Што мы здабылі, а што згубілі ў Курапатах?

Роўненька год таму недзе пад МКАДам на ўскрайку Зялёнага Лугу дыміліся закопчаныя металічныя бочкі, побач мерзлі не менш закопчаныя людзі, Дашкевіч залазіў са сцягам на будаўнічую тэхніку, а Сяргей Пальчэўскі сябе да яе прыкоўваў.

Пасля, як мы памятаем, інвестар вырашыў (ці за яго вырашылі?) згарнуць будоўлю, тэхніка з’ехала, плот разабралі, а пратэстоўцы знялі лагер – нават піяніна загрузілі і вывезлі. Здаецца, на той момант апазіцыя атрымала адну з нешматлікіх перамогаў за апошнія …-ццаць гадоў. А мо’ і адзіную?


Дагэтуль “неймавернай” перамогай лічылася адно абранне Анісім з Канапацкай у парламент: як мы памятаем, ніводная з іх у лагеры пратэстоўцаў так і не з’явілася… Правільна, а навошта? Першая займаецца мовай, другая – эканомікай. Дзе ж тут мова з эканомікай? У дадатак, яшчэ і пратэсты “недармаедаў” былі мэйнстрымам, з нагоды чаго некаторыя дзеячы паспяшаліся назваць пратэст у Курапатах правакацыяй і “адцягненнем увагі”.

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

Вернемся крыху назад і задамо сабе яшчэ адно пытанне: а ці было тое наогул перамогай апазіцыі? Так, апазіцыйныя лідары час-почас бывалі ў Курапатах: больш сумленныя займаліся “ізвозам” пратэстоўцаў у Мінск і назад у лагер, менш сумленныя – проста з’яўляліся ў лагеры, каб пачытаць на камеру свае вершы ці забіць калочак для намёту – акурат як на “ленінскім суботніку”…

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

Хто ж тады перамог ды выстаяў? Дашкевіч з невялічкай камандай сябрукоў ды патрыёты, што прыязджалі з розных куткоў Беларусі, каб асвяціць робы ды кажухі шляхетным пахам курапацкага дыму. Калі гэта “апазіцыя”, то Дашкевіч у нас – адзіны апазіцыйны палітык. Калі ж гэта спантанная “патрыятычная дзвіжуха”, то яна ў нас, як аказалася, больш здольная за ўсю апазіцыю разам узятую.

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

Цікава іншае: акрамя пытання нацыянальнай памяці, пратэст тычыўся яшчэ і абароны правоў жыхароў раёну, якім будоўля вой як не падабалася. Таму яны насілі пратэстоўцам ежу, прыходзілі на мітынгі ды наўпрост пастаяць пару гадзінак з прамерзлымі хлопцамі і дзяўчатамі – гэта ж іхная справа найперш, яны тут жывуць, а не Дашкевіч з Леўчанкам.

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

І для гэтых самых дзядзькоў, цётачак, маладых параў з вазочкамі і дзеткамі, якія прыходзілі ў лагер, спыненне будоўлі, відаць, было не меншым шокам, чым для Дашкевіча. Людзі, стомленыя ад сваёй бездапаможнасці ў безлічы падобных канфліктаў з забудоўшчыкамі па ўсім Мінску, нарэшце ўбачылі, што актыўнасць можа даваць плён. З’явілася надзея, а за ёй – вера ў лепшае, у сябе самых у тым ліку.

Сход жыхароў раёна. Фота А. Кіркевіча

Сход жыхароў раёна. Фота А. Кіркевіча

Дык вось, пытанне: на мінулых вось толькі што мясцовых выбарах, ці працаваў нехта з гэтымі людзьмі? Ці атрымалася хоць у каго акумуляваць іхны імпэт ды цалкам легальна працаваць з публікай, якая ў выніку Курапацкай гісторыі, магла стаць лакаматывам для іншых раёнаў сталіцы – самай актыўнай і прасунутай акругай?

Фота У.Рубанава

Фота У.Рубанава

Здаецца, што не. Дашкевіч, зразумела, пайшоў сваёй дарогай: яму выбары не цікавыя, бо ёсць сям’я, кот Леапольд, 100-годдзе БНР ды яшчэ шмат усяго рознага. А што наконт апазіцыянераў, якія прыязджалі, чыталі знаёмыя мантры ў мегафон падчас сходаў жыхароў, давалі каментары для СМІ?..

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

Можа я чагосці не разумею, але калі ты маеш поспех на нейкім адным напрамку – развівай яго! Цябе ўжо памятаюць, ды можаш апеляваць да пэўнага вопыту людзей, да пазітыўнай гісторыі. Працуй! І хай гэтыя цётачкі з дзядзькамі запісваюцца да цябе ў каманду, збіраюць подпісы, ідуць назіральнікамі – здаецца, так яно і мела б выглядаць.

Фота У. Рубанава

Фота У. Рубанава

Дарэчы, за ўвесь час не памятаю ніводнага выпадку, каб хто з апазіцыянераў у Курапатах наогул запісваў кантакты мясцовых… Правільна, а навошта? Навошта, калі людзі, што ў лагеры, што паза лагерам, што ў пагонах, што ў цывільным – гэта дэкарацыі? Дэкарацыі для прыгожых фота і відэа-сюжэтаў, па якіх пасля можна лічыць колькасць узгадванняў свайго прозвішча ў СМІ.

Фота У.Рубанава

Фота У.Рубанава

Насамрэч, шкадаваць асабіста мне няма аб чым: справа зробленая, інвестар сышоў, будоўля растала як снег на сонцы, мясцовыя цётачкі задаволеныя, а праўладныя прафсаюзы зараз ладзяць у Курапатах прыборкі – цудоўна ж! Шкада толькі партыйныя структуры, якія не здолелі ані поспех развіць, ані шэрагі папоўніць, дзякуючы таму безаналагаваму за апошні час пратэсту. Правільна, а навошта? А раптам тыя буйныя голавы каля партыйнага офісу ў нейкі момант бочку паставяць або прыкуюцца да аднаго з апазіцыйных парламентарыяў…


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць