Тадэвуш Кандрусевіч: з Божым нараджэннем і шчаслівага 2016 году — Году Міласэрнасці

Штогадовая Калядная прэс-канферэнцыя арцыбіскупа мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, якая адбылася 8 снежня, была прысвечаная падвядзенню вынікаў мінулага года і анонсу царкоўных падзей года наступнага.



Фармальна Новы год пачынаецца ад 8 снежня 2015-га — з 50-й гадавіны закрыцця ІІ Ватыканскага сабору, — гістарычнай падзеі, якая рэфармавала касцёл і павярнула яго тварам да грамадства і свету.

Касцёл абвяшчае 2016 год Годам Міласэрнасці, пад дэвізам з евангелля ад Лукі (6,36): “Будзьце міласэрныя, як Айцец нябесны”. Як раней у чатырох рымскіх касцёлах на чале з саборам св.Пятра, зараз у важнейшых храмах нацыянальных дыяцэзій па ўсім свеце будзе дазволена адчыніць сімвалічныя брамы міласэрнасці. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі яны з’явяцца ў Мінску (катэдра), Магілёве і Будславе.

Важнай дыпламатычнай падзеяй у стасунках Беларусі з Ватыканам стаўся візіт у Мінск у сакавіку Дзяржсакратара папскай дзяржавы П’етра Параліна: кантакты такога ўзроўню адбываюцца раз на некалькі гадоў.

Праз 3,5 гады служэння Беларусь пакідае пераведзены папам Францішкам ва Украіну ватыканскі пасол — апостальскі нунцый Клаўдзіа Гуджэроці. Асоба, як зазначыў здушаным ад хвалявання голасам Тадэвуш Кандрусевіч, больш за якую для Беларусі ў свеце і для хрысціянства ў Беларусі апошнім часам не зрабіў ніхто. Развітальная служба з удзелам нунцыя адбудзецца ў суботу 12 снежня ўвечары а 22.30 у катэдры.

У 2015 годзе адбыліся падзеі, істотныя для развіцця хрысціянскага гуманізму ў грамадстве — Спатканне хрысціянскай моладзі ў Івянцы, кастрычніцкі Сінод біскупаў аб сям’і, дзе ўздымалася пытанне “хворага стану інстытуту сям’і” ў сучасным соцыуме.

Для Беларускага касцёла наступны год адзначаны 25-годдзем яго адраджэння ў нашай краіне — 13 сакавіка 1991 г. з блаславення Папы Рымскага аднавіліся дыяцэзіяльныя структуры каталіцкай царквы. Гадавіна будзе святкавацца на фэсце Будслаўскай Божай маці напачатку ліпеня.

Амаль дакладна ў юбілейны час, у лютым-сакавіку, у буйнейшых і старэйшых у свеце Ватыканскіх музеях пройдзе выстава беларускага сакральнага мастацтва, падрыхтаваная Нацыянальным мастацкім музеем. Пра шмат якія падзеі наступнага году можна даведацца на партале catholic.by

Завяршылася прэс-канферэнцыя пытаннямі і адказамі. Высветлілася, што адкрыццё Каталіцкай Акадэміі ў Мінску (якая ў спрыяльных умовах можа дарасці да паўнафарматнага ўніверсітэту, а пакуль будзе весці падрыхтоўку святароў і тэалагічныя студыі для свецкіх асоб) — пытанне вырашанае. Пад будынак установы выдзелены ўчастак зямлі на вуліцы Філімонава.

Пытанне карэспандэнта НЧ закранула балючую тэму — пра аднаўленне разбураных і рамонт дзейсных каталіцкіх храмаў у Беларусі. Касцёл, зазначыў арцыбіскуп, гатовы рабіць святую справу абодвума рукамі. Але… у большасці выпадкаў справа ўпіраецца ў нежаданне дзяржавы перадаваць ва ўласнасць касцёлу тое, што яму належыць гістарычна. Нават сімвал Мінска, Чырвоны касцёл святых Сымона і Алены, фармальна — уласнасць горада. І каб змагацца з грунтовымі водамі, якія зараз разбураюць яго фундамент, у касцёла няма маёмасных правоў. Тое ж і з Кальварыйскім касцёлам, з Магілёўскай катэдрай, і з дзясяткамі храмаў па ўсёй краіне.

Фота аўтара

Каментаваць