Свет спачувае

У сувязі з выбухам у мінскім метро кіраўнікі краін і міжнародныя арганізацыі, вядомыя людзі выказалі спачуванне пацярпелым і ўсяму беларускаму народу.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуванне народу Беларусі і, у прыватнасці, сем’ям ахвяраў.

Дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс: «Наша спачуванне накіраванае ў першую чаргу сем’ям загінулых і пацярпелых».



У сувязі з выбухам у мінскім метро кіраўнікі краін і міжнародныя арганізацыі, вядомыя людзі выказалі спачуванне пацярпелым і ўсяму беларускаму народу.

Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спачуванне народу Беларусі і, у прыватнасці, сем’ям ахвяраў.

Дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс: «Наша спачуванне накіраванае ў першую чаргу сем’ям загінулых і пацярпелых».

А ранішняе пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы 12 красавіка пачалося з хвіліны маўчання ў памяць ахвяраў тэракту.

Вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях замежнай палітыкі Кэтрын Эштан сказала, што перадала свае спачуванні сем’ям, якія страцілі сваіх любімых або маюць параненых у выніку таго, што адбылося ў Беларусі: «Я глыбока шкадую аб трагічнай згубе людзей і шматлікіх параненых у выніку выбуху, які адбыўся на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Мінску. Хачу выказаць свае шчырыя спачуванні і падтрымку сем’ям ахвяр і народу Беларусі. Жадаю ўсім пацярпелым найхутчэйшага выздараўлення».

Амбасада ЗША выказала спачуванне ў сувязі з тэрактам у мінскім метро: «Мы самым рашучым чынам асуджаем гэты подлы і жахлівы акт. Мы жадаем усім параненым поўнага і хуткага выздараўлення».

Амбасада Рэспублікі Польшча накіравала на імя міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь спадара Сяргея Мартынава словы спачування міністра замежных спраў Рэспублікі Польшча спадара Радаслава Сікорскага ў сувязі з учарашнім тэрактам у Мінску: «Дазвольце выказаць словы майго глыбокага спачування сем’ям забітых і ўсяму братняму Беларускаму Народу, цярпенне якога заўсёды адгукаецца салідарнасцю ў сэрцах Польскага Народа. Сёння я скіроўваю свае думкі перш за ўсё да тых людзей, якія страцілі сваіх блізкіх у выніку гэтай страшнай трагедыі. Прыміце, спадар міністр, мае самыя шчырыя спачуванні». Таксама словы спачування перадалі пасол Рэспублікі Польшча Лешак Шэрэпка і прэм’ер-містр Дональд Туск.

На адрас МЗС РБ паступілі спачуванні ад міністра замежных справаў Ізраіля Авігдора Лібермана, міністра замежных справаў Латвіі Гірта Валдзіса Крыстоўскіса, кіраўніка МЗС Фінляндыі Аляксандра Стуба, міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, еўракамісара па пашырэнні і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле.

Спачуванні беларускаму народу выказаў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч, прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс і Малдовы Уладзімір Філат, прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, Эстоніі Томас Хендрык Ільвес, Грузіі Міхаіл Саакашвілі, Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

Ад імя Кітаю тэракт у мінскім метро рашуча асудзіў афіцыйны прадстаўнік МЗС КНР Хун Лэй. Свае словы падтрымкі народу Беларусі даслаў выканаўца абавязкаў прэзідэнта Малдовы Марыян Лупу.

Праз «Радыё Свабода» выказаў спачуванне Зянон Пазьняк: «Маё глыбокае спачуванне сем’ям, родным і блізкім усіх загінулых добрых нашых людзей ад выбуху 11 красавіка ў мінскім метро. Спачуваю таксама ўсім пакалечаным і параненым, зычу хутчэйшага загойвання і выздараўлення і спадзяюся, што цемра і страх знікнуць з нашага беларускага жыцця і людзі дамогуцца лепшай долі».

Выказала спачуванне ў сваёй заяве і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі: «Гэтая жудасная трагедыя кранае ўсіх беларусаў, і тых, хто на Бацькаўшчыне, і тых, хто на чужыне. Мы молімся па памерлых і жадаем хутчэйшага выздараўлення параненым».
 

Каментаваць