Таццяна Гаранская: “Каб давесці да канца нашыя з мужам культурніцкія справы, я гатовая ахвяраваць нават выгодамі асабістага жыцця”

Што ёсць агульнага паміж сучаснымі беларусамі і дыназаўрамі? Як грамадства ставіцца да нацыянальнай гісторыі і культуры і ці дае маладое пакаленне падставы для аптымізму? Сучасны “вышыванкавы бум”: перамога традыцыі ці толькі крок на шляху да яе? Што прымушае энтузіястаў ахвяраваць здароўем і дабрабытам дзеля справы жыцця? Як мы маглі назаўжды страціць гістарычны ландшафт старажытнага Заслаўя і чаму гэтага не адбылося? Гутарым з гісторыкам і мастацтвазнаўцай Таццянай Гаранскай. Чарговае інтэрв’ю праекта “Будзьма беларусКамі!



— З 1976 года я жыву ў Заслаўі і з таго ж часу пачала сістэматычна вывучаць гісторыю горада. Зрэшты, тады гэта быў гарадскі пасёлак — толькі ў 80-я гады разам з аднадумцамі з Акадэміі навук мы дабіліся вяртання Заслаўю статусу горада. Рашэнне прымалася на вельмі высокім узроўні, пры гэтым выдаткавалі вялікія грашовыя сродкі на развіццё культуры і сацыяльнай сферы. Быў распрацаваны дэталёвы план — ён дагэтуль у мяне ў архіве, — згодна з якім павінны былі адрэстаўраваць храмы XVI і XVIII стст., здзейсніць рэканструкцыі гарадзішча Х ст. “Замачак” і адной з першых у нашай краіне фартыфікацый XVI cтагоддзя — гарадзішча “Вал” з яго абвадненнем, пабудаваць палац культуры… Але большую частку з пералічанага на тыя вылучаныя сродкі так і не зрабілі. Каласальныя грошы “развеялі па ветры” альбо скіравалі на “фальшывыя” прыярытэты — у чыноўнікаў было спецыфічнае разуменне таго, якім чынам трэба дзейнічаць: вакол гарадзішча X ст., у непасрэднай набліжанасці да яго, заклалі падмуркі на тры лініі двухпавярховых катэджных забудоваў, з касцёла вырашылі зрабіць рэстаран, а ўнікальную сярэднявечную планіроўку старога горада дадумаліся аздобіць шматпавярховікамі.

І што ж, ніхто не выказаўся супраць?

— Безумоўна, і архітэктары, і рэстаўратары, і археолагі, і некаторыя чыноўнікі разумелі, наколькі жахлівыя рэчы рабіліся на нашых вачах. Але ж ніхто не адважыўся змагацца за гістарычныя каштоўнасці Заслаўя да канца: казалі, што грошы вырашаюць усё, і ў дадзеным выпадку ўжо нічога нельга зрабіць. Махавік раскручваўся: ужо капалі катлаваны і закладалі падмуркі новых дамоў, ужо ўхвалілі праект рэстарана ў будынку касцёла і шматпавярховіка побач з Гарвыканкамам на старажытнай Рынкавай плошчы. Але ж я не магла змірыцца з тым, што адбывалася, і наважылася ехаць у Маскву шукаць падтрымкі ў Саюзным міністэрстве культуры.

