Тайны Аршанскага ЖКГ: педафілія ды крадзеж

32-гадовы работник ЖКГ Юрый Дудкін атрымаў 11 гадоў строгага рэжыму. Дзевяць — за распаўсюд парнаграфіі і два гады — за раскраданне фінансавых сродкаў шляхам злоўжывання службовым становішчам».

 



Юрый Дудкін на Кіпры на нарабаваныя грошы


Экс-упраўляючы асацыяцыі ўласнікаў сумесных домаўладанняў «Юнацтва Оршы» Дудкін жыў як «пры камунізме». На сваё імя аформіў тры аўтамабіля, купленыя за грошы дзяржавы і жыхароў, за 13 мільёнаў купіў пуцёўку на Кіпр, дзе вы яго і бачыце.

Першы грант у 15 тысяч еўра на стварэнне таварыстваў прыватных уласнікаў у Віцебску ды Оршы даў колькі гадоў таму нямецкі ўрад. З Германіі 2 гады таму прыйшлі і першыя сігналы пра тое, што дзіцячая порнапрадукцыя ідзе праз адзін з іх электронных адрасоў. Справай заняўся, а пасля біў ва ўсе званы праваабаронца ды апазіцыйны палітык Мікалай Петрушэнка.

«Вынікі з’явіліся хутка, — расказваў ён. —  На вуліцы Магілёўскай грамадзянская кампанія «Наш дом» раздавала незалежныя газеты, жыхары пацвердзілі, што педафілія квітнее. Інфармацыя прыйшла ад бацькоў, якія паскардзіліся, што ўлады не рэагуюць на факты, а потым ад дзяцей. Тое, што Дудкін педафіл — ведалі ўсе

Актывісты аршанскай апазіцыі, злева — праваабаронца Мікалай Петрушэнка

Падчас следства было пацверджана больш за 30 эпізодаў вырабу Дудкіным дзіцячых порнафільмаў. На мове крымінальнага кодэксу гэта мае назву «гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да непаўналетніх». Знаёміўся з бацькамі, якія мелі запазычанасць па кватэрнай аплаце, дапамагаў ім яе ліквідаваць. Іх дзеці напачатку любілі хадзіць да яго глядзець «мульцікі». А потым — «давай пакормім п…у шакаладкай». Кайданы на яго надзелі прама ў офісе, дзе ён знаходзіўся з дзяўчынкай…»

Пасля абвяшчэння прысуду я накіраваўся да мікрараёна з 9 шматкватэрных дамоў, што адносяцца да «Юнацтва Оршы». Знаёмлюся са спадарыняй Святланай Ніколенкай. Яна працавала прыбіральшчыцай і выйграла суд у Дудкіна, калі ён быў яшчэ «пры ўладзе».

 — У нас быў заключны кантракт — адна папера ў мяне, другая ў яго, — распавяла Ніколенка. — Я яе нават не чытала, але калі надышоў час ісці на пенсію, даведалася, што ён вінен мне двухтыднёвую дапамогу і выхадны аклад. Дудкін ад аплаты хаваўся, але я выйграла суд. Мы жывем у суседніх пад’ездах, і мне шкада яго сына. Якія адносіны да яго будуць у школе, ці думаў ён калі-небудзь пра гэта? І жонка, якая ўсё ведала і была памагатай, дагэтуль працуе ў агенцтве пашпартысткай!

86,7 працэнта жылфонду ў краіне знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Паводле заканадаўства, грамадзяне могуць запрашаць упраўляючых збоку, вызначаць, хто будзе абслугоўваць дом, што, нібы, дае магчымасць кантраляваць якасць паслуг і выстаўляць прэтэнзіі. Але канкурэнцыі паміж дзяржаўнымі канторамі ЖКГ няма, і сістэма не працуе.

Як жа без слядоў знікалі грошы з рахункаў? Спрабую высветліць у часе размовы з новым упраўляючым «Юнацтва Оршы» Мікалаем Вайцяшонкам. Дарэчы, у асацыяцыю паўнакроўна ўваходзіць дзяржава, якая штомесяц датуе да 40 мільёнаў на 670 кватэр і 686 уладальнікаў жылля.

Тэхабслугоўванне не лепшае, — кажа Вайцяшонак. — Але ў дзяржаўным ЖКГ большы аб’ём дамоў ды падвалаў, таму не могуць рэгулярна здымаць паказанні кантрольна-вымяральных прыбораў. Але ў нас грошы ад дзяржавы і жыльцоў змешваюцца на адным рахунку, а значыць, гарантый таго, каб яны не раскрадаліся, не існуе…

З-за таго, што бескантрольна тасаваліся дзяржаўныя датацыйныя сродкі і тыя, што ішлі ад уласнікаў, Дудкін мог беспакарана здымаць ад 2 да 4 мільёнаў у банку штодзень на ўласныя патрэбы. Подпіс пад фінансавымі дакументамі, балазе, ставіла яго жонка, Алена, якая сёння «пушыстая і нічога не ведае».

