Сустрэнемся на Плошчы?

«Нас пужаюць, а мы не баімся», — гэта дэвіз сённяшняй перадвыбарчай кампаніі. Пасля таго, як шэрагу кандыдатаў у прэзідэнты было вынесена папярэджанне Генпракуратуры за заклікі выйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінска 19 снежня, кандыдаты ў прэзідэнты не толькі не спынілі свае заклікі. Здаецца, яны папросту раззлаваліся.



«Нас пужаюць, а мы не баімся», — гэта дэвіз сённяшняй перадвыбарчай кампаніі. Пасля таго, як шэрагу кандыдатаў у прэзідэнты было вынесена папярэджанне Генпракуратуры за заклікі выйсці на Кастрычніцкую плошчу Мінска 19 снежня, кандыдаты ў прэзідэнты не толькі не спынілі свае заклікі. Здаецца, яны папросту раззлаваліся.

Кандыдат у прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук наўпрост заявіў, што Плошча — частка ягонай перадвыбарчай праграмы, і адмаўляцца ён ад яе не мае намеру. Больш за тое, непітушчы Раманчук паабяцаў, што вып’е бутэльку віна «з гарла» ў апошні дзень прэзідэнцтва Лукашэнкі.

Гэта ён заявіў на сустрэчы каля Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта і паўтарыў у наўпроставых дэбатах на партале TUT.BY. Праўда, каля ўніверсітэта Раманчук папрасіў падтрымаць яго лідэра АГП Анатоля Лябедзьку — бо сам Раманчук не ведае, што з ім здарыцца пасля такога «подзвігу». А падчас дэбатаў на партале TUT.BY папрасіў парады, што выпіць, у Мікалая Статкевіча, які ў той жа час заявіў, што ён аматар добрых вінаў.

Здаецца, алкагалізацыя Раманчука сур’ёзна занепакоіла беларускія ўлады. Увечары 11 снежня ў эфіры тэлеканалу «РТР-Беларусь» кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей паведаміў пра правакацыі, якія нібыта рыхтуюцца на дзень выбараў. Паводле ягоных словаў, апазіцыйныя кандыдаты на прэзідэнта рыхтуюць 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы Мінска правакацыі з ужываннем выбуховых рэчываў.

«Ужо вядома, што яны не збіраюцца мірна праводзіць гэта мерапрыемства. Рыхтуюцца групы баевікоў, закупляюцца цёплыя рэчы, піратэхнічныя і нават выбуховыя рэчывы», — заявіў Макей.

Гэтую заяву Макея кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч расцэньвае як «спробу запалохаць лю­дзей». На думку палітыка, такія заявы сведчаць пра слабасць улады. «У 2006 годзе тагачасны кіраўнік КДБ Сцяпан Сухарэнка запалохваў людзей нейкімі дохлымі пацукамі, якіх мы так і не ўбачылі. Цяпер Макей палохае людзей баевікамі і зброяй», — сказаў Статкевіч.

Названыя заявы Статкевіч расцэньвае як гарантыю таго, што акцыя 19 снежня на Кастрычніцкай плошчы пройдзе мірна. «Яны не будуць прымяняць сілу. Інакш усё тое, што яны казалі, перакладзецца на іх», — лічыць палітык.

Кандыдат Уладзімер Някляеў у сваю чаргу заявіў: «Калі сёння нехта рыхтуе тэракт, дык хіба што ўлада. Сама рыхтуе, сама папярэджвае — чытай, пагражае. А кандыдатам ад апазіцыі ёсць чым заняцца: час агітацыі ў нашай краіне кароткі, і ўсе імкнуцца атрымаць ад яго максімальны эфект. У тым ліку распавесці пра тое, што выхад на плошчу будзе насіць выключна мірны характар».

Больш за тое, Міністэрства юстыцыі Беларусі выступіла з заявай, у якой заклікае кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў не здзяйсняць супрацьзаконных дзеянняў у дзень выбараў.

«Міністэрства юстыцыі як орган, які рэгіструе інстытуты грамадзянскай супольнасці, заклікала кіраўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзаў і палітычных партый выконваць дзеючае заканадаўства і не дазволіць уцягнуць сябе і свае арганізацыі ў палітычныя гульні, якія ладзяць пэўныя асобы, што заклікаюць у дзень выбараў да супрацьзаконных дзеянняў, якія могуць парушыць правы і законныя інтарэсы іншых грамадзян», — гаворыцца ў заяве Мінюста, распаўсюджанай 15 снежня.

Дзякуй Богу, наш Мінюст не знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Інакш трэба было б супрацоўнікаў Мінюста адпайваць валяр’янкай ці чымсьці мацнейшым. Можа, настойкай баярышніку. А можа, увогуле выклікаць «хуткую дапамогу».

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ўкраінская фемінісцкая ініцыятыва FEMEN вырашыла «падтрымаць братэрскі народ, змучаны таталітарным рэжымам кіравання Лукашэнкі». FEMEN правялі мона-мітынг «Турніце бацьку!» каля сценаў амбасады Беларусі ў Кіеве. Другім пасланнем акцыі было «Шукайце Алесю!» — як заклік уводзіць у палітыку жанчын. Адна дзяўчына выйшла да беларускай амбасады. Распранулася топлес і трымала лозунгі з заклікам скінуць «бацьку». «Мы лічым, што выратаваць Беларусь сёння можа толькі жанчына. FEMEN прапаноўвае беларусам супрацьпаставіць мужчынскаму нахабнаму таталітарызму жаночую мяккасць і сілу. «Chercher la femme, браты славяне!» — адзначаецца ў блогу FEMEN у Жывым журнале.

Шкада, што нельга паставіць у газету фотаздымкі з гэтай акцыі. Бо будзе прыроўнена да прапаганды парнаграфіі. Надта ж прывабная там дзяўчына.

Тым не менш, у Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне. У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі прагаласавала 3,4 працэнта выбарцаў. «Датэрміноўка» ідзе з апераджэннем графіку 2006 года.

«У цэлым па рэспубліцы за ўчорашні дзень прагаласавала 3,4% выбарцаў, унесеных у спісы для галасавання», — адзначыў сакратар беларускага ЦВК Мікалай Лазавік.

«У час вучобы, якую мы праводзілі ў абласцях, прасілі не фарсіраваць датэрміновае галасаванне, асабліва ў сельскай мясцовасці», — сказаў сакратар ЦВК. Паводле ягоных слоў, «цяпер, размаўляючы з арганізатарамі выбараў і пытаючыся, як паводзіць сябе насельніцтва, атрымліваем нечаканы адказ. Наадварот, самі сельскія жыхары актыўна ідуць на датэрміновае галасаванне», — адзначыў Лазавік.

Сакратар заявіў, што ў ЦВК не паступала «ніводнага сігналу» з нагоды прымусу да датэрміновага галасавання або нейкіх збояў у працы выбарчых камісій.

У 2006 годзе, паводле паведамленняў з Цэнтравыбаркаму, у першы дзень да скрыняў прыйшлі 3% ад агульнай колькасці выбарцаў. Усяго ў 2006 годзе датэрмінова прагаласавала 31,3 працэнта выбарцаў. Здаецца, зараз гэты рэкорд будзе перакрыты.

Каментаваць