Гэта быў час перабудовы — Раіса Гарбачова тады ўзначальвала фонд культуры, у планах было звярнуцца да яе таксама. Мясцовыя ўлады і дзеячы ўсяляк імкнуліся мне перашкодзіць: пераследавалі, выкралі дакументы, пагражалі майму дзіцяці. Я вымушаная была хавацца, пераапранацца, надзяваць парык — сапраўдны дэтэктыў! Але я дасягнула мэты — дабралася да Масквы, трапіла да міністра культуры і да Раісы Гарбачовай, растлумачыла сітуацыю. І што вы думаеце? У наша міністэрства культуры з Масквы даслалі тэлеграму: падмуркі з зямлі прыбраць, касцёл пакінуць касцёлам. Я не бачыла тае тэлеграмы на ўласныя вочы, але ўжо дадому вярталася спакойна: мне праз міліцыю вярнулі пашпарт, ключы, пасведчанне Саюза мастакоў, якія раней хтосьці скраў. Зразумела, мясцовыя ўлады мусілі выканаць загад з Масквы, але на маю празмерную, на іх думку, актыўнасць ужо не забыліся і не даравалі ніколі. Праз некалькі год выпадкова пачула рэпліку аднаго з дзеячаў тых часоў: маўляў, Гаранская — вораг, але мы яе паважаем, бо яна чалавек справы.

— І гэта быў не адзіны выпадак, калі вы апыналіся ў самай гушчы падзей. Як вам падаецца, чаму?

— Праўду кажучы, не ведаю. Я і сама сабе задавала гэтае пытанне, але не знайшла на яго адказу, акрамя таго, што нейкія вышэйшыя сілы за мяне гэтак вырашылі. Мне здаецца, я звычайны чалавек, без нейкіх там асаблівых якасцей, але ўвесь час аказваюся, скажам так, на перадавой, вырашаю важныя, кардынальныя пытанні. Мяркую, справа ў тым, што я — нібыта чалавек без скуры, вельмі востра ўспрымаю гістарычную несправядлівасць. І асабліва мяне хвалюе абыякавасць, неадэкватнасць, і цяпер — такая распаўсюджаная павярхоўнасць у дачыненні да пытанняў гісторыі і культуры Беларусі. Заўсёды, па меры ўласных сіл і магчымасцей, імкнуся нешта рабіць насуперак падобным з’явам.

А навошта гэта трэба?

— Гэта пытанне культуры. Навошта мы карыстаемся паперай, ходзячы ў прыбіральню? Бо гэта элементарная праява цывілізаванасці. Чалавек можа быць пекарам, будаўніком, экскаватаршчыкам, прыбіральшчыкам, але веданне гісторыі сваёй краіны, свайго горада — такая ж самая элементарная, натуральная і неабходная кожнаму рэч.

А калі мы страцім гэтыя веды?

— А мы іх і страчваем. І калі гэты працэс не пераламаць, будзе канец свету — усё скончыцца сусветнай трагедыяй, бо зямля паглыне тую нацыю, тую цывілізацыю, якая не памятае і не хоча ведаць сваю гісторыю і культуру.

— Ці ж усё напраўду так драматычна? Вось жылі дыназаўры, не ведаючы сваёй гісторыі, але ж усё навокал між тым эвалюцыянавала, развівалася… Можа, тое, што адбываецца з грамадствам цяпер — нармальны працэс?

— Людзей, якія нічога не ведаюць пра тое, хто яны і адкуль, сапраўды можна параўнаць з дыназаўрамі. Толькі я перакананая , што так ставіцца да сябе і свайго мінулага — ненармальна. Гэта паталогія.

— Можа, мы проста праходзім чарговы этап гісторыі і па спіралі вяртаемся да дыназаўраў?

— Ведаеце, такая сітуацыя — не заканамернасць гістарычнага працэсу, а лагічны вынік павярхоўнай культурнай палітыкі ў нашай краіне. Мы нібыта маем самастойную дзяржаву, мы нібы адраджаем сваю гісторыю, а тым часам адбываюцца жахлівыя рэчы: нават Рымская імперыя, якую часта згадваюць як прыклад заняпаду і разбэшчанасці, выглядае высокакультурнай цывілізацыяй у параўнанні з тым, што адбываецца ў нас сёння або праз недагляд, або праз абыякавасць, або праз гістарычную неадукаванасць найперш чынавенства ў стаўленні да айчынных гісторыі і культуры.

У руках чыноўнікаў сканцэнтраваныя сродкі і вялікія магчымасці. Але як яны выкарыстоўваюцца?

Нядаўна па канале “Культура” глядзела дакументальны фільм пра апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, зняты пад грыфам Міністэрства культуры і Беларускага відэацэнтра. З яго вынікае, нібыта Панятоўскі адметны ўсяго толькі тым, што быў каханкам Кацярыны ІІ. І такі ён быў нікчэмны, што нават месца яго пахавання невядомае. Насамрэч парэшткі караля да апошняга часу захоўваліся ў родавым касцёле Панятоўскіх у Воўчыне на Беларусі, а нядаўнім часам, у 1994 годзе, намаганнямі Беларускага фонду культуры на чале з Уладзімірам Гілепам, былі ўрачыста перададзеныя Польшчы і захаваныя ў варшаўскім кафедральным касцёле. Гэтая падзея мела розгалас і асвятлялася ў прэсе. Не магу ўцяміць, чаму аўтарытэтныя навукоўцы, што бралі ўдзел у гэтай перадачы, моўчкі пагаджаюцца з дэфармацыяй фактаў і неадэкватнай рэчаіснасці канцэпцыяй фільма.

Па гэтым жа канале бачыла яшчэ адзін гістарычны фільм, на гэты раз пра Заслаўе, таксама зняты пад эгідай Міністэрства культуры — проста мурашкі па скуры беглі ад таго, як там скажалі шэраг гістарычных фактаў. Гэта абурае: як можна дапускаць такія грубыя памылкі, калі сёння ўжо столькі кніг выдадзена, столькі навуковых публікацый надрукавана! Я сцвярджаю: людзі, якія фабрыкуюць фальшывую гісторыю — ворагі свайго народа, сваёй культуры.

— Але ж дзяржава арганізуе і падтрымлівае многія іншыя культурныя ініцыятывы, і не ўсе з іх такія заганныя.

— Я ўжо казала аб тым, што павярхоўнасць, недасведчанасць у справе, якой займаешся, а часам — непрыхаваны цынізм і варожасць да нацыянальнай спадчыны з боку чынавенства — галоўныя прычыны прафанацый, што выдаюцца за праўдзівую гісторыю. Гэта псеўдакультура, і таму, як бы жорстка гэта ні гучала, лепей бы яны нічога не рабілі, чым выдавалі такія рэчы.

— Сёння ў нас сітуацыя такая, што абсалютная большасць беларусаў увогуле ні пра якую культуру не дбае, людзі ведаюць, што такое Dolce&Gabbana, але не ведаюць, што такое слуцкі пояс. Дык ці трэба ў такіх абставінах клапаціцца пра вельмі дакладную, навукова правільную падачу інфармацыі? Можа, дастаткова хаця б проста прыцягнуць увагу людзей да нашай гісторыі?

Не магу пагадзіцца з вамі, што нікому нічога не трэба. Вось кажуць, моладзь не хоча кніжкі чытаць. Але, прыходзячы ў кнігарню, бачу там шмат хлапцоў і дзяўчат, і гэта вельмі цешыць: яны цікаўныя, а калі не маюць сродкаў, каб набыць кніжку, дык часта проста доўга стаяць ля кніжных паліц у краме і так чытаюць. У бібліятэках таксама людна. Паводле маіх назіранняў, з большага сучасная моладзь, прынамсі тая, што вучыцца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, — зусім не “дыназаўры”. Яны хочуць ведаць мінулае, цікавяцца сваімі каранямі, гісторыяй адзення, будаўніцтва… Што да моладзі, у мяне пераважным чынамі аптымістычны настрой.

