Сусветны кангрэс Міжнароднага інстытута прэсы выступіў у абарону свабоды СМІ і ўзнагародзіў выбітных журналістаў

Больш за 250 рэдактараў, журналістаў і медыя-прафесіяналаў вядучых СМІ з усяго свету — у тым ліку з Беларусі — прынялі ўдзел у кангрэсе Міжнароднага інстытута прэсы, які адбыўся 23–26 чэрвеня ў Порт-оф-Спэйн, сталіцы Трынідада і Табага.


У фокусе ўвагі кангрэса, які прайшоў пад назвай “CМІ ў праблемным свеце: Перспектыва 360 градусаў, былі пытанні свабоды прэсы і ўдасканалення журналісцкай працы.

Больш за 250 рэдактараў, журналістаў і медыя-прафесіяналаў вядучых СМІ з усяго свету — у тым ліку з Беларусі — прынялі ўдзел у кангрэсе Міжнароднага інстытута прэсы, які адбыўся 23–26 чэрвеня ў Порт-оф-Спэйн, сталіцы Трынідада і Табага.


У фокусе ўвагі кангрэса, які прайшоў пад назвай “CМІ ў праблемным свеце: Перспектыва 360 градусаў, былі пытанні свабоды прэсы і ўдасканалення журналісцкай працы.


Падчас Кангрэса чатыры спецыяльныя дакладчыкі па свабодзе выказвання — спецдакладчык ААН па свабодзе выказвання і думкі Франк ля Ру (Frank La Rue), прадстаўніца АБСЕ ў пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Дуня Міятавіч (Dunja Mijatović), спецдакладчык Арганізацыі амерыканскіх штатаў па пытаннях свабоды слова Каталіна Батэра (Catalina Botero) і спецдакладчык па свабодзе выказвання і доступе да інфармацыі Афрыканскай камісіі па правах чалавека і народаў Пансі Тлакула (Pansy Tlakula) — выдалі супольную дэкларацыю, якая заклікае міжнародныя арганізацыі выпрацаваць механізмы барацьбы са злачынствамі супраць свабоды выказвання. Дэкларацыя заклікае ўрады прызнаць сур’ёзнасць злачынстваў супраць журналістаў і іншых асобаў, якія імкнуцца дзяліцца інфармацыяй; выконваць свае абавязацельствы па недапушчэнні такіх злачынстваў, а таксама па абароне журналістаў і іх сем’яў; правесці незалежнае, хуткае і эфектыўнае расследаванне такіх злачынстваў, а таксама забяспечыць кампенсацыю шкоды, нанесенай пацярпелым. Дэкларацыя звяртаецца да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і іншых зацікаўленых асобаў падтрымаць актыўную ролю ў барацьбе з беспакаранасцю тых, хто здзейсніў злачынствы супраць свабоды выказвання. Тэкст дэкларацыі даступны тут (па-ангельску): joint declaration — www.osce.org/fom/91595?download=true.


Сусветны кангрэс адзначыў узнагародамі працу трох журналістаў, якія “праявілі адвагу і адданасць ідэалам свабоды прэсы.  Дэвід Род (David Rohde), аглядальнік Thomson Reuter і двухразовы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі, атрымаў прэмію Міжнароднага інстытута прэсы “World Press Freedom Hero 2012. Усю сваю кар’еру Дэвід Род шукаў і пісаў праўду, за што двойчы трапляў у зняволенне: у 1995 годзе ён быў схоплены баснійскімі сербамі, калі рабіў журналісцкае расследаванне пра масавае забойства 8 тысяч баснійскіх мусульман у Срэбраніцы, і другі раз у 2008 г. талібамі ў Афганістане, адкуль здолеў збегчы праз сем месяцаў палону. Ён прыняў прэмію ад імя ўсіх журналістаў, якія працягваюць працаваць у самых складаных умовах. У сваёй прамове Дэвід Род заявіў: “Палітыкі, бізнэсоўцы і злачынцы ведаюць пра вашу працу. Мясцовая журналістыка адыгрывае ўсё больш важную ролю і становіцца ўсё больш уплывовай ва ўсім свеце.


