Свята, якое заўсёды з намі

Афіцыйна абвешчаны старт палітычнай кампаніі года — выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Краіна не надта аклімалася пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У турмах яшчэ знаходзяцца тыя, хто адважыўся кінуць выклік кіраўніку дзяржавы, плошча Незалежнасці ў Мінску не паспела страціць флёр успамінаў брутальнага вечару 19 снежня 2010 года. Але ёсць загад — правесці выбары як свята!

Афіцыйна абвешчаны старт палітычнай кампаніі года — выбараў у Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Краіна не надта аклімалася пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У турмах яшчэ знаходзяцца тыя, хто адважыўся кінуць выклік кіраўніку дзяржавы, плошча Незалежнасці ў Мінску не паспела страціць флёр успамінаў брутальнага вечару 19 снежня 2010 года. Але ёсць загад — правесці выбары як свята!

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што парламенцкія выбары — гэта не толькі найважнейшая палітычная падзея для краіны, але і адказны экзамен для дзеючай улады, асабліва ўлады мясцовай. Ён мяркуе, што ўлады навучыліся ладзіць электаральныя кампаніі як свята, то трэба і надалей трымаць гэтую марку. «Мы навучыліся праводзіць выбары як свята для беларускага народа. Давайце яшчэ раз зробім гэта свята. Гэты дзень павінен быць святам для людзей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Якое гэта свята, варта было б спытаць не толькі ў тых, хто мае магчымасць у дзень выбараў кульнуць на выбарчым участку чарку-другую і закусіць піражком, але і ў тых, хто прайшоў праз турмы, допыты, хто быў вымушаны з’ехаць у эміграцыю якраз далей ад беларускага «свята».

Відавочна, бліжэйшым часам у падыходах да арганізацыі выбарчага працэсу нічога не зменіцца. «Хачу адразу папярэдзіць. Ні пад каго звонку мы не павінны падладжвацца і не будзем гэта рабіць. Выбары праводзяцца для беларускага народа і выключна ў яго інтарэсах. Беларусь — суверэнная дзяржава і не прыме ніякага ўмяшання», — заявіў Лукашэнка. І дадаў, што ў краіне «як працавалі, так і будуць працаваць у звычайным рэжыме, без аўралу і надзвычайшчыны».

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба старанна падысці да фармавання выбарчых камісій. «Прыняцце рашэнняў аб іх утварэнні варта рабіць, як таго патрабуе закон, адкрыта, з удзелам палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, тых, хто годна зарэкамендаваў сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў. Тыя ж, хто раней спрыяў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу», — адзначыў Лукашэнка. Гэта азначае, што падрыхтаваныя людзі ад апазіцыйных партый, НДА, якія раней мелі прэтэнзіі да працы выбаркамаў, наўрад  ці змогуць прайсці адбор.

Разам з тым ёсць намер рэгістраваць усіх. «Усіх, хто мае права быць зарэгістраваным, трэба рэгістраваць. Кожнаму грамадзяніну краіны павінны быць прадстаўлены ўсебаковыя магчымасці для рэалізацыі права абіраць і быць абраным», — сказаў Лукашэнка. Ён папярэдзіў, што перадвыбарная агітацыя будзе строга кантралявацца: «Відавочна, што вядзенне перадвыбарнай агітацыі не можа ажыццяўляцца па правілах масавых вулічных акцый. Задача праваахоўных органаў — не дапусціць перарастання перадвыбарных сустрэч у падобныя мерапрыемствы. Правапарадак павінен быць забяспечаны паўсюдна!»

Апазіцыйныя лідары паўгода ламалі дзіды, абмяркоўваючы фармат удзелу ў выбарах. Але ў выніку кожны бок застаўся пры сваім: апазіцыя — раз’яднанай, улада — на ранейшых пазіцыях. Гэтая электаральная кампанія наўрад ці прынясе нешта новае. Таму можна проста заплюшчыць вочы і прыгадваць ранейшыя парламенцкія выбары — вы нічога не прапусціце.

Калі ж нехта захоча ўвязацца ў гульню з шулерам, то варта звярнуць увагу на тэхнічныя моманты. Вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій пройдзе не пазней за 6 ліпеня, а іх стварэнне — не пазней за 9 ліпеня. Участкі для галасавання будуць створаныя да 21 ліпеня. Вылучэнне прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі пройдзе да 5 жніўня, а сфармаваныя яны мусяць быць не пазней за 8 жніўня. Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты будзе праходзіць ад 15 ліпеня па 13 жніўня, а іх рэгістрацыя — ад 14 па 23 жніўня. Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пройдзе з 2 па 31 жніўня, іх абранне — з 6 па 25 верасня. На тэрыторыі Беларусі 110 выбарчых акругаў — па колькасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Ёсць яшчэ магчымасць прыняць удзел у больш канструктыўнай дзейнасці — назіранні. Так, грамадзянская кампанія за «Справядлівыя выбары» мае намер вылучыць на парламенцкіх выбарах 23 верасня тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і дзве тысячы назіральнікаў. На парламенцкіх выбарах будуць і іншыя кампаніі кантролю за іх правядзеннем. «У інтэрнэце будзе весціся кампанія па фіксацыі фактаў парушэнняў, праваабаронцы будуць весці маніторынг выбараў. Наша ж мэта — гэта кампанія актыўнага назірання. Мы будзем не толькі фіксаваць парушэнні, але і спрабаваць паўплываць на практыку правядзення выбараў», — падкрэсліў сустаршыня кампаніі, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін.

З добрых навінаў і такая: упершыню ў гісторыі парламенцкіх выбараў у Беларусі кандыдаты ў дэпутаты атрымалі права ствараць свой уласны фінансавы фонд. Кандыдат у дэпутаты можа ўнесці ў яго не больш за 20 базавых велічыняў. Фізічная асоба, якая падтрымлівае кандыдата, — не больш за 5 базавых, а юрыдычная — не больш за 10 базавых велічыняў. Але, незалежна ад памераў фонду кандыдата ў дэпутаты, патраціць на кампанію ён можа не больш за сто мільёнаў рублёў. Магчыма, гэтае новаўвядзенне надасць крыху дынамічнасці і яркасці кампаніі. Але вынік галасавання ад гэтага не залежыць. Старыя прынцыпы фармавання выбарчых камісіяў і падліку галасоў даюць магчымасць для абсалютнага кантролю ўладаў за выбарамі і, адпаведна, выдачу любых выніковых лічбаў.
 

Каментаваць