Сваякі расстраляных у Оршы просяць выканкам вызначыць месца для мемарыяла

Больш за дзясятак лістоў накіравалі старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандру Пазняку сваякі расстраляных у Оршы ў перыяд масавага тэрору 1930-х гадоў. Яны просяць гарадскія ўлады вызначыць месца для памятнага знака ахвярам сталінскіх рэпрэсій.

На думку нашчадкаў ахвяр камунізму, гэта можа быць цэнтр горада каля былой турмы, дзе ўтрымліваліся рэпрэсаваныя, на Кабыляцкай гары ці на Магілёўскай шашы, дзе адбываліся масавыя расстрэлы. Лісты накіраваныя з Оршы, Мінска, Віцебска, Магілёва. Звароты высылалі таксама сваякі, якія пражываюць у Расіі, Італіі, Швецыі.

У асноўным людзі накіроўвалі індывідуальныя звароты. Але ёсць і групавыя лісты. Напрыклад, ад чатырох унучак расстралянага Сямёна Цеплякова, які пражываў у вёсцы Свісцелкі Аршанскага раёна. Ён быў арыштаваны 19 верасня 1937 года і за антысавецкую агітацыю прысуджаны "тройкай" да канфіскацыі маёмасці і вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. У 1989 годзе Цеплякоў быў пасмяротна рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобласці. Унучкі просяць усталяваць памятны знак на Магілёўскай шашы, на месцы былой вёскі Поддубцы. Паводле іх інфармацыі, дзядуля быў расстраляны менавіта там.

Зварот накіравала і 95-гадовая Зінаіда Пашкевіч. Яе маці, аўтарцы арнаменту на сцягу БССР, у 2015 годзе ў Сянно быў усталяваны памятны знак, а бацька Аляксей Пашкевіч быў расстраляны дзесьці ў Оршы. Дакладнае месца пахавання не ўстаноўлена. "Хачу пры жыцці ўшанаваць памяць свайго бацькі. Сцяг з арнаментам маёй маці Маркевіч Матроны Сяргееўны пабываў у космасе, а муж у быльнягу ляжыць", — напісала Зінаіда Аляксееўна.

Сваякі, аб'яднаныя грамадскай ініцыятывай "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы", просяць ад уладаў толькі вызначыць месца для памятнага знака, сам знак яны маюць намер усталяваць за свае сродкі.

 
Грамадская ініцыятыва "Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы" мае сувязь з 17 нашчадкамі расстраляных у Оршы. Многія з іх ужо ўсталявалі на Кабыляцкай гары памятныя шыльды, крыжы і нават помнік з імёнамі сваіх продкаў і іх сваякоў.

Паводле даследаванняў гісторыка Дзмітрыя Дразда, у Оршы НКВД расстраляў па меншай меры каля 1900 чалавек, сярод якіх было больш за 1100 беларусаў, звыш 500 палякаў, каля 40 яўрэяў, а таксама прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. І гэта толькі тыя, чые імёны ўдалося адшукаць у адкрытых базах даных.

У 1982 годзе падчас будаўніцтва галінкі чыгункі на Кабыляцкай гары былі знойдзены рэшткі 50 чалавек з кулявымі адтулінамі патыліцы. Афіцыйная камісія ў складзе прадстаўнікоў міністэрстваў абароны, унутраных спраў, пракуратуры, судмедэкспертаў устанавіла, што гэтыя людзі былі забітыя на Кабыляках у 1937-1940 гадах. Знойдзеныя парэшткі перазахавалі, а ў лістападзе 1990 года па рашэнні Аршанскага райвыканкама на Кабыляцкай гары ў гонар ахвяраў сталінізму быў усталяваны мемарыял. Аднак пазней афіцыйнае стаўленне да рэпрэсій у краіне змянілася, і мемарыял закінулі. Больш за 20 гадоў за ім даглядалі  грамадскія актывісты.

Ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» ўзнікла ў канцы 2017 года. Галоўнымі ініцыятарамі сталі нашчадкі расстраляных, якія дамагаюцца надання месцу афіцыйнага статусу. Цяпер ініцыятыва шукае нашчадкаў забітых, а таксама вядзе пошук звестак аб расстраляных.

Сачыць за навінамі ініцыятывы можна праз суполку ў Фейсбуку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць