Свабода ў абмен на Балонскі працэс?

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў атрымаў запрашэнне на пасяджэнне міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, якое пройдзе 14–15 мая ў Ерэване. Ускосна гэта азначае, што папярэдняе рашэнне па пытанні ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс станоўчае.



Адной нагой у Балонскім працэсе?

Улады Беларусі з поспехам разыгралі геапалітычную карту, звярнуўшы на сваю карысць канфлікт Расіі і Украіны. Зараз еўрапейскія чыноўнікі глядзяць на Беларусь іншымі вачыма. А дырэктар дэпартамента па адукацыі Савета Еўропы Шур Берган лічыць, што ў любым выпадку «палітычная сітуацыя ў краіне больш спрыяльная, чым у 2012 годзе, калі Беларусі адмовілі ва ўступленні ў Балонскі працэс".

У сваю чаргу міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў не раз заяўляў, што Беларусь гатова да ўступлення ў Балонскі працэс, што супярэчнасцяў паміж прынцыпамі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і адукацыйнай палітыкай нашай краіны няма.

Аднак у экспертнай супольнасці распаўсюджана меркаванне пра тое, што Беларусь не ў поўнай меры выконвае прынцыпы Балонскага працэсу, такія, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.

Для правядзення рэформаў у адукацыі Беларусі, перш за ўсё, патрэбна мадэрнізацыя заканадаўства.

Эксперт Грамадскага Балонскага камітэта Вольга Крыжаноўская прапануе распрацаваць Канцэпцыю развіцця сістэмы адукацыі Беларусі, зрабіўшы ў ёй акцэнт на рэфармаванні адукацыйнай палітыкі з улікам пазітыўнага вопыту развіцця сістэм адукацыі замежных краін.

— Для запуску рэформаў у сістэме адукацыі трэба ўнесці змены і дапаўненні ў дзеючы Кодэкс Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі", выключыўшы дырэктыўныя нормы і загады, якія перашкаджаюць эфектыўнаму развіццю сістэмы адукацыі. Неабходна таксама ўзгадніць утрыманне базавых тэрмінаў з дакументацыяй Балонскага працэсу, — лічыць эксперт.

У беларускай адукацыі існуе аўтарытарная мадэль кіравання, падкрэслівае Вольга Крыжаноўская. Для паляпшэння якасці трэба будзе кардынальна змяніць прынцыпы фарміравання адукацыйнай палітыкі.

— Варта забяспечыць легітымнае фармаванне і паўнавартаснае функцыянаванне органаў самакіравання ва ўстановах адукацыі, у тым ліку і студэнцкага самакіравання, а таксама ўдзел у кіраванні іншых зацікаўленых бакоў (стэйкхолдэраў), надзяліўшы іх на заканадаўчым узроўні адпаведнымі правамі і адказнасцю, — прапаноўвае Вольга Крыжаноўская.

Забяспечыць прадстаўленне грамадскіх інтарэсаў ва ўстановах адукацыі маглі б апякунскія рады або падобныя ім кіруючыя органы з адпаведнымі паўнамоцтвамі.

— У Беларусі неабходна ўвесці Нацыянальную сістэму кваліфікацый, якая ўключае Нацыянальную рамку кваліфікацый, прафесійныя стандарты і адпаведныя прылады і цэнтры ацэнкі эфектыўнасці і якасці адукацыі. Важна, каб была арыентацыя на навыкі, неабходныя не толькі для функцыянавання наяўных састарэлых вытворчасцей, але і для мадэрнізацыі эканомікі Беларусі, — гаворыць эксперт.