Гэта ўжо разам з праваабаронцам Петрушэнкам каментуем першыя вынікі доследу:

Гарвыканкам яшчэ ў 2010 годзе правёў рэвізію «Юнацтва Оршы». Але тыя, хто давалі сродкі Юрыю Дудкіну, не патрабавалі, каб ён, паводле Закона аб ахове правоў спажыўцоў ЖКГ, штоквартал даваў справаздачу аб іх расходаванні. Дарэчы, і сёння, пры новым упраўляючым, не бачым публічнай справаздачы, колькі з бюджэту прыйшло грошай. І жыхары не ведаюць, што на кожныя іх 100-200 тысяч прыходзіць яшчэ 600 у касу іх жыллёвай гаспадаркі. Дазволіўшы такія асацыяцыі, улада, дэпутаты, палец аб палец не ўдарылі, каб развіваць мясцовае самакіраванне — бо няма дамкама, які б арганізаваў грамадскае кантраляванне. Сам Дудкін на судзе біў сябе ў грудзі і запэўніваў, што трэба скасаваць тэрмін, бо мае 2 граматы ад міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У судзе ж даказана, што жывучы «пры камунізме» Дудкін наздымаў з банка больш за 200 мільёна рублёў!

Дэмакратычныя актывісты сабраліся абмеркаваць сітуацыю 

А вось як жыў і жыве ў мікрараёне «Юнацтва Оршы» 29-гадовы інжынер Сяргей. Прыводжу яго словы, бадай, даслоўна:

«Тэрмін рамонту маёй аднапакаёвай кватэры з 1964 года даўно прайшоў. Таму, каб прышлі сантэхнікі, купляў усё сваё. Тым больш, неяк прарвала трубу халоднага водазабеспячэння, з ЖКГ адказалі: «А ў нас мяняць няма чым». Купіў металапластыкі ды перахаднікі. З камуналкі прыйшлі ды паставілі іх наўскасяк. Мала таго — зламалі бачок унітаза. Маці бегала за пачастункам, каб хоць нешта аднавілі. Пакуль я не прыйшоў і не зрабіў разнос. Яны ж пайшлі да суседкі, у кватэры якой забіла каналізацыю, бо труба ад даўнасці пагніла ды пайшла трэшчынамі. Яны яе раскалацілі ды парэзалі. На наступны дзень у маёй ванне плавалі фекаліі…»

Сітуацыю мы абмеркавалі і на пасяджэнні створанага 15 гадоў таму Аб’яднання дэмакратычных сіл Оршы, куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх апазіцыйных партый і рухаў. Я пагутарыў з Ігарам Казьмірчакам, рэдактарам сайта «Orsha.Eu», сябрам «Моладзі БНФ».

Не выпадкова трагедыя ўзнікла ў сістэме ЖКГ, якая найбольш шчыльна звязаная з грамадзянамі. І пры тым для іх зусім закрытая. Аршанскі гарвыканкам сустракаецца з жыхарамі і кажа: «Вось вам добры чалавек Дудкін, давайце яго выберам кіраўніком». І грамадзяне прагаласавалі! Мой былы канкурэнт на выбарах у Палату прадстаўнікоў, экс-старшыня гарсавета Людміла Дабрыніна асацыяцыю падтрымлівала, не ўлазячы ў дэталі, дзе, як вядома, і хаваецца д’ябал — маўляў, гэта «новы крок, лепшы чым непадкантрольнае развіццё самакіравання». Ці адчувае яна адказнасць за тое, што здарылася?! А сенатар Плыткевіч, галоўны кіраўнік аховы здароўя Оршы?! Зараз, калі Дудкін у турме, пытаюся: чаму гарсавет не кантраляваў расходаванне субсідый з бюджэту? Я размаўляў з сотнямі людзей, што пераводзілі стрэлкі — паглядзіце, што ў Расіі! А навошта нам туды глядзець?!

Мы псіхалагічна адрозніваемся ад рускіх! — распавядае Казьмірчак. — Калі выязджаеш у Смаленск, беларусаў адразу бачна. Бо смецце ў сметніцы выкідаюць. У нас можам адзін на аднаго палаяць, што не дакінуў недапалак, а ў Расіі гэта, у прынцыпе, не прынята… Увогуле, мы былі больш жыццёва актыўнымі, чым «лукашэнкаўскае» пакаленне. Мы бачылі па ТБ, як людзі даюць адпор міліцыянтам з дубінкамі ды газам. Я бачыў, як па БТ выступаў у 1990-я Зянон Пазьняк. Для сённяшняга пакалення палітыкі, а значыць, і грамадскай актыўнасці ў тым жа ЖКГ, не існуе. Таму ў іх менш пратэстнасці. Але будуць нейкія падзеі, якія і іх падштурхнуць прыйсці на Плошчу, прымусіць гаварыць на роднай беларускай мове. Або як было ў Оршы — выйсці на рэйкі…

Пасля заканчэння суда над Дудкіным я быў сведкам яго апошняй размовы праз краты з Мікалаем Петрушэнкам.

Юрый Дудкін пагражаў, што са мной «разбярэцца». Я адказаў: «Хлопчык, ці выйдзеш ты жывым праз 11 год, калі ў турме даведаюцца пра тваё ТАКОЕ злачынства?!» Але факт і тое, што ён зараз не толькі педафіл, былы ўпраўляючы, але ДАГЭТУЛЬ уладальнік асацыяцыі ўласнікаў і яе заснавальнік. І ён будзе ім заставацца! — распавёў Петрушэнка.

Каментаваць