Сусветны банк верыць Беларусі

Беларусь атрымала ад Сусветнага банку (WB) пазыку ў 125 мільёнаў долараў на рэалізацыю праектаў па павышэнню энергаэфектыўнасці. Сусветны банк разглядае магчымасць павелічэння фінансавай падтрымкі Беларусі.

(На здымку: Марцін Райзер і Валерый Карашкоў)



Беларусь атрымала ад Сусветнага банку (WB) пазыку ў 125 мільёнаў долараў на рэалізацыю праектаў па павышэнню энергаэфектыўнасці. Сусветны банк разглядае магчымасць павелічэння фінансавай падтрымкі Беларусі.

(На здымку: Марцін Райзер і Валерый Карашкоў)


Крэдытную дамову ў прысутнасці журналістаў падпісалі старшыня дзяржаўнага Камітэта па стандартызацыі Беларусі Валерый Карашкоў, з боку Сусветнага банка — дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка Марцін Райзер. Гэта самая буйная пазыка, якая быў прадстаўленая Беларусі за ўвесь час супрацоўніцтва краіны з Сусветным банкам. Рашэнне аб прадстаўленні пазыкі было прынятае Радай выканаўчых дырэктараў WB 28 мая.

Грошы будуць накіраваныя на рэалізацыю праектаў па павышэнню энергаэфектыўнасці пры вытворчасці цяпла і электраэнергіі ў шэрагу гарадоў Беларусі. Агулам праект уключае шэсць падпраектаў: два ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і чатыры ў галіне энергетыкі. Пасля ўстаноўкі сучаснага газатурбіннага абсталявання і газаматораў будзе атрымана каля 90 МВт дадатковай электрычнай магутнасці. Чакаецца, што эфектыўнасць вытворчасці цяпла і электраэнергіі на аб’ектах праекту павялічыцца на 30 працэнтаў. Паводле папярэдніх падлікаў, штогод Беларусь зможа эканоміць каля 90 мільёнаў кубічных метраў прыроднага газу, што эквівалентна 13 мільёнам долараў у бягучых коштах на імпарт.

Станоўчы эфект чакаецца і для экалогіі: на 165 тысяч тон у год скароцяцца выкіды ў атмасферу аксіду вугляроду. Пазыка Сусветнага банка прадстаўляецца на ўмовах пагашэння на працягу шаснаццаці гадоў з адтэрміноўкай выплаты асноўнай сумы пазыкі на шэсць год. Рэалізацыя праекта пачнецца сёлета і зойме пяць год.

Дырэктар па стратэгіі і аперацыях Сусветнага банка Тэд Алерс падчас брыфінга заявіў, што, выдаўшы пазыку, WB тым самым пацвердзіў свой давер да Беларусі. «Сусветны банк не выдае пазыкі тым кліентам, якіх лічыць неплацёжаздольнымі. Сусветны фінансава-эканамічны крызіс аказаў уздзеянне на Беларусь гэтак жа, як і на іншыя краіны. На пачатку года ўлады прынялі эканамічную палітыку, якая была скіраваная на рашэнне кароткатэрміновых наступстваў крызісу», — зазначыў эксперт.

Цяпер разглядаюцца магчымасці павелічэння фінансавай падтрымкі Беларусі. «Мы абмяркоўваем з урадам Беларусі эканамічную палітыку, якая дазволіць краіне пасля завяршэння сусветнага крызісу аднавіць эканамічны рост і ўстойліва развівацца. У залежнасці ад дамоўленасцяў будзе прынятае рашэнне пра пашырэнне як тэхнічнай, так і фінансавай падтрымкі Беларусі, — паведаміў Тэд Алерс. — Мы хацелі б умацаваць наша супрацоўніцтва, і цяпер разглядаецца пытанне аб пашырэнні нашай дзейнасці ў Беларусі як у частцы аналітычнай працы, так і ў частцы павелічэння фінансавання падтрымкі».

Сярод умоў вылучэння пазыкі, якія акрэслівае Сусветны банк, тры асноўныя пункты: эфектыўнасць бюджэту на макраэканамічным узроўні, павышэнне адраснасці сацыяльнай падтрымкі і шэраг крокаў па павышэнню прывабнасці інвестыцыйнага клімату як для ўнутраных, так і замежных інвестараў. Мэта прыцягнення такіх інвестыцый — павялічыць колькасць працоўных месцаў і павысіць узровень жыцця грамадзян краіны. Цяпер ідуць перамовы аб канкрэтных мерапрыемствах у названых накірунках.

Сусветны банк пераглядае чатырохгадовую стратэгію па Беларусі, зацверджаную два гады таму. У рамках гэтай стратэгіі было прадугледжана вылучэнне Беларусі не больш за сто мільёнаў долараў у год. «Мы разглядаем магчымасць павелічэння гэтай сумы. Яе памер будзе залежаць ад таго, якую суму беларускі ўрад хацеў бы мабілізаваць», — паведаміў дырэктар па стратэгіі і аперацыях Сусветнага банка. Дакладную суму магчымай далейшай фінансавай дапамогі Тэд Алерс назваць адмовіўся.

Пры гэтым дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка Марцін Райзер адзначыў, што размова ідзе не пра зацвярджэнне новай стратэгіі, а пра карэкціроўку дзеючай. Таксама ён падкрэсліў неабходнасць стварэння ў Беларусі больш прывабных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый: «Запазычанасць Беларусі на ўзроўні 13 працэнтаў ВУП не такая высокая. Іншая справа, што пасля завяршэння фінансавага крызісу прыток замежных інвестыцый не будзе такі, як у дакрызісны перыяд. Таму цяпер задача клапаціцца пра паляпшэнне інвестыцыйнага клімату. Хацелася б, каб Беларусь думала не толькі пра прыцягненне знешніх запазычанасцяў, але і пра правядзенне структурных рэформаў, якія дазволяць зрабіць больш прывабным інвестыцыйны клімат, эфектыўна выкарыстоўваць замежны капітал».

Каментаваць