«Такой была Польшча ў 1960-я»

Праблема развіцця грамадскага самакіравання, самазанятасці насельніцтва цяпер надзвычай актуальная для нашай краіны.

Кшыштаф Захаржэўскі

З-за аўтарытарнай улады, як у цэнтры, так і ў рэгіёнах велізарныя грошы бескантрольна марнуюцца на праекты, у якіх зацікаўлена сама ўлада, але не народ. Для таго, каб людзі займелі жаданне кантраляваць бюджэт, патрэбна змена менталітэту.

Бургамістр польскага горада Злаценец Кшыштаф Захаржэўскі мае пэўны пазітыўны досвед, як змяняць менталітэт сваіх выбаршчыкаў.

Паводле адукацыі Кшыштаф Захаржэўскі — філосаф. Ён доўгі час узначальваў мясцовую асацыяцыю па развіцці грамадскай актыўнасці. На мясцовых выбарах у 2014 годзе Кшыштаф Захаржэўскі здолеў перамагчы і стаў бургамістрам 15-тысячнага горада Злаценец.

Адзін з самых сучасных бургамістраў Польшчы лічыць прыярытэтным накірункам для інвестыцый укладанне ў чалавечы капітал, а асноўнымі прынцыпамі працы мясцовай улады — адкрытасць, даступнасць, крэатыўнасць.

— Перамога на выбарах для мяне была нялёгкай, бо папярэдні бургамістр меў вялікі досвед кіравання і ў яго была зладжаная адміністратыўная каманда, — дзеліцца Кшыштаф Захаржэўскі. — Але ў мяне была ідэя, і яна перамагла. Падчас выбараў я пераконваў жыхароў, што іду ў кіраўніцтва не дзеля кар’еры і грошай, а дзеля рэалізацыі планаў. Паабяцаў жыхарам такія новыя падыходы ў кіраванні, як празрыстасць, даступнасць і крэатыўнасць. Незвычайным для выбарцаў стала і тое, што я не з’яўляўся чальцом ніякай палітычнай партыі і таму меў магчымасць без усялякай палітыкі рэалізоўваць выключна інтарэсы жыхароў.

Цяжэй за ўсё было з чальцамі Рады, бо з 15 чалавек мяне спачатку падтрымлівалі толькі пяцёра. Запрасіў усіх да сябе і прапанаваў думаць не пра грошы, а пра час, які будзе прысвечаны развіццю горада і пра размеркаванне абавязкаў такім чынам, каб кожны змог рэалізаваць сябе дзеля карысці горада.

У выкананне сваіх праграмных абяцанняў наконт празрыстасці новая адміністрацыя размясціла інфармацыю аб бюджэтных выдатках у свабодны доступ, каб кожны чалавек мог азнаёміцца з расходнымі і даходнымі артыкуламі бюджэту. Дадаткова гэтыя звесткі сталі выдаваць у выглядзе невялікага бюлетэня.

Таксама была створана адмысловая газета, якую рэдагуюць самі жыхары горада. Тут змяшчаецца шмат інфармацыі наконт працы прыходу, органаў кіравання, школ, медыцынскіх устаноў. На першай старонцы можна знайсці «Калонку бургамістра», у якой закранаюцца праблемы, што цікавяць горад. Гэта газета выдаецца бясплатна і распаўсюджваецца ва ўсім павеце. Пасяджэнні Рады запісваюцца з тым, каб кожны грамадзянін меў магчымасць праслухаць любую частку, якая яго зацікавіць.

Грамадзяне могуць прыходзіць на пасяджэнне і выступаць па тых праблемах, якія іх хвалююць. Шырока выкарыстоўваюцца і магчымасці інтэрнэту. Існуюць рубрыкі «Пытанне бургамістру», «Рубрыка праблем», пра якія жыхары могуць інфармаваць на партале. Дарэчы, кожны чалавек мае права прапанаваць свой праект далейшага развіцця горада. Па гэтых праектах пасля адбываецца народнае галасаванне і выбіраецца пераможца.

