Сустрэча з прапаведнікам імперыялізму Іванам Ахлабысціным у Віцебску збярэ аншлаг

У касах канцэртнай залы «Віцебск» кажуць, што на «Духоўныя гутаркі» Івана Ахлабысціна, імпрэзу, якая мае адбыцца 12 кастрычніка, усе квіткі былі прададзеныя яшчэ тыдні два таму.



Іван Ахлабысцін


«Што ж вы спіце ўсе? Цяпер пільнуйце — можа, хто здаваць будзе»— параіла касір карэспандэнту «Віцебскага кур'ера» касір.
 
 
Квіткі на «Духоўныя гутаркі» Ахлабысціна каштавалі ад 120 да 280 тысяч рублёў. Вялікая зала КЗ «Віцебск» разлічаны на 1100 глядацкіх месцаў.
 
 
Апошнім часам Іван Ахлабысцін, акцёр, рэжысёр і былы святар праваслаўнай царквы, набыў вядомасць як скандальны ньюзмэйкер у каляпалітычнай сферы. Гэтак, у 2011 годзе ён заявіў, што ідзе ў прэзідэнты, пасля чаго на стадыёне «Лужнікі» агучыў свой маніфест пад назвай «Дактрына 77». Па словах Ахлабысціна, яму «выпаў найвялікшы гонар  сказаць тое, пра што думае кожны рускі чалавек». 
 
 
Ахлабысцін заклікаў прысутных закладваць у свядомасць дзяцей «агульную мару пра імперыю» — чытаць ім на ноч казкі пра «цудоўную будучыню, вялікую імперыю, якую мы, рускія, мусім пабудаваць». 
 
 
«Мы створаныя для вайны. Так, гэта вельмі кепска. Але гэта так, мы такія», — сцвярджаў Ахлабысцін. Ён перакананы, што «для рускага чалавека магчымы толькі два віда арганізацыі — у храме для малітвы і на полі для бітвы». Гэта, на яго думку, «і ёсць нацыяльныя каштоўнасці». 
 
 
Свой выступ, які доўжыся каля двух гадзінаў, ён скончыў словамі: «Мы выратуем зямлю ад канчатковага вынішчэння! Мы скарым космас! Мы створым жаданую імперыю і абярэм імператара!». 
 
 
Гэтай вясной, калі на Беларусь абрынуўся Хаўер, аўтамабіль з Ахлабысціным аказаўся ў шматкіламетровым заторы пад Мінскам. Ён напісаў адтуль у твітэр; 
 
 
«Маліўся я маліўся і падумаў: Амерыка спажывае 40% сусветнай электраэнергіі, 70% з гэтага спажывае адна малавядомая навукова-ваенная база на Алясцы. Вось куды трэба адпраўляць паштоўкі з падзякамі за кліматычныя парадоксы. Вось што мне за 10:00 малітвы навеяла».
 
 
Вось такі прыхільнік канспіралагічных тэорыяў і прапаведнік расійскага імперыялізму збірае аншлагі ў Віцебску...

Абмеркаванне:

  • Бамбр
  • 2013-10-04 02:26:29
Вось так, дзецюкі: прыхільнікі незалежнасці сыходзяць, прапаведнікі імперыялізму прыходзяць...
  • парасятка Фунцік
  • 2013-10-04 05:34:18
Гэта не прыезд імперыліста, гэта сеанс адначасовай гульні Астапа ) Будзе распрагаць пра "Н'ю Маскву" ))

Каментаваць