Што забылі сказаць пра Саўку

Сёння ў Менску развіталіся са Змітром Саўкам — вядомым мовазнаўцам, адным з аўтараў кнігі «Беларускі клясычны правапіс».


Што адораны, смелы, вясёлы, чулы — сказалі, і гэта было літаральна навідавоку, напісанае ў яго проста на твары. Не сказалі пра выразнае семіцкае аблічча, што дасталася яму ад бабкі.

Натуральна, не для таго я гэта згадваю, што гэта само сабою нешта значыць. А для таго, каб не забыцца, што яму — аднаму з дзясяткаў выбітных беларускіх адраджэнцаў свайго пакалення — тая роля давалася не толькі ўздымам душэўным, а літаральна штодзённым пераадоленнем гэтага бар’еру, які абавязкова ўзнікае ў нашым дарагім соцыуме на кожным кроку — калі не адкрытым наездам, дык ценем на дне вачэй, што ён, натуральна ж, бачыў і чуў, выказанае і ўголас, і нема.

Сам памятаю такое яшчэ з майстроўскіх часоў (1980-я) на нацыянальных тусоўках нехта старэйшы ў вышыванцы запраста казаў яму, бліскаючы дзіўным радасным шалам уваччу: ой, а ты што тут робіш, ідзі ты, братка, адсюль, не псуй карціну… Чаму і ён размаўляе па-беларуску? Ён дыскрэдытуе наш рух!.. І ён — таксама — беларус?..

Заўсёды моцна крыўдна было за яго і проста немагчыма было ўявіць, як тое было яму. Напэўна, дурасць, але колькі ні сустракаліся са Змітром, я нязменна адчуваў віну перад ім. Нейкую падобную на тую, што ўзнікала ў мяне школьніка ў краме самаабслугоўвання — а раптам падумаюць, што я булачку скраў. І не крадзеш булачку, а гэтая дурацкая віна ў табе ўзнікае сама сабою.

Апрыёры мы ўсе (усе ўвогуле) былі (дый цяпер) вінаватыя. У краіне, дзе няма прэзумпцыі віны, дзе ўсе аднолькавыя, правільныя — славяне, літвіны, балты, крывічы, беларусы — асабліва сярод адраджэнцаў, Саўка такі быў адзін — з дадатковай віною — як грак сярод вераб’ёў і паўлінаў.

Гісторыю свайго аблічча Зміцер распавядаў яшчэ ў Майстроўні і пасля — мне для цыклю перадач «Гісторыя аднаго цуду». Я думаю, праз усё жыццё яму даводзілася распавядаць гэтую гісторыю шмат-шмат-шмат разоў. Яшчэ са школы, з першых урокаў беларускай ці то талеранцыі ці то праўдзівай нянавісці да чалавека з семіцкім абліччам.

Для адраджэнца вельмі важныя знешнія прыкметы — на якой мове гаворыш, як апранаешся. Але ніхто з беларускіх адраджэнцаў ніколі не мусіў, не павінен быў, не вымагалася ад яго бясконца расказваць гісторыю свайго аблічча. Ніхто з гэтых соцень і тысяч людзей, апрача Саўкі. Натуральна, ён разам з усімі радаваўся адкрыццям і здабыткам беларушчыны, вывучаў мову так, каб ведаць яе лепш за іншых, але было яшчэ і гэта — пастаяннае выбудоўванне лініі паводзінаў у адказ на гэты цень уваччу, не кажучы ўжо пра адкрыты здзек, папрокі, недавер.

Думаю, яшчэ са школы ён навучыўся ставіцца да гэтага з іроніяй і пачынаў камунікацыю сходу весела, адкрыта і прыязна. Але толькі ён ведаў, чаго гэта яму каштавала. І толькі мне здавалася, што ён увесь час унутрана быў гатовы да абразы, кпіны, здзеку.

Кажуць, рак часцяком бывае вынікам моцнага стрэсу. І кожнага разу, калі ад раку памірае нехта з маіх сяброў, я вольна ці міжвольна шукаю ў ягоным жыцці гэтае стрэсавае здарэнне, якое прывяло да непапраўнае страты. Змітра гэты стрэс пераследаваў на працягу ўсяго жыцця.

Апошні раз я выпадкова спаткаў яго пару тыдняў таму бязлюднай суботняй раніцай каля Філармоніі. І мне здалося, што вочы ў яго — поўныя міласэрнасці. Як у святога.


Каментаваць