Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Шмат гродзенцаў упершыню пачулі пра Курапаты

Больш за 200 жыхароў Гродна наведалі дакументальна-мастацкую выставу «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», якая з 12 па 26 кастрычніка экспанавалася у мясцовым Цэнтры гарадскога жыцця.

Ідзе экскурсія па выставе пасля яе адкрыцця (фота Белсат)


Выставу, арганізаваную грамадскай ініцыятывай “Эксперты ў абарону Курапатаў” разам з гродзенскімі актывістамі — грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам і гісторыкам Сяржуком Германам, наведалі неабыякавыя да тэмы сталінскіх рэпрэсій людзі рознага веку, у тым ліку студэнты, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі і ветэраны беларускага Адраджэння. Сярод іх — бард Віктар Шалкевіч, навукоўца Мікола Таранда, скульптар Юрась Мацко, жывапісцы Алесь Сураў і Анатоль Скамарошчанка, даследчык гісторыі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гадоў на землях Беларусі Васіль Герасімчык, публіцыст Уладзімір Хільмановіч, краязнаўца Эдуард Дмухоўскі, літаратар Сяргей Астраўцоў і малады актор Зміцер Рубель.

Дарэчы апошні некалькі разоў прыходзіў на выставу, каб даведацца пра гісторыю нацыянальнага некропалю і ў дыялогу з арганізатарамі экспазіцыі абмяняцца думкамі па найбольш актуальных праблемах нацыянальнага жыцця.

У каментары НЧ гісторык Сяржук Герман, які разам з экспертамі з Мінску праводзіў экскурсіі па выставе, зазначыў, што большасць наведнікаў, асабліва з моладзі, ніколі не чулі пра Курапаты.

Таму нам ёсць над чым працаваць. На прычынах спыняцца не мае сэнсу, паколькі яны і так вядомыя. Калі казаць пра самае запамінальнае, дык прыгадваецца рэакцыя ад выставы маладой жанчыны, якая не стрымала слёзы і вельмі моцна праніклася тым горам, якое па волі лёсу напаткала беларускі народ. Вельмі пазітыўныя пачуцці пакінула рэакцыя на экспазіцыю наведнікаў адкрытага клубнага дому “Новыя гарызонты” —  сацыяльнай службы для рэабілітацыі людзей з псіхічнымі захворваннямі, што дапамагае вяртацца да актыўнага жыцця ў грамадстве. Трэба адзначыць, што гэтыя наведнікі паказалі сябе досыць абазнанымі ў гісторыі трагедыі народу ад савецкага таталітарызму, у тым ліку ў мінулым Курапатаў. Так, адзін з прадстаўнікоў гэтай групы распавёў пра пакуты яго сям’і пад саветамі, у тым ліку пра расстрэл свайго дзеда, які быў афіцэрам польскай арміі”, — сказаў Сяржук Герман.

Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе наведнікі выказаліся за неабходнасць стварэння высокамастацкага абрамлення Народнага мемарыялу ў Курапатах, якое б адпавядала сучасным сусветным падыходам да помнікаў такога ўзроўню і нацыянальным традыцыям ушанавання памяці адданых Бацькаўшчыне сыноў і дачок Беларусі ў галіне архітэктуры і выяўленчага мастацтва.

Генадзь Драздоў каля свайго твору (здымак Якуба Сушчынскага)


Паводле спадара Сяржука, вядзецца збор сродкаў для ўсталявання ў Курапатах адмысловага крыжа ад жыхароў Гродзеншчыны у памяць пра сваіх бязвінна забітых землякоў, бо, як казаў класік беларускай нацыянальнай літаратары Уладзімір Караткевіч, “Нельга забыць!”

Разам з тым, гісторык адзначыў, што паколькі сталінізм на Гродзеншчыну прыйшоў толькі ў другой палове 1939 году, дык складана казаць пра існаванне месцаў масавых забойстваў ахвяраў палітычных рэпрэсій на тэрыторыі вобласці, па сваіх маштабах параўнальных з Курапатамі ці Катынню. “На тэрыторыі Заходняй Беларусі расстрэлы бязвінных людзей у асноўным адбываліся ў мясцовых астрогах, асабліва пасля пачатку германа-савецкай вайны 22 чэрвеня 1941 годзе, калі немцы наступалі і саветы зачышчалі турмы. І такіх выпадкаў дзясяткі”, — заявіў Сяржук Герман.  

Напрыканцы хацеў бы выказаць цёплыя словы падзякі Паўлу Мажэйку і Сяржуку Герману за добрую арганізацыю выставы, усім гродзенцам — за ўвагу да гэтай падзеі, а актывісту нашай ініцыятывы, мастаку Генадзю Драздову — за дапамогу ў падрыхтоўцы экспазіцыі і яе адкрыцці.

Агульны выгляд будынку на вуліцы Савецкай у Гродна, дзе месціцца Цэнтар гарадскога жыцця. На пярэднім плане — пластычная кампазіцыя Юрася Мацко (здымак Сяржука Германа)


Дарэчы, пад час наведвання Гродна давялося пажыць у доме №7 па вуліцы Савецкай — галоўнай пешаходнай магістралі старажытнага гораду. Гэты дом (былы Фукса) знакаміты тым, што ў ім на кватэры Ідэльфонса Мілевіча падчас нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-64 гадоў адбываліся сустрэчы ўдзельнікаў Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якія наведваў Кастусь Каліноўскі. У гэтым доме побач жылі кіраўнікі паўстання ў краі Сільвястровіч, Геніюш і  Адольф Іванавіч Талочка.    

Выгляд з вакна дому №7 па вуліцы Савецкай, дзе падчас наведвання Гродна жыў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі  

 

Каментаваць