Прэмію “Free Media Pioneer Award атрымаў беларускі незалежны моладзевы мультымедыйны часопіс 34mag.net. Падчас уручэння прэміі выканаўчы дырэктар Міжнароднага інстытута прэсы Элісан Бэсел Макензі (Alison Bethel McKenzie) выказала заклапочанасць сітуацыяй у Беларусі, падкрэсліўшы, што рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ значна ўзмацніліся пасля выбараў 2010 года. Яна адзначыла: “Мультымедыйны часопіс 34mag.net натхняе Міжнародны інстытут прэсы сваёй трываласцю і адданасцю якаснай журналістыцы, нягледзячы на вельмі неспрыяльныя ўмовы. Беларускі часопіс — гэта яркі прыклад таго, як незалежная журналістыка можа выжываць і развівацца, выкарыстоўваючы разнастайныя фарматы і тэхналогіі.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднага інстытута прэсы Элісан Бэсел Макензі (Alison Bethel McKenzie) уручае прэмію Ірыне Віданавай


Заснавальніца часопіса Ірына Віданава прыняла ўзнагароду “ад імя ўсіх творчых і адданых піянераў ды інаватараў незалежных СМІ Беларусі. Яна распавяла пра тое, што ўлады працягваюць аказваць ціск на незалежныя СМІ і абмяжоўваць свабоду выказвання. Аднак нягледзячы на шматгадовыя рэпрэсіі, многія незалежныя выданні праявілі вынаходлівасць і працягнулі сваю працу, перайшоўшы ў анлайн ці іншыя лічбавыя фарматы, што сёння дазваляе новым медыя не толькі выжываць, але нават “перамагаць у інфармацыйнай вайне супраць дзяржаўнай прапаганды, заваёўваючы ўсё больш вялікую аўдыторыю.


Пасмяротна быў ушанаваны сэр Эцьен Дзюпуш (Etienne Dupuch), які цягам 54 гадоў з’яўляўся выдаўцом і рэдактарам “Tribune і змагаўся за захаванне свабоды прэсы на Багамах. Яму належыць рэкорд як самаму доўгатэрміноваму рэдактару ў свеце. Ягоную справу працягнулі дачка і ўнук, прысутныя на Кангрэсе.


На Генеральнай Асамблеі, якая адбылася падчас Кангрэса, сябры Міжнароднага інстытута прэсы адзінагалосна прынялі рэзалюцыю, якая звяртаецца да ААН і іншых міжнародных ды рэгіянальных арганізацыяў з заклікам выпрацаваць і рэалізаваць больш эфектыўную сістэму па барацьбе з беспакаранасцю тых, хто атакуе, гвалціць і забівае журналістаў. 72 журналісты страцілі жыццё толькі за першыя шэсць месяцаў 2012 года, у тым ліку 20 рэпарцёраў і грамадзянскіх журналістаў, якія загінулі ў ходзе ўзброенага канфлікту ў Сірыі. Гэты год абяцае стаць самым смяротным для журналістаў за апошнія 15 год, падчас якіх IPI вёў лік загінулых рэпарцёраў. У рэзалюцыі гаворыцца, што «забеспячэнне правоў журналістаў паведамляць свабодна і без страху помсты, а таксама іх права на правасуддзе, калі яны падвяргаюцца нападу, з'яўляецца абавязкам, якія дзяржавы-сябры міжнародных арганізацый павінны выконваць".


Галіна Сідарава, кіраўнік Фундацыі журналісцкіх расследаванняў і былая рэдактарка газеты “Совершенно Секретно (Расія), была абраная новай Старшынёй Рады IPI. “Гэта вялікая адказнасць быць у спісе маіх выбітных папярэднікаў, якія так шмат зрабілі для забеспячэння свабоды прэсы ў нашым разнастайным свеце, — сказала спадарыня Сідарава, якая стала першай жанчынай-старшынёй Рады дырэктараў за 62 гады існавання IPI.


Заснаваны ў 1950 годзе, IPI з’яўляецца адной з найстарэйшых у свеце арганізацый, якая адстойвае свабоду прэсы. Інстытут аб’ядноўвае некалькі тысяч прадстаўнікоў СМІ са 120 краінаў. Асноўнымі мэтамі арганізацыі з’яўляецца адстойванне свабоды прэсы, абарона свабоды меркавання і выказвання, забеспячэнне бесперашкоднага распаўсюду навінаў і інфармацыі, а таксама прасоўванне стандартаў якаснай журналістыкі. Штаб-кватэра IPI знаходзіцца ў Вене. Больш падрабязна з дзейнасцю арганізацыі можна пазнаёміцца на яе сайце: http://www.freemedia.at.


Паводле baj.by

Каментаваць