Для ўмацавання сацыяльнага вымярэння сістэмы адукацыі Беларусі экспертная супольнасць прапануе забяспечыць даступнасць адукацыі для ўсіх, уключаючы асоб пажылога ўзросту і непрацаздольнае насельніцтва. Для развіцця інклюзіўнай адукацыі — замацаваць на заканадаўчым узроўні такое паняцце і яго змест. І каб гэта было не дэкларатыўна, распрацаваць і ўкараніць дзяржаўную праграму абсталявання ўстаноў адукацыі адмысловымі тэхнічнымі і матэрыяльнымі сродкамі для навучання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Кодэкс супраць прынцыпаў

Вольга Крыжаноўская агучыла на канферэнцыі «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Беларусі: надзеі і расчараванні», напрацоўкі Грамадскага Балонскага камітэта па зменах у Кодэксе аб адукацыі. Прапануецца, напрыклад, павялічыць працягласць навучальнага года на два тыдні, а колькасць заняткаў у дзень абмежаваць шасцю акадэмічнымі гадзінамі, прывесці ў лагічны парадак сістэмы ацэньвання, а таксама павялічыць да 4 класу тэрмін забароны на фармальныя адзнакі.

Для павышэння якасці адукацыі эксперты рэкамендуюць сфармаваць на базе прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі новы адукацыйны ўзровень — сярэднюю прафесійную адукацыю. Гэта дасць магчымасць павысіць прэстыжнасць прафесійна-тэхнічнай адукацыі і аптымізаваць колькасць адукацыйных праграм.

Эксперт прапануе забяспечыць сувязь прымяняемых метадаў і крытэрыяў з сучаснымі распрацоўкамі, у тым ліку ў вышэйшай школе з ENQA (некамерцыйная арганізацыя, якая ажыццяўляе незалежны кантроль навучальных устаноў).

— Неабходна выкарыстоўваць сучасныя інструменты забеспячэння якасці, якія спрыяюць празрыстасці і ўзаемнаму прызнанню ступеняў, такія, як Еўрапейская сістэма перакладу і назапашвання крэдытаў (ECTS), Дадатак да дыплома (DS). Важна, каб школьнікі ўдзельнічалі ў міжнароднай праграме ацэнкі якасці падрыхтоўкі PISA (Programme for International Student Assessment), якая дазваляе ацаніць шэраг ключавых уменняў 15-гадовых школьнікаў, — лічыць Крыжаноўская.

На думку экспертнай супольнасці, для адпаведнасці прынцыпам Балонскага працэсу неабходна заканадаўча замацаваць права ўстаноў адукацыі на інстытуцыйную (арганізацыйную, фінансавую, кадравую і акадэмічную) аўтаномію і акадэмічную свабоду (свабоду думкі, меркаванняў, выказванняў, асацыяцый, перамяшчэнняў і выкладання) у адпаведнасці з каштоўнасцямі Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

У сферы вышэйшай адукацыі эксперты прапаноўваюць распрацаваць прававыя нормы і правілы, якія ўлічваюць еўрапейскую практыку ў галіне развіцця вышэйшай адукацыі і акадэмічнай мабільнасці:

— Напрыклад, забяспечыць празрысты адборачны працэс кандыдатаў па праграмах мабільнасці з прыцягненнем незалежных экспертаў і грамадскасці без татальнага дзяржаўнага кантролю. Важна прывесці структуру вышэйшай адукацыі ў адпаведнасць з трохступенчатай Балонскай мадэллю (бакалаўрэят — магістратура — дактарантура), уключыўшы ў яе і пачатковую вышэйшую адукацыю (кароткі цыкл). Улічваючы спецыфіку беларускай вышэйшай школы, сфармаваць дзве праграмы трэцяй ступені вышэйшай адукацыі: адукацыйна-навуковую (аспірантура, ад'юнктура), якая завяршалася б прысваеннем навуковай ступені кандыдата навук (доктара філасофіі), і навуковую (дактарантура) з прысваеннем навуковай ступені доктара навук.

Вярнуць навуку

Эксперт Грамадскага Балонскага камітэта Андрэй Лаўрухін адзначае: у Беларусі з 2007 года прымаюцца Дзяржаўныя праграмы інавацыйнага развіцця, аднак уключэнне ВНУ ў гэты працэс абцяжарана з-за вывядзення даследчых праграм у «сістэму паслявузаўскай адукацыі». Ды і фінансаванне навукова-даследчай дзейнасці ў сектары вышэйшай адукацыі Беларусі нязначнае. У 2011 годзе яно склала 0,06% да ВУП.

