыў яму аж 3 адміністратыўныя пратаколы: першы — па ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне вызначанага парадку сходаў, мітынгаў і шэсцяў падчас “уроку гісторыі” ў Слуцку), другі — па ч. 2 артыкула 21.14 (парушэнне правіл утрымання населеных пунктаў), а трэці — па ч.1 артыкула 9.4 КаАП.

Мастак парушыў правілы ўтрымання населеных пунктаў, бо прымацаваў на часовым плоце, якім акружана месца рамонту Слуцкага краязнаўчага музея, ажно 3 партрэты ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну.

Алесь Пушкін таксама будзе прыцягнуты да адказнасці згодна з часткай 1 артыкула 9.4 КаАП — за “невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаванні дзяцей, што пацягнула здзяйсненне непаўналетнім дзеі, якая змяшчае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства…”

Паколькі 8-класнік Коля таксама ажыццявіў “злачынства” — не пайшоў на лінейку ў школу, а прысутнічаў разам за бацькам у Слуцку на недазволеным “уроку гісторыі”, бацька будзе несці за гэта адказнасць.

Алесь Пушкін напісаў тлумачэнне да пратаколаў, якія датычацца “слуцкай гісторыі”. У тлумачэнні ён не лічыць сябе ў чымсьці вінаватым, “бо гэта быў яго свядомы ўчынак як бацькі, каб выхаваць сына патрыётам і каб ён практычна даведаўся пра гісторыю Случчыны”. Мастак паабяцаў, што так яны з сынам будуць рабіць і найдалей: кожны год 1 верасня будуць выязджаць у іншыя рэгіёны Беларусі, знакамітыя сваёй гістарычнай спадчынай, і праводзіць там Дзень ведаў.

Дзень, калі пачнецца суд над Алесем Пушкіным, пакуль што не вядомы. Затое вядомыя даты іншых судоў па “слуцкай справе”, што распачатая на Алеся Лагвінца. 17 кастрычніка аб адзінаццатай гадзіне адбудзецца суд над палітолагам — у судзе Маскоўскага раёна Мінска. А 19 кастрычніка распачнецца працэс супраць Антося Лагвінца ў судзе Фрунзенскага раёна. Судзіць яго плануюць а дзесятай гадзіне паводле часткі 1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне вызначанага парадку сходаў, мітынгаў і шэсцяў). У якасці сведкі суд запрасіў з’явіцца ў суд і карэспандэнта  НЧ.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць