"Свісток" знішчаюць. Акрыты ліст да Мінкульта

24 красавіка актывіст грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Андрэй Аксёнаў звярнуўся да намесніка міністра культуры Віктара Кураша і начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага з адкрытым лістом-заявай.



Вот гэтыя дамкі хутка могуць знесці


Ён просіць міністэрства прадаставіць дакладную і своечасовую інфармацыю аб тэрмінах і выніках разгляду пытання аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці драўлянай забудове па вуліцы Волатаўскай у Гомелі.
 

Нагадаем, унікальная драўляная забудова канца XIX — пачатку XX стагоддзя разбураецца, на яе месцы плануецца будаўніцтва шматпавярховага дома.
 

Як паведаміў Аксёнаў, ён, як грамадзянін, не можа заставацца ў баку ад праблемы і абыякава назіраць, як родны горад незваротна губляе чарговую часцінку свайго мінулага. "Гомель адрозніваецца сваёй непаўторнай драўлянай забудовай са своеасаблівай карункавай разьбой. Неабходна захаваць найбольш яркія ўзоры драўляных дамоў канца XIX — пачатку XX стагоддзя для стварэння ў будучыні турыстычнага комплексу. Канешне, праблем для захавання будынкаў больш чым дастаткова. Але называць такія дамы "трухлявымі" і па гэтай прычыне ўсе іх зносіць — гэта не вырашэнне пытання, а элементарнае імкненне адным махам ад іх пазбавіцца, выкрасліць з гістарычнай памяці", — напісаў у заяве актывіст.
 

Ён са шкадаваннем канстатуе, што гарадское кіраўніцтва працягвае рабіць усё, каб канчаткова пазбавіцца ад праблемы, не звяртаючы ўвагі і не ўлічваючы меркаванне вучоных і спецыялістаў, не праводзячы з грамадзянамі шырокага грамадскага абмеркавання.
 

Да заявы Аксёнаў прыклаў пяць відэаматэрыялаў розных СМІ, якія ўздымаюць праблему захавання драўлянай забудовы.
 

Далейшы лёс драўлянай забудовы залежыць ад вынікаў пасяджэння Савета па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, які павінен вырашыць, ці з'яўляюцца гэтыя шэдэўры драўлянага дойлідства помнікамі архітэктуры альбо пойдуць пад знос.

Працяг тэмы чытайце ў №16 газеты "Новы час"

 

Каментаваць