Ну, а што да сістэмнага, навуковага падыходу, дык у яго важнасці мяне пераканаў уласны вопыт. Школьныя гады я правяла ў Крыжоўцы пад Мінскам, і тады яна была сапраўднай этнаграфічнай вёскай. Там яшчэ існавала традыцыйная культура — святы, абрады… Такім чынам, давялося атрымаць своеасаблівую прышчэпку беларускасці, але яе было не дастаткова. Зразумець, што такое сапраўдная Беларусь, удалося толькі тады, калі я ўжо працавала ў Нацыянальным гістарычным музеі і разам са сваім настаўнікам Міхасём Раманюком ездзіла ў экспедыцыі па ўсёй краіне, збірала беларускае традыцыйнае адзенне для выставы нашага музея ў Парыжы. І ў гэтых доўгіх падарожжах я ўбачыла, што культура Беларусі абсалютна не абмяжоўваецца культурай мінчукоў і скарбамі мінскіх музеяў. Насамрэч яна маштабная, надзвычай шматпланавая і разнастайная. Тады я пераканалася, што дух беларускай культуры моцна захаваны ў менталітэце нашых людзей. Мова і абрад, адметнасці ўяўленняў пра прыярытэты эстэтыкі немагчыма выкарчаваць са свядомасці беларуса. Да прыкладу, я не раз бачыла: будуюць цагляны катэдж, але прымацоўваюць старыя ліштвы на вокны новага дома. Прынамсі такіх прыкладаў найболей на Віцебшчыне. Шмат даведалася пра беларускую вёску, якая сёння выступае захавальніцай этнасу. Веды ў дадатак да экспедыцыйных уражанняў і эмоцый збольшага сталі даступныя дзякуючы навуковай працы.

— А што ж такое тады робяць маладыя гараджане, якія носяць вопратку з нацыянальным арнаментам?

— На сённяшні дзень гэта дэманстрацыя свайго жадання быць беларусамі і ганарыцца беларускасцю. Яны выказваюць сваю пазіцыю, вышыванка — іх сцяг. І, як выяўляецца, кола людзей, аб’яднаных гэтай ідэяй, вялікае і прадаўжае расці, яны заяўляюць пра сябе.

Іншая справа, што штампаваць усім аднолькавыя арнаменты, я лічу, няправільна. Сёння ўжо шмат зроблена ў кірунку дэшыфроўкі элементаў старажытных узораў, якія адпавядалі таму ці іншаму каляндарнаму перыяду, святу, суадносіліся з днём нараджэння чалавека. Таму для кожнага з нас можна падабраць індывідуальны знак, які будзе накшталт асабістай іконкі. Да арнаментаў і іх сімволікі нельга ставіцца легкаважна — гэта вельмі сур’ёзная справа. Але вывучэнне такой інфармацыі — наступная ступень. А пакуль людзі дэкларуюць свае перакананні, свой інтарэс, сваю пазіцыю, што вельмі важна. Галоўнае, каб яны не спыняліся ў пошуку і не думалі, што проста апрануцца ў вышыванку — дастаткова.

Не такі ўжо і лёгкі шлях да сваіх каранёў — так атрымліваецца?

— Ведаеце, напэўна, калі ўсе шляхі будуць адкрытыя, калі ўсё будзе лёгка і проста, дык і інтарэс будзе не такі вялікі. Моладзі заўжды трэба штосьці пераадольваць, і калі яны здабудуць сваю гісторыю цаной намаганняў, гэты набытак будзе для іх асабліва каштоўны. На шляху да самавызначэння, да каранёў кожны павінен прайсці шлях пераадолення — і найперш пераадолення сябе самога. Мяне цешыць тое, што ёсць цікавасць, ёсць жаданне, але ж нават у самых прагрэсіўных і адукаваных з сучаснікаў у менталітэце захаваліся заганы “саўковага” перыяду: раз-пораз можа падаецца, што усё дасягнутае, пара спыніцца, расслабіцца, “адпачываць на лаўрах”. Гэта ад таго, што прасцей за ўсё рухацца ў статку — адсутнасць уласнай адказнасці, неабходнасці пастаянна думаць, шукаць і вынаходзіць: “еш ды спі, “гуляй Вася”… — за цябе ўсё вырашаць і пакладуць “у рот ”… Рысы атруты гэткай псіхалогіі лёгка перадаюцца новым пакаленням. Але чалавек можа нечага дасягнуць толькі ў тым выпадку, калі будзе ўвесь час прымушаць сябе думаць, аналізаваць і развівацца.

