Сустрэлі Бяляцкага — чакаем астатніх

Добрая ўсё ж такі гэта штука — інтэрнэт. Без яго Бяляцкі яшчэ б тры лішніх дні заставаўся за кратамі. А так ён быў вызвалены, як толькі ў інтэрнэце з’явіўся закон аб амністыі.



Вядомы беларускі праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавек Алесь Бяляцкі быў вызвалены з Бабруйскай калоніі ў першы ж дзень амністыі. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» быў апублікаваны 21 чэрвеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Без інтэрнэту чакалі б ягонай публікацыі ў газеце, якая б выйшла не раней за аўторак. А зараз — залезлі ў сеціва, даведаліся, што амністыя набыла моц, і — бывай, Бяляцкі! На свабоду з чыстым сумленнем!

Да Мінска Бяляцкі з Бабруйска ехаў на электрычках, і ўжо ў тры гадзіны дня быў на станцыі «Інстытут Культуры». Пэўна, ніводную электрычку са Жлобіна не сустракалі з такім этнузіязмам. Акрамя журналістаў, было багата калегаў па праваабарончай дзейнасці, апазіцыйных VIP-персонаў, а таксама багата рознай апазіцыйнай моладзі.

Алесь Бяляцкі, паголены ўшчэнт, выйшаў з вагона пад воплескі і клічы «Жыве Беларусь». Яму адразу ж павязалі бела-чырвоны шалік. І у цесным натоўпе журналістаў зараз ужо былы палітвязень нарэшце абняўся са сваімі блізкімі ды родзічамі.

— Сёння зранку, я, як звычайна, з бірачкай выйшаў на працу. Але ў дзевяць гадзін раніцы мяне выклікалі да начальніка калоніі, дзе быў пракурор, і прымянілі амністыю, якой сёння першы дзень. Выдалі даведку, дзе напісана: «Вызвалены паводле артыкула 6 закона РБ «Аб амністыі» на неадбытую частку тэрміна».

Вызваленне, па словах Бяляцкага, адбывалася вельмі тэрмінова. Яму далі на зборы толькі гадзіну, і завезлі на вакзал у Бабруйску на «хуткай дапамозе», — так спяшаліся пасадзіць яго на цягнік у Мінск.

"Вось так раптоўна ўсё было", — кажа Бяляцкі.

— Без вашай дапамогі нічога б не было, — казаў Бяляцкі журналістам. — Без унутранай дапамогі, знешняй дапамогі на год і восем месяцаў раней мяне адпусцілі.

Стан здароўя ў яго, па ягоных словах, «нармальны». Але што зараз будзе рабіць праваабаронца, ён не ведае пакуль. «Буду займацца бегам, буду бегаць», — жартуе Бяляцкі, і кажа, што ўсё адбылося так раптоўна, што ён яшчэ сабе на волі не асэнсоўвае. «Я нічога не ведаю, але спадзяюся, што маё вызваленне — «першая ластаўка», будзем надалей чакаць добрыя навіны», — адзначыў ён.

Галоўнае для Бяляцкага зараз — сям'я. А там паглядзім!

Сапраўды, такое раптоўнае вызваленне Бяляцкага можна патлумачыць у немалой ступені ўвагай журналістаў і грамадскасці. Агенцтва «БелаПАН» нават Лукашэнку задавала пытанне: «Што за яно? Шмат хто вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, кампенсаваўшы шкоду дзяржаве, а Бяляцкі ўсё яшчэ сядзіць?». Пасля гэтай сустрэчы Лукашэнка, нагадаем, даў распараджэнне высветліць гэтую сітуацыю з Бяляцкім. Падаецца, сітуацыя высветленая.

Па меркаванні палітыкаў, найперш сустаршыні БХД Паўла Севярынца, Алеся вызвалілі з-за кепскай палітычнай сітуацыі. З аднаго боку Украіна, з іншага — кепская эканамічная сітуацыя. Трэба замірыцца з Еўропай, каб атрымаць грошы. Гэта значыць, сітуацыя швах, і трэба паспрабаваць атрымаць крэдыт на Захадзе — прыкладна так патлумачыў Севярынец.

Сапраўды, з-за Украіны Расія больш не можа «карміць» Беларусь у тых памерах, у якіх яна гэта рабіла раней. Калі зусім мірыцца з захадам, то трэба чакаць вызвалення і іншых палітвязняў. І нічога, што некаторыя права на амністыю, падаецца, не маюць. Бяляцкі, як «злосны парушальнік рэжыму», яго таксама не меў. Не ў першы раз у нас забываюцца на законнасць з «палітычных меркаванняў».

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады турмы ў лістападзе 2011 году. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, не былі ягоным прыбыткам, а ішлі на праваабарончую дзейнасць.



Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.



Краіны Еўрасаюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі назвалі Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабавалі ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу. У 2012 і 2013 гадах Алесь Бяляцкі быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію міру.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-06-23 12:42:18
"віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавек Алесь Бяляцкі" - ну, хто ж сумняваўся, што Бяляцкі - чалавек :)

"...з такім этнузіязмам" - этнічным энтузіязмам?

"багата рознай апазіцыйнай моладзі" :)))

Каментаваць