Шлях да Перамогі. Як ствараўся Нараўскі плацдарм

Адной з ключавых бітваў, якія адбыліся падчас вызвалення Польшчы ад нацыстаў у 1944-1945 гг., мела месца ў раёне Пултуска. У тых кровапралітных баях загінала шмат савецкіх жаўнераў і афіцэраў. Іх прах назаўсёды застаўся ў польскай зямлі.
 Мемарыял у Клешаве. Фота istpravda.ru

 Мемарыял у Клешаве. Фота istpravda.ru


Могілкі


На дарозе з Варшавы ў Астраленку, ля вёскі Клешава, знаходзіцца вялікае савецкае вайсковае пахаванне. Яно займае тэрыторыю больш чым у 2 гектары і было створана ў 1948-1949 гг.





Мемарыял у Клешаве











Вянок ад беларусаў








Менавіта тады была праведзена праца па эксгумацыі і пераносу парэшткаў савецкіх воінаў, пахаваных на могілках у Путлуску, Остраве Мазавецкім, Сероцку, Ружане і іншых населенных пунктах на агульнае брацкае пахаванне. Тут спачываюць парэшткі 16 643 жаўнераў і афіцэраў савецкай арміі. Большасць з іх ваявала ў складзе 1-га і 2-га Беларускіх франтоў і загінула падчас кровапралітных баёў пры пашырэнні Нараўскага плацдарму.



Пераправа



Пасля пераходу дзяржаўнай мяжы (з верасня 1939 года) савецкія войскі (48-я і 65-я арміі) развівалі наступ на Захад і восенню1944 года захапілі плацдарм ля польскіх населенных пунктаў Пултуск, Ружан, Сероцк. Немцы разумелі небяспеку савецкага прарыву, таму да апошняга абаранялі свае пазіцыі.





Чырвоная Армія ў Польшчы, восень 1944-га





Немцы рыхтаваліся стрымаць "бальшавікоў" на Нараве



Больш таго, камандаванне вермахта не без падставы называла “нараўскі плацдарм” – “пісталетам, накіраваным у сэрца Германіі”. 3 верасня 1944 года часткі 1-га Беларускага фронта прарвалі абарону праціўніка і фарсіравалі раку Нараў на паўночны-усход ад Ружан і ўмацаваліся на правым беразе. Вось як тыя падзеі апісваў іх удзельнік, гвардыі-капітан Аляксандр Рабцаў: “Артылерысты 118-га гвардзейскага стралковага палка знайшлі брод, пераправіліся праз раку і, развярнуўшы гарматы на прамую наводку, адкрылі агонь па агнявых кропках і контратакуючай пяхоце праціўніка.





Мемарыял у Клешаве



Ім было ўсяго 20...























114-ты гвардзейскі стралковы полк наступаў на правым фланзе дывізіі. Суседа з права не было.[...] Ноччу нямецкія танкі ціхім ходам, не адкрываючы агню, неспадзявана падышлі да нашых пазіцый і пачалі прасаваць нашыя траншэі гусеніцамі”. На наступны дзень савецкае камандаванне падцягнула сюды рэзервы, што дазволіла адбіць атакі немцаў і нават пашырыць плацдарм. Аднак нацысты не жадалі здавацца і кінулі супраць наступаючых пяхоту, узмоцненую 150 самаходкамі і такамі.



Вытрымаць удар



Раніцай 5 верасня 1944 года савецкая 1-я гвардзейская мотастралковая брыгада фарсіравала Нараў на Поўнач ад мястэчка Сероцк і уклінілася ў нямецкую лінію абароны.





Савецкія бранябойшчыкі



Хутка сюды пераправілася і пяхота 105-га стралковага корпуса 65-й арміі. Супраць іх нацысты кінулі 3 танкавыя і 3 пяхотныя дывізіі, а таксама, асобную танкавую брыгаду.