— Атрымліваецца, у нас цяпер добрыя ўмовы для таго, каб думаць і развівацца насуперак сітуацыі: большасць дбае пра грошы і шмоткі, чыноўнікі са свайго боку пакідаюць многія ініцыятывы без падтрымкі…

— І няхай не дапамагаюць — галоўнае, каб не заміналі тым, хто праяўляе ініцыятыву. Ёсць жа людзі, якія дзеля ўласнай справы гатовы ахвяраваць сваім здароўем, дабрабытам, якія замест якаснай ежы і лекаў трацяць грошы на творчасць, навуку, асветніцкія праекты.

— Вы ж таксама адна з гэтых людзей, і я ведаю, што вы падрыхтавалі некалькі кніг і гатовы выдаваць іх, нават калі не будзе падтрымкі.

— Так, на дадзены момант у працы дванаццаць манаграфій. Усе на рознай стадыі гатоўнасці. Частка звярстаная, іншыя дапісваюцца, на рэдакцыі або ў карэктуры. У іх разглядаюцца важнія аспекты беларускай культуры: “Заслаўе. Тысяча год гісторыі”, “Гісторыя і семантыка традыцыйнага народнага адзення”, “Маляваны дыван як з’ява айчыннай этнакультуры”, “Беларускае мастацтвазнаўства апошняй чвэрці ХХ стагоддзя”, “Мастацтва Заходняй Беларусі”, “Гісторыя і традыцыі беларускай недзяржаўнай мастацкай галерэі” і іншыя. Усе кнігі заснаваныя на практычным вопыце ўласнай навуковай дзейнасці, сабраная велізарная колькасць інтэрв’ю, унікальны даследчы матэрыял. Я мушу выдаць гэтыя кнігі, нават калі не знайду аніякай падтрымкі. Гэта мой абавязак перад памяццю мужа (Віктар Маркавец — заўв. рэд), з якім мы разам працавалі. За дваццаць два гады сумеснага жыцця мы пабудавалі храм, Сабор усіх беларускіх святых, у Заслаўі і ў той або іншай ступені падрыхтавалі да выдання вось гэтыя дванаццаць кніг. Яны — нашы дзеці, яны — вынік нашага жыцця. І таму я гатовая, калі спатрэбіцца, прадаць усё дашчэнту — дом, машыну, рэчы побыту, — каб на атрыманыя сродкі здзейсніць справу жыцця. Я перакананая: пакуль не выдам усе адпрацаваныя з Віктарам манаграфіі, Бог будзе трымаць мяне на зямлі.

— Дык можа, гэта вельмі выгадна дзяржаве? Не трэба траціцца на многія рэчы, якія робяцца рукамі энтузіястаў…

— Мяркую, людзі, якія адказваюць за гэта, пра такія рэчы не задумваюцца альбо ім проста ўсё роўна. А мы гэта робім таму, што… Проста я дакладна ведаю: калі я нешта не дараблю, калі не падстаўлю сваё плячо, дык на гэтым месцы будзе дзірка, пустата. І кожны чалавек павінен разумець: зрабіўшы нават маленькую справу, ён зацыруе канкрэтную дзірку ў панчосе беларускай гісторыі і культуры. У гэтым, мне здаецца, прызначэнне патрыётаў нашай эпохі — пры наяўнасці сіл, здароўя, сродкаў зрабіць хоць нешта для таго, каб панчоха нашай нацыянальнай культуры была людскай.

Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч

Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»

Спецыяльны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!» 

Больш фота можна паглядзець тут.

Каментаваць