Свет павінен ведаць, у якім асіміляцыйным пекле знаходзіцца Беларусь

Пра гэта 24 ліпеня ў Мінску у сваім выступе на VI з’ездзе беларусаў свету заявіў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч.



Ленаід Лыч на VI з'ездзе беларусаў свету. Фота Марата Гаравога


Паводле ягоных слоў, дзякуючы «праклятай афіцыйнай палітыцы дзвюхмоўся» беларусы па сутнасці згубілі сваю мову. На ягоную думку, пад час такіх мерапрыемстваў, як з’езд беларусаў свету, трэба гаварыць пра тое, «як выйсці нам з гэтага асіміляцыйнага  пекла. Бо ў нас жыццё такое, які пісаў слынны наш эміграцыйны паэт Масей Сяднёў: «Было б не нарадзіцца табе лепей, чым нарадзіўшыся — не жыць…»

«Я лічу, што не першы дзясятак гадоў у нас няма сапраўднага беларускага нацыянальна-культурнага жыцця. Мы жывём чужымі адходамі і нічога вартага не ствараем для сябе. І гэта ўсё з-за таго, што ў нас моцна абмежаваны сацыяльныя функцыі беларускай мовы», — падкрэсліў навукоўца.

На ягонае меркаванне, каб хоць трохі выправіць становішча, трэба вынесці сваё гора з хаты. «Свет вельмі добра ведае, як прыгнятаюцца нацыянальныя правы баскаў, валійцаў, ірландцаў і каталонцаў, але свет нічога не ведае, што робіцца на Беларусі. Мы не можам правесці на Бацькаўшчыне чынную канферэнцыю на працягу двух-трох дзён, каб разгледзець праблему выратавання беларускай нацыі ад этнічнага вымірання. А вось што датычыць суполак дыяспары, яны маглі б правесці такую канферэнцыю. Нам трэба праз усе каналы ісці ў цывілізаваны свет і паказваць, што ў нас робіцца ў краіне. Я думаю, свет не будзе абыякавы да лёсу дзесяцімільённага этнасу, які мае такую багатую гісторыю і знікае з твару зямлі. Мы абавязкова знойдзем падтрымку сярод прагрэсіўнай грамадскасці свету», — адзначыў Леанід Лыч.

Леанид Лыч прапанаваў беларускай дыяспары браць прыклад з паваеннай беларускай эміграцыі, якая не баялася ісці на сустрэчы з высокімі партыйнымі і савецкімі прадстаўнікамі БССР пад час іх замежных паездак.

Акрамя таго, Леанід Лыч прапанаваў арганізваць выхад саліднай газеты беларусаў замежжа, а таксама правесці ў краінах сталага пражывання беларусаў свету трохгадовы пастаянна дзеючы семінар па праблеме захавання этнакультурнай самабытнасці беларусаў. 

Каментаваць