Мой дзед, Юрый Васільевіч Бабкоў (справа), удзельнік баёў на Нараўскім плацдарме весенню 1944 года



“Асабліва цяжка прыйшлося перадавым падраздзяленням. Немцы іх давілі танкамі. Таму нам, бранябойшчыкам. Прыйшлося прыкрываць пяхоту. А хто цябе самога прыкрые? Пазіцыю трэба мяняць, бо немцы хутка прыстрэльвалі тое месца, дзе мы сядзелі. Вось так і ваявалі”, – узгадваў тыя баі мой дзед, удзельнік баёй на Нараўскім плацдарме, сяржант Юрый Бабкоў. Дарэчы,  там ён атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль “За адвагу”. І выжыў. Аднак для шматлікіх нашых жаўнераў тыя баі сталі апошнімі.



Адступленне



Немцы з апошніх сіл імкнуліся скінуць чырвонаармейцаў у Нараў. У пачатку кастрычніка 1944 года нацыстам удалося пацясніць савецкія войскі на 3-4 км. Той жа капітан Аляксандр Рабцаў узгадваў: “У 7 гадзін 4 кастрычніка 1944 года, праціўнік, пасля гадзіннай артылерыйскай і мінамётнай падрыхтоўкі, нанёс моцны ўдар па цэнтру плацдарма пры падтрымке танкаў і штурмавых гармат. Немцам удалося рассекчы дывізіі 105-га стралковага корпуса і прымусіць іх адысці на другую лінію абароны. […] Спякотны бой працягваўся.





Немцы не жадалі пускаць савецкую армію за Нараў



У 10 гадзін раніцы немцам удалося прарвацца да другой лініі нашай абароны. Навокал стаіць грукат ад снарадаў, мін, кулямётных стрэлаў. Аднак праціўніку не ўдалося сходу прарваць нашую абарону. Яго наступ быў спынены агнём артылерыі, мінамётаў і цяжкіх танкаў. […] Раніцай немцы нанеслі чарговы ўдар. На гэты раз па левым фланзе войскаў, якія абаранялі Нараўскі плацдарм”.





А вось як тыя ж крававыя падзеі апісваў іншы іх удзельнік, чырвонаармеец Гай Шахмаеў: “Камандзір накіраваў мяне з заданнем, праверыць, чаму сувязісты сыходзяць сувязь наладжваць і не вяртаюцца. Выйшаў я на месца, гляджу ні сувязістаў, ні жаўнераў. Вярнуўся ў зямлянку да камандзіра – а там ўсё раскідана, нікога няма. Што такое, думаю? Пазней убачыў. Што ўсе адступаюць, бягуць па траншеі ў бок ракі. Мы па траншэі бяжым, а афіцэры вылезлі з ёй і па брустверы, хутчэй да ракі бягуць.



Артылерысты з гаўбіцамі не ведаюць, што рабіць. Сродкаў пераправы няма. Павытасківалі затворы, у рэку кінулі і адтупаць. Дабраліся да ракі, а яна не вялікая, але вада халодная. Каб пераплыць, скінуў я шынэль і рэмень. Думаю, калі боты скіну, то на тым баку зусім замёрзну. Разуўся, боты шнуркамі прывязаў, на шыю павесіў і пайшоў у ваду. Да вострава па нацягнутым тросе дабраўся, а там уплаў.





Карта баявых дзеянняў на Нараўскім плацдарме восенню 1944 года


Я да сёння плаваць не ўмею, а там плыў. Плывеш пад абстрэлам. Снарады то тут, то там выбухаюць. Да берага даплыў, упаў на зямлю, думаю, няхай тут забіваюць. Аддыхаўся, аглядзеўся, плыло са мной шмат, а выйшла на бераг усяго некалькі чалавек. Адагрэліся ля вогнішчаў, пастроіліся і ізноў на плацдарм. Холадна. У мяне шынэля няма. Ноччу сядзім у траншэі, чую голас. А гэта мой знаёмы. Ён выведнікам быў і збіраўся за “языком”. Я яго і папрасіў, калі назад ісці будуць, каб зняў з забітага шынэль. “Языка” іх група не прывяла, але шынэль прынесла. Уся прастрэленая, у крыві, але я быў удзячны”.



