Святлана Карасёва раскажа пра “Рэлігійнасць у Беларусі: ад канцэпцый да дадзеных”

Выступ адбудзецца ў межах серыі лекцый “Галоўнае пытанне”, якую ладзіць Лятучы ўніверсітэт.



Пасля дзесяцігоддзяў дырэктыўнага атэізму вяртанне да рэлігійнасці ў былых савецкіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, мела шквальны характар. Адбыўся хуткі рост колькасці рэлігій і вернікаў, канфесій, рухаў, але разуменне іх сутнасці новымі паслядоўнікамі заставалася павярхоўным: у той момант была важнай сама магчымасць аднаўлення светапогляднай альтэрнатывы атэізму.

Паступова, па меры насычэння грамадства звесткамі пра рэлігіі, цікавасць да гэтай тэмы згасала. Тым не менш, узровень рэлігійнасці, які склаўся ў 1990-х, захаваўся. Больш за тое, увесь гэты час ён працягваў павольна, але няўхільна расці. Размеркаванне насельніцтва па канфесіях ў межах усталяванага раней узроўню таксама захавала структуру пачатку 2000-х.

Дадзеныя розных даследаванняў 2000-2010-х паказваюць, што доля людзей, якія лічаць сябе рэлігійнымі, у агульнай колькасці насельніцтва Беларусі складае ад 60% да 70%. Гэта людзі, якія шукаюць і знаходзяць у рэлігійнай сферы тое, чаго ім не хапае ў свецкім.

Што менавіта? Што наогул для іх значыць быць ці лічыць сябе рэлігійнымі? Чаму ў сваім рэлігійным выбары яны звяртаюцца менавіта да той, а не іншай рэлігіі, канфесіі, руху? Наколькі паслядоўная іх рэлігійная пазіцыя? Як яна ўплывае на іншыя бакі іх жыцця? на сацыяльнае асяроддзе?

Сама пастаноўка даследчых пытанняў пра рэлігійнасць залежыць ад трактоўкі гэтага феномену і ад уцягнутасці ў яе. Розныя даследчыкі задаюць розныя паняційныя рамкі і лагічную схему таго, што менавіта яны вывучаюць. У адпаведнасці з гэтымі рамкамі яны канструююць вымяральны інструмент. Канкрэтны інструмент выхоплівае з рэальнасці дадзеныя, адпаведныя менавіта яго вымяральнаму алгарытму. Так канцэпцыя прадмета даследавання ўплывае на характар ​​атрыманых дадзеных.

У выніку, калі дадзеныя становяцца здабыткам грамадскасці (прафесійнай, потым шырокай), яны паказваюць феномен у пэўным праламленні: адлюстроўваюць не фактычны яго стан, а даследчы канструкт. Гэта добра вядома прафесіяналам, але зусім не відавочна для шырокай публікі. Праблема літаральнага ўспрымання грамадствам вынікаў навуковых даследаванняў дыктуе неабходнасць распрацоўкі комплексных, шматбаковых даследчых мадэляў, здольных прадстаўляць супярэчлівыя дадзеныя як грані адзінага цэлага.

9 снежня а 18.30 у межах серыі «Галоўнае пытанне» Лятучы ўніверсітэт запрашае на адкрытую лекцыю кандыдата філасофскіх навук Святланы Карасёвай «Рэлігійнасць у Беларусі: ад канцэпцый да дадзеных». Мы даведаемся пра розныя падыходы да даследавання рэлігійнасці ў Беларусі ў 1990-2000-х, пра ўплыў дадзеных на стаўленне грамадства і яго інстытутаў да рэлігіі і пра маштабныя комплексныя даследаванні рэлігійнасці, якія былі праведзеныя ў 2012-2015 факультэтам філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Арганізатары просяць усіх жадаючых папярэдне зарэгістравацца. Колькасць месцаў будзе абмежаваная. Інфармацыя пра месца лекцыі будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам.

Дадатковая інфармацыя па тэл: +375297422040

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-12-03 14:53:06
Гэты загадкавы тэг "Лятучы ўнівеТсітэт"...

Каментаваць