Пры гэтым сярэдняя доля выдаткаў у трацічным сектары адукацыі на даследаванні і інавацыі ў краінах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця вагаецца ад 0,2% у такіх краінах, як Чылі (0,17%) і Славакія (0,12%), да больш 0,6% у Фінляндыі (0,74%), Швейцарыі (0,72%) і Швецыі (0,94%).

У Беларусі адсутнічае дыферэнцыяцыя ВНУ на даследчыя і адукацыйныя. Няма і механізмаў стымулявання даследчага складніку вышэйшай адукацыі ні для выкладчыкаў, ні для студэнтаў.

Адбываецца перманентнае скарачэнне, старэнне і пагаршэнне кваліфікацыйнай структуры прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ Беларусі. У 2014 годзе доля прафесарска-выкладчыцкага складу дзяржаўных ВНУ ва ўзросце да 39 гадоў складала для кандыдатаў навук — 23%, дактароў навук — 1%. Дактароў навук, старэйшых за 65 гадоў — 36%, старэйшых за 60 — 54%, старэйшыя за 50 — 88%.

Фінансуецца навуковая дзейнасць ВНУ пераважна з бюджэту. Гэта негатыўна адбіваецца на матывацыі ВНУ даследчыкаў.

— У Беларусі няма рэлевантнай міжнародным патрабаванням сістэмы ацэнкі навуковай і рынкавай значнасці вынікаў дзейнасці ВНУ. Гэта робіць немагчымай канкурэнцыю як натуральны механізм выбракоўкі неэфектыўных ВНУ і спрыяе стагнацыі, росту кланавасці і карупцыі ў акадэмічным і навуковым асяроддзі, — адзначае Андрэй Лаўрухін.

Вярнуць навуку ў беларускія ВНУ, на думку незалежных экспертаў, можа толькі змена заканадаўства. У Кодэкс аб адукацыі яны прапануюць унесці палажэнні аб дыферэнцыяцыі ВНУ па профілях, і ўключыць туды статус ВНУ «Даследчы ўніверсітэт».

Рэформы, якія спрыяюць развіццю даследчых праграм і ўніверсітэцкай навукі, прапануецца праводзіць у трох напрамках і ў тры этапы.

— Па-першае, увесці ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі гнуткую, максімальна індывідуалізаваную сістэму стымулявання даследчай дзейнасці прадстаўнікамі прафесарска-выкладчыцкага складу, — прапаноўвае Андрэй Лаўрухін. — Па-другое, абвясціць адкрыты конкурс магістэрскіх, аспіранцкіх і дактаранцкіх даследчых праграм, а таксама даследчых цэнтраў і інстытутаў. І, нарэшце, распрацаваць дзяржаўную праграму развіцця нацыянальных даследчых універсітэтаў.

Грамадскі Балонскі камітэт лічыць неабходным аб'явіць рэспубліканскі конкурс на статус Даследчага ўніверсітэта, пераможцу якога будзе прадастаўлена дадатковае мэтавае дзяржаўнае фінансаванне, а таксама права правесці пераразмеркаванне педагагічнай і навуковай нагрузкі для ўзмацнення даследчага складніку.

Эксперты раяць перайсці ад бюджэтнай да грантавай (праектнай) мадэлі фінансавання на падставе рэйтынгаў ВНУ па выніках публікацыйную актыўнасці.


Ці стануць у Міністэрстве адукацыі разглядаць заканадаўчыя ініцыятывы экспертаў, залежыць шмат у чым ад таго, ці будзе прапанаваная Беларусі дарожная карта імплементацыі еўрапейскіх каштоўнасцяў у сферы адукацыі пры ўступленні ў Балонскі працэс. Калі карту прапануюць, будуць і перамены да лепшага, перакананыя прадстаўнікі Грамадскага Балонскага камітэта. Інакш уваходжанне ў Балонскі працэс можа апынуцца фармальнасцю.

Віктар Лістападаў, zautra.by

Пераклад НЧ

Каментаваць