Свята Каляды — на сучасныя лады

Як хораша, што дзяржаўны статус Калядаў дазваляе беларусам сустракаць Божае нараджэнне ці то са святочнай куццёй за сталом, ці то на імшы ў хрысціянскіх каталіцкіх і пратэстанцкіх бажніцах, ці то ў хаўрусе вясёлых калядоўшыкаў. І хоць да экуміністычнай ідыліі ў краіне яшчэ далёка (маўляў, то “польскія Каляды, а мы будзем сустракаць нашы — “рускія!), свята дае нам магчымасць паразважаць перад каляднымі свечкамі пра цуд з’яўлення на свет Божы нашага Збаўцы...



Як хораша, што дзяржаўны статус Калядаў дазваляе беларусам сустракаць Божае нараджэнне ці то са святочнай куццёй за сталом, ці то на імшы ў хрысціянскіх каталіцкіх і пратэстанцкіх бажніцах, ці то ў хаўрусе вясёлых калядоўшыкаў. І хоць да экуміністычнай ідыліі ў краіне яшчэ далёка (маўляў, то “польскія Каляды, а мы будзем сустракаць нашы — “рускія!), свята дае нам магчымасць паразважаць перад каляднымі свечкамі пра цуд з’яўлення на свет Божы нашага Збаўцы...

(На здымку: Зміцер Сасноўскі, лідэр гурта "Стары Ольса")


Сярод тых, хто святкуе Каляды традыцыйным чынам, вылучаецца і асяродак тых людзей, у асноўным маладога веку, якія імкнуцца да новых калядных уражанняў, да новага асэнсавання старажытнага свята. Гэтыя людзі прапанавалі мінскім слухачам святочную музычную дзею пад назвай “Калядны Фэст, які на мінулым тыдні сабраў сваіх прыхільнікаў у сталічным клубе “Рэактар. Як падкрэсліў вядучы і ініцыятар фэсту, лідэр гурта “Стары Ольса Зміцер Сасноўскі, новая форма святкавання Каляд не адмяняе сэнсу старажытнага свята, а толькі дапамагае яму набыць сучаснае адценне, пашырае зацікаўленасць яго гісторыяй і семантыкай у маладзёжным асяроддзі.

Пераапрананне – частка тэатралізаванага рытуалу свята, калі калядоўшчыкі па вёсках вадзілі за сабой “казу, “мядзведзя ці “жорава. Арганізатары “Каляднага Фэсту падтрымалі гэту традыцыю і паабяцалі тым, хто прыйдзе ў клуб “Рэактар у калядным касцюме, святочны падарунак. Таму сярод сярод стракатага гурта наведвальнікаў фэсту выгадна вылучаліся маладыя хлопцы і дзяўчаты ў масках і тэматычных касцюмах. Пераважалі белыя з чырвоным на полі колеры нацыянальных строяў і аксаміт сярэднявечных касцюмаў. Дзецям было цікава прыйсці і пакрасавацца на гэтым фэсце ў рыцарскіх латах, няхай сабе пакуль і з кардону! Усіх іх чакаў абяцаны падарунак – дыск-складанка твораў беларускіх выканаўцаў.

Пакуль арганізатары адзначалі лепшыя святочныя строі і адорвалі іх уладальнікаў падарункамі, на сцэну выйшаў першы ўдзельнік “Каляднага Фэсту – дударскі гурт “Кашлаты Вох. Трэба адзначыць, што “кашлатасць – адна з асаблівасцяў музыкі гэтага арыгінальнага трыо і адпавядае зусім рэдкаму сучаснаму стылістычнаму адгалінаванню ў фольк-мадэрне – фольк-панку (© В. Мартыненка). Разам з гэтым музыканты “Кашлатага Воха неслі слухачам столькі энергетыкі і драйву, што здавалася: мы знаходзімся на сапраўдным рок-канцэрце. Але са сцэны гучалі толькі беларускія дуды і вялікі бубен! Прадзюсер гурта Андрэй Апановіч упэўнены, што ўзрастаючае выканаўчае майстэрства музыкантаў “Кашлатага Воха хутка дазволіць ім апынуцца ў эліце беларускага дударскага руху. Што ж, будзем чакаць ад музыкаў новых музычных адкрыццяў і апрацовак, кшталту знакамітага ў іх аранжыроўцы каляднага спеву “Саўка ды Грышка.



Удзельніцы гурта “Расалія пад кіраўніцтвам Аксаны Касцян яшчэ раз засведчылі, што гэтым дзяўчынам пад сілу выкананне сярэднявечных твораў вялікай ступені складанасці. Гэтым разам “Расалія здзіўляла слухачоў новымі апрацоўкамі твораў “Полацкага сшытка, аўтарскімі версіямі сярэднявечных і фальклорных мелодый. Галоўны цэнтр прыцягнення слухацкай увагі – Аксана, якая віртуозна грала на шалмеі, дудзе і іншых духавых інструментах. Відавочна, што ад канцэрта да канцэрта яе выканаўчы арсенал папаўняўцца новымі прыёмамі і адценнямі гукавой інструментальнай палітры. Гэтыя словы ў вялікай ступені адносяцца і да іншых удзельніц гурта “Расалія. Але асаблівую захопленасць у слухачоў выклікае тое, што Аксана Касцян, разам са знаным педагогам Кацярынай Радзівілавай з’яўляюцца піянерамі жаночага адгалінавання ў беларускай дударскай школе. Гэта Аксана і пацвердзіла, калі пазней выйшла на сцэну з шатландскай дудой-хайлэндам і віртуозна выканала на гэтым экзатычным для нас інструменце парафраз на тэмы беларускага і шатландскага фальклору.

Здзівіў слухачоў і знаны ў колах прыхільнікаў медыевальных музычных накірункаў гурт “Rokash. Радыкальныя змены ў вонкавым іміджы салісткі Паліны Дулінец былі падмацаваныя і музычнымі інавацыямі. Яны тычыліся як больш шчыльнага запаўнення гукавой палітры гурта драйвавымі рытмамі арт- і metal-рока, так і ўскладненнем аранжыровак для клавішных інструментаў. Няглядзячы на гэта, музыкі гурта “Rokash засталіся вернымі свайму творчаму крэда – адлюстраванню рамантычна-музычнага вобраза нашай Бацькаўшчыны. Напэўна, таму слухачы з вялікай прыхільнасцю сустрэлі старыя кампазіцыі гурта ў новым гучанні, сярод які вылучу песні “Восень, “Запалі агонь, лірычную кампазіцыю “У тваіх вачах і іншыя творы. Назіраючы за творчым ростам гурта “Rokash ды вышэй згаданых маладых каманд, мушу адзначыць іх заўважны прафесійны рост у галіне кампазіцыі і аранжыроўкі, што стала адной з неспадзяванак сёлетняга “Каляднага Фэсту.



І гэта не дзіва: у маладых выканаўцаў ёсць у каго вучыцца далікатнасці абыходжання з музычным матэрыялам, асабліва калі гэта тычыцца нашай і еўрапейскай музычнай спадчыны. У ролі такіх настаўнікаў які ўжо раз выступіў гурт “Кейлі Кёл пад кіраўніцтвам Алеся Чумакова. Цэнтральнае месца ў рэпертуары гэтага гурта займае ірландская музычная тэматыка, але пераўвасобленая па-беларуску. Музыкі гурта “Кейлі Кёл прысвяцілі айчынным героям-паўстанцам некалькі цудоўных твораў, сярод якіх адзначу балады “Ясік, “Плятэр, “Як толькі месяц узыйдзе, “За Радзіму, за герояў!, а таксама выканалі шатландскую традыцыйную песню на тэкст Р. Бернса “Стары слаўны час.

Гераічна-ўзнёслую старонку фэста змяніла віхура калядных скокаў. Гэта на сцэне з’явіўся гурт "UNIA" са сваімі калядкамі на новы лад! Колькі ўжо раз пераконваўся, што гэтыя маладыя музыканты маюць вялікі творчы патэнцыял, таму што шмат увагі надаюць сваёй вакальнай падрыхтоўцы. Іх апрацоўкі не назавеш на сто адсоткаў арыгінальнымі¸ але гурт "UNIA" без лішніх сантыментаў падкупляе сваёй маладосцю і дынамізмам. Таму вядомыя песні ад "UNIA" “Каля кузні, “Хлопец пашаньку пахае, “Не парой ты зара..., а таксама рытмы новай апрацоўкі – “Базар (хоць у песні ўзгадваецца Пакроўскі кірмаш) пераўтварылі танцпол клуба “Рэактар у суцэльны палігон для калядных танцавальных эксперыментаў! Гэтым сэт гурта "UNIA" ў нечым перахапіў ініцыятыву ў хэдлайнераў “Каляднага фэста – гурта "LitvinTroll", які завяршаў калядны канцэрт у “Рэактары.



Адным з галоўных дзеючых асоб "LitvinTroll" гэтым вечарам стаў бубнач гурта “Стары Ольса, а цяпер шараговец Беларускага войска Сяргей Тапчэўскі. Кіраўніцтва часткі, дзе ён служыць, дазволіла паехаць у сталіцу з мэтай паўдзельнічаць у фэсце. Вось Сяргей і скарыстаўся прадстаўленай магчымасцю напоўніцу. Па “Лошыцкаму фэсту мне вядома, што С. Тапчэўскі – адмысловы дудар. І толькі на гэтым канцэрце ўдалося пачуць яго выкананне ў складзе гурта. Скажу, што эксперымент удаўся на славу, і слухачы горача віталі Сяргея і рок-гурт "LitvinTroll", якія разам выканалі ўжо вядомыя песні з альбома "Rock-&-troll", а таксама новую кампазіцыю пад пакуль умоўнай назвай “Пра караля...

Цяпер мне асабіста шкада, што падчас працы над уводзінамі да дыска-складанкі “Фестываль рух Беларусі я зусім забыўся згадаць “Калядны Фэст – адзін з праектаў Змітра Сасноўскага, якія разам з “Таўкачыкамі на Каляды Юрыя “Франца Выдронка ўзбагачаюць святочную музычную палітру нашай краіны. Адное толькі суцяшае, што ўрэшце толькі прыхільнасць слухачоў з’яўляюцца галоўнымі крытэрыем вартасці таго ці іншага музычнага мерапрыемства. А слухачы ўжо некалькі гадоў запар сваёй прысутнасцю сцвярджаюць: традыцыі “Каляднага Фэста быць!



Каментаваць