Свята незалежнасці

31 жніўня ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску амбасада Украіны арганізавала ўрачысты прыём у гонар свята 19-годдзя Незалежнасці краіны, якое было адзначана 24 жніўня.

31 жніўня ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Мінску амбасада Украіны арганізавала ўрачысты прыём у гонар свята 19-годдзя Незалежнасці краіны, якое было адзначана 24 жніўня.

Прадстаўнікам акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місій, беларускіх дзяржаўных, навуковых і культурніцкіх устаноў, палітыкам, грамадскім дзеячам і журналістам была прадстаўлена кароткая відэасправаздача з пераломных для ўсяго былога СССР 1990-х гадоў і зварот новага прэзідэнта Украіны. На вялікім экране праплылі жывы ланцуг людзей, якія ў дні абвяшчэння незалежнасці рука ў руку сталі ад Кіева да Львова, жоўта-блакітны сцяг, упершыню ўзняты над Львоўскай ратушай, сцэны падпісання дамовы ў Віскулях у снежні 1991 года. У прамове Віктара Януковіча гучалі важныя словы пра ўмацаванне дэмакратычнай дзяржаўнасці, грамадскай супольнасці і свабоды слова ў краіне, прынцыпы, якія ён лічыць найважнейшымі для развіцця сваёй краіны.

З вітаннямі да прысутных звярнуліся Раман Безсмертны, надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў РБ, і ад беларускага боку намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка. Раман Безсмертны, адзначыўшы важнасць падзеі — «заваявання незалежнасці, за якую змагаліся і гінулі пакаленні ўкраінскага народу, і якая нарэшце адбылася», пажадаў далейшага ўмацавання беларуска-ўкраінскага сяброўства. Андрэй Еўдачэнка заўважыў, што Украіна і Беларусь маюць вялізны патэнцыял і ўсе магчымасці для развіцця двухбаковых адносін.

Канцэрт, які завяршыў імпрэзу, паказаў, што і стасункі ў галіне культуры маюць усе магчымасці пашырацца. У выкананні беларускіх артыстаў — лірычнага тэнара Эдуарда Мартынюка, Алы Губы-Пласкіны, Андрэя Валенція, украінскіх — саліста Нацыянальнай оперы Украіны Сурэна Максутава і іншых прагучалі арыі з опер М. Лысенкі «Тарас Бульба» і «Наталка-палтаўка», Дз. Смольскага «Сівая легенда», Дж. Пучыні і Дж. Вердзі.

Каментаваць