Адышоў у лепшы свет Анатоль Грыцкевіч

Гісторык-легенда. Ён заўсёды быў прыкладам для тых, хто цікавіўся спадчынай, любіў гісторыю і Беларусь. Ён заўсёды быў прыкладам для тых, хто меў смеласць выказваць сваё меркаванне, мець свае погляды.



svaboda.org


"Сёння вечарам, 20 студзеня, пасля цяжкай хваробы на 86-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, паведаміла "Наша Ніва". Прачытала гэта, і шчымліва забалела за грудзінай.

Не, я не ведала Анатоля Пятровіча асабіста, але заўсёды захаплялася яго навуковымі творамі, грамадзянскай пазіцыяй і яго неверагоднай працаздольнасцю. І тады, калі яшчэ студэнткай гістфака бачыла яго ў Ленінцы. І тады, калі ўжо працавала ў журналістыцы. 

Гэта ён, лекар, па сваёй першай адукацыі, нязменна выказваў свой погляд на гісторыю Беларусі як самастойнай і сапраўды еўрапейскай дзяржавы. Ён даводзіў, што нашаму народу, са сваёй мовай і культурай, якому належала вызначальная роля ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Ён падштурхнуў шмат каго да беларушчыны сваімі навуковымі даследаваннямі і сваёй пазіцыяй...

Беларусь смуткуе... Яна страціла яшчэ аднаго годнага грамадзяніна. Смуткуюць сваякі і сябры. Смуткуюць і тыя, хто ведаў Анатоля Пятровіча толькі па СМІ. Але тое, што ён паспеў зрабіць у гэтым жыцці застанецца з намі.
 

Восенню 2014 года выйшла чарговая і на жаль апошняя прыжыццёвая кніга Анатоля Грыцкевіча "Сцягі Оршы". А ў жніўні "Новы час" друкаваў артыкул "Перамога, якая захавала незалежнасць", падрыхтаваны на аснове артыкулу "Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.", стар. 574–588, у кнізе: Анатоль Грыцкевіч. Выбранае, Мінск, «Кнігазбор», 2012.

Прапануем вам яшчэ раз дакрануцца да мудрасці чалавека і дасведчанасці гісторыка Анатоля Грыцкевіча. Светлая яму памяць...

Развітанне з Анатолем Пятровічам Грыцкевічам абудзецца 22 студзеня а 12-й гадзіне ў Чырвоным касцёле, дзе пройдзе адпяванне. Пасля крэмацыі прах Анатоля Грыцкевіча пахаваюць у магіле маці на Усходніх могілках Мінску.

Каментаваць