У спёку 12 дамоў засталіся без вады (абноўлена)

У кагосьці свята, а жыхары вёскі Падзерскія Агароднікі Слуцкага раёна апынуліся без вады ў кранах.


Вёска Падзерскія Агароднікі знаходзіцца ў некалькі кіламетрах ад канечнага прыпынку гарадскога транспарту. З-за такой блізкасці ад Слуцка і наяўнасці вадаправода на некалькі вуліцах непадалёку ад малочнай фермы ў апошнія гады ідзе ажыўленае будаўніцтва прыватных дамоў.


На працягу многіх гадоў вада, за якую ніхто не плаціў, спраўна падавалася ў дамы на вуліцы Садовая і Нова-садовая з вадаправоднай вежы, размешчанай на тэрыторыі малочнага комплекса ААТ “Казловічы- агра”.


Але 2 ліпеня, у самую спёку, жыхары вуліцы Садовая раптоўна засталіся без вады. Пасля высвятлення прычын адключэння вады вяскоўцы даведаліся, што вада не падаецца, паколькі іх водаправод нелегітымны, пабудаваны таемна і нелегальна.


Вольга Прахарэнка, якая не мае свайго калодзежа, другі дзень заклапочана пошукамі вады. Яна набыла дом ў Падзерскіх восенню 2015 года. Тады ж яна спрабавала знайсці ўладальнікаў вадаправода, каб заключыць дамову і штомесяц плаціць грошы.

Дом я купіла ў тым ліку з-за вадаправоду, — гаворыць Вольга. — Мне заставалася толькі ўкласці грошы і падключыцца. Крыху насцярожыла тое, што я не змагла знайсці ўладальніка вадаправода па балансавай прыналежнасці, каб заплаціць за сваё падключэнне і ў далейшым штомесячна плаціць за карыстанне вадой. Суседзі цьмяна гаварылі пра нейкую фірму, якая гадоў 5 таму назад збудавала вадаправод і якая быццам павінна была перадаць яго на баланс “КУП “Слуцкая ЖКГ”. Ніякіх канкрэтных дадзеных пра фірму не было. Жыхары ж распавядалі Вользе, што супрацоўнікі “фірмы”, калі вялі водаправод па вуліцы, самі прапаноўвалі людзям купіць неабходнае абсталяванне і падключылі іх за невысокую плату. Грошы былі здадзены па спісу з подпісамі, але ніякіх квітанцый за аплату працы сяляне не атрымалі.


Пасля знікнення вады, па словах Вольгі, яна патэлефанавала загадчыцы малочнага камплекса. Тая распавяла ёй, што на ферме зменьшыўся напор вады, але яна асабіста нічога не адключала і пра водныя праблемы нічога не ведае.

Калі б гаворка ішла пра 5-10 метраў пракладзеных труб — было б зразумела. Але справа ў тым, што ад фермы да вёскі даўжыня водаправода складае прыкладна 600 метраў ды яшчэ па вуліцы трубы пракладзены на даўжыню 1000 метраў. Хтосьці ж гэта ўсё пракладваў, значыць, павінен быць і гаспадар гэтай маёмасці !?

У святочныя і выходныя дні кіраўнікоў арганізацый звычайна знайсці немагчыма. Разам з Вольгай я паспрабавала ўдакладніць інфармацыю пра вадаправод спачатку ў суседзяў Вольгі, якія жывуць на гэтай вуліцы даўно і павінны ведаць, хто ж тут рыў зямлю. Здзіўляе тое, што для ўсіх суседзяў гэта таксама таямніца.


Па словах Галіны Мельнік, якая працуе паштальёнам у горадзе, некалькі гадоў таму каля яе дома працавалі супрацоўнікі газавай службы і выпадкова парэзалі трубу водаправода.

Рабочыя газавай службы сказалі, што па іх дакументацыі тут ніякага водаправода няма і можна смела капаць зямлю, — паведаміла Галіна. — Але пасля пашкодзілі трубу водаправода. Дарэчы, мы ж усе хочам, каб водаправод існаваў законна. Я пра гэта гаварыла тым рабочым, якія мне прапанавалі купіць трубы і краны, каб падвесці ваду ў хату.