Прарыў



Каб падтрымаць сваіх, часткі 48-й арміі пачалі конрнаступленне ў раёне Ружан. Немцам прыйшлося перагрупіравацца і адысці, аднак яны не дазволілі аб’яднаць Ружанскі і Сероцкі плацдармы ў адзін. У выніку тых баёў страты вермахта склалі некалькі дзесяткаў тысяч забітых і параненых і каля 400 знішчаных танкаў і самаходных гармат. У рэшце рэшт, у студзені 1945 года менавіта з Нараўскага плацдарма савецкія войскі распачалі Млаўска-Эльбінгскую наступальную аперацыю ў выніку якой былі знішчаны 2-я і 4-я арміі вермахта і блакіравана усходне-пруская групіроўка немцаў.



Савецкая пяхота атакуе


Камандуючы 65-й арміі 2-га Беларускага фронта (у якой ваяваў мой дзед) генерал Павел Батаў у успамінах пісаў: “Адбіўшы апошнюю атаку ворага нашыя рушылі. Я стаю на назіральным пункце. Бяжыць жаўнер. Увесь у гліне і крыві, рука перабіта ля локця, боўтаецца на сухажыллі. Бледны. А вочы гараць: “Таварыш генерал, усё, пайшлі нашыя, пайшлі. І я б з ротай там быў. Толькі мне вось руку выцяла”. Што ты, кажу, сядзь, зараз сястра прыйдзе, перавяжа цябе. А ён сваё: “Глядзіце, нашыя ўжо ў траншэях”. Ён яшчэ ў баі. Прыйшла сястра. Загадваю ёй перавязаць і адвесці жаўнера ў медсанбат. А ён: “Што вы, таварыш генерал, сам дайду”.






…Могілкі з Клешаве ўражваюць сваім памерам і сведчаць пра маштаб бітвы, якая разыгралася восенню 1944 года. Уражвае і колькасць маладых савецкіх жаўнераў і афіцэраў, якія загінулі на польскай зямлі. Дваццаць, дваццаць два, трыццаць год. Жыць да жыць. Да канца вайны заставалася паўгады. Але лёс наканаваў ім назаўсёды застацца “у палях за сонным Наравам”.





Могілкі ў Клешаве







Адзіны здымак, які быў у гэтага жаўнера, паходзіў з даваенных часоў яго службы ў Войску Польскім





Тое ж самае і ў гэтага чырвонаармейца...










З канца 1990-х гадоў сюды сталі прыязджаць сваякі загінуўшых, каб усталяваць імянныя надмагіллі. Шмат тут пахавана беларусаў і ўкраінцаў. Справа ў тым, што пасля вызвалення БССР і УССР савецкія ўлады правялі мабілізацыю мужчынскага насельніцтва на гэтых тэрыторыях. “Другі нумар” майго дзеда, які разам з ім цягаў супрацьтанкавае ружжо, а ў час боя падаваў патроны, быў беларус Васіль Лойка з-пад Ліды, а ў адзяленні, якім камандаваў мой сваяк, ваявала некалькі ўраджэнцаў Заходняй Украіны. У адным з баёў ля Ражан усе гэтыя людзі загінулі. Відавочна, іх парэшткі спачываюць на могілках ля вёскі Клешава.











У Польшчы да сённяшняга дня захавалася шмат савецкіх вайсковых пахаванняў. Большасць з іх дагледжаныя. Здараюцца выпадкі вандалізма, аднак яны носяць адзінкавы характар. Замест таго, каб выкарыстоўваць гэтыя мемарыялы ў якасці аргументаў у палітычных спрэчках, Расіі, Беларусі і ншым постсавецкім краінам варта проста даглядаць іх, а яшчэ вазіць моладзь, каб тая глядзела на даты на надмагіллях і ўсведамляла як цяжка паміраць, калі жыццё толькі пачынаецца і якім коштам далася перамога над нацызмам.


"Гістарычная праўда"




Каментаваць