“Купіце трубы і кранікі, мы вас далучым, і ў вас будзе вада, — казалі яны. — А праз нядзелю да вас прыедзе ЖКГ і афрміць усё законна”.


Хто ж адкажацца ад такой прапановы цывілізавана жыць?

Мікалаю Драбушэвічу ваду ў дом падвялі адразу пасля ўзвядзення фундамента.

Адзін з суседзяў Анатоль Шушок пазнаў сярод рабочых “фірмы” некаторых знаёмых — рабочых водаканала.


На суседняй вуліцы Нова-садовая, якая знаходзіцца крыху бліжэй да фермы, знаходзіцца дом галоўнага інжынера ЖКГ. Радуючыся магчымасці праліць свет на таямніцу, разам з Вольгай Прахарэнка і Галінай Каваленя мы пайшлі да Анатолія Фёдаравіча Мельніка. Але галоўны інжынер ЖКГ адмовіўся з намі размаўляць:

«Вон отсюда. Чего Вы пришли? Я вас не звал!» — менавіта гэтымі словамі галоўны інжынер ЖКГ адагнаў нас ад свайго плота ў адказ на просьбу паведаміць штосьці пра вадаправод.

Крыху больш інфармацыі ўдалося атрымаць ад інжынера ААТ “Казловічы-агра”.


У тэлефоннай размове Павел Аляксеевіч Башко паведаміў, што ён асабіста адключыў падачу вады для людзей, таму што вада патрэбная для кароў і цялят.

Я ўжо не раз папярэджваў, што вада для іх калісьці скончыцца, — адказаў па тэлефону на мой запыт інжынер. — Яны ўрэзаліся ў вадаправод незаконна, за воду не плацяць. Хай заключаць дамовы і паставяць лічыльнікі.

Пытанне, чаму 6 гадоў ніхто не звяртаў увагі на такую незаконнасць і спраўна вада паступала ў людскія дамы засталося без адказу.

Заключыць дамовы вяскоўцы не супраць. Лічыльнікі даўно стаяць ва ўсіх хатах. Толькі з кім заключаць дамову?

Па словах жыхара вёскі Анатоля Шушко і Мікалая Драбушэвіча, яны некалькі разоў наведвалі кантору сельскагаспадарчага прадпрыемства “Казловічы — агра” і прапаноўвалі браць грошы з людзей за ваду.

У канторы нам адказалі, што вадаправод не належыць сельскагаспадарчаму прадпрыемству, і яны не могуць збіраць з нас плату і што нам патрэбна звяртацца ў ЖКГ. ЖКГ ж робіць выгляд, што не мае дачынення да гэтай праблемы.

Інжынер Башко, які адключыў ваду, як быццам таксама не ведае, хто пракапаў вадаправод і прысмактаўся да воднай сістэмы малочна-таварнага комплексу. Толькі людзям ад гэтага не лягчэй. У свой час, дзякуючы сваёй юрыдычнай бязграматнасці, яны клюнулі на бясплатную прыманку і зараз сядзяць без вады ў сваіх цывілізаваных хатках з прыбіральнямі, ваннымі пакоямі, бойлерамі для падагрэву вады, пральнымі машынамі. У спякотныя дні думаюць, дзе знайсці вады, каб папіць і памыцца. Пра расліны, якія трэба паліваць на агародах, ніхто нават і не ўспомніў. Хаця б сябе саміх напаіць.

А тым часам, вадаправод пракапаны, рэальна існуе. Засталося знайсці толькі таго таямнічага багатага крата, які перакапаў зямлю і наклаў у ёй труб на даўжыню у 1500 метраў і застаўся невядомым нават для інжынера фермы, на якой ваду для людзей то ўключаюць, то адключаюць. Бо толькі тады, калі гэты таямнічы знойдзецца, будзе магчымасць узаконіць водную сістэму і браць грошы з людзей.


4 ліпеня ваду жыхарам вёскі Падзерскія Агароднікі ўключылі. Ці то дождж дапамог, ці званок у райвыканкам нашай журналісткі, ці можа гэты артыкул. Але людзі збіраюцца ісці да канца і высветліць нарэшце, каму ж належыць гэты вадаправод, каму трэба плаціць грошы і з каго пасля патрабаваць.

Каментаваць