Да прыкладу, праграма «Рэвіталізацыя» («Вяртанне да жыцця») была створана менавіта звычайнымі людзьмі. У выніку на тэрыторыі гміны ўтварыліся 9 супольнасцяў, і кожная вёска атрымлівае грошы, адпаведна колькасці жыхароў. Яны самі вырашаюць, куды патраціць гэтыя грошы з пункту гледжання грамадскіх патрэб.

Сваю работу бургамістрам новы кіраўнік пачаў з грамадскай акцыі — прыборкі і добраўпарадкавання зарослай тэрыторыі вакол пажарных службаў.

— Праз 4 гадзіны гэтую тэрыторыю было ўжо не пазнаць, і там зараз ёсць цудоўная пляцоўка, на якой пажарнікі праводзяць розныя цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых па пытаннях супраць­пажарнай бяспекі, — распавёў бургамістр. — Зараз сумесна з насельніцтвам і падтрымкай СМІ рэалізуецца шмат праектаў. Людзі бачаць, што калі праблемы агучваюцца, яны пачынаюць вырашацца. Цэнтральнаму ўраду таксама даводзіцца ісці на саступкі і выдаткоўваць грошы на рэалізацыю розных сацыяльных праграм. Зразумела, калі людзі прыходзяць і наўпрост гавораць: «Дай грошы!», я ім адказваю, што бюджэт абмежаваны. Але калі людзі прыходзяць і распавядаюць, што яны ўжо зрабілі дзеля выканання свайго праекта, і аргументуюць важнасць далейшай працы, тады грошы выдзяляюцца.

Зараз у горадзе распачася адмысловая праграма «Маніторынг». Кіраўніцтва горада папрасіла гараджан паназіраць за грамадскімі месцамі. Калі хтосьці знарок псуе дарожны знак, лаву на прыпынку альбо ў скверы, іншае абсталяванне — можна патэлефанаваць па адмысловым нумары і атрымаць за гэта ўзнагароду.

Бургамістр Злаценца надае вялікую ўвагу развіццю грамадскай актыўнасці людзей у планаванні будаўніцтва новых аб’ектаў і далейшай запатрабаванасці пабудаванай інфраструктуры.

— Калі людзям патрэбна для заняткаў якая-небудзь зала, хай яна ўзнікне па патрабаванні саміх людзей, а не па жаданні адміністрацыі, — выказвае думку кіраўнік. — Трэба будаваць тое, чым людзі будуць карыстацца, і што будзе імі запатрабавана. Тады яны адчуваюць большую адказнасць за рэнтабельнасць аб’ектаў.

Закрануў кіраўнік Злаценца і эканамічныя праблемы рэгіёна. Паводле яго словаў, на тэрыторыі павета зараз не існуюць буйныя прадпрыемствы. Каб заахвоціць моладзь не пакідаць рэгіён, запрацавала адмысловая праграма па будаўніцтву цэлага мікрараёна. З бюджэту выдзяляюцца грошы на будаўніцтва індывідуальных дамоў для маладых сем’яў. Малады чалавек мае 80% бясплатнага бонуса з гэтых грошай і абавязаны за тры гады пабудаваць дом.

Праблема па аплаце камунальных паслуг беспрацоўнымі вырашаецца з кожным у індывідуальным парадку. На сацыяльнае забеспячэнне і адукацыю ў рэгіёне выдаткоўваецца 25%. Гэта вялікія грошы, і іх трэба рацыянальна выкарыстоўваць.

Мала даць магчымасць пабудаваць дом, трэба думаць і пра тое, чым людзі зоймуцца ў гэтай мясцовасці.

У бургамістра ёсць адказы і на гэтае пытанне:

— Я не магу даць усім людзям працу і заробак, але я магу паспрыяць развіццю прадпрымальніцтва ў рэгіёне і самазанятасці людзей, — гаворыць Захаржэўскі. — Дзеля гэтага трэба скарыстаць і ўмовы, якія дала сама прырода для развіцця бізнесу і турызму.

Да прыкладу, рэгіён багаты на азёры, рэкі. Дзеля прыцягнення турыстаў надаецца ўвага развіццю рыбнага турызму, будуецца турыстычная інфраструктура, з’яўляюцца новыя працоўныя месцы. Нават ладзяцца адмысловыя рыбныя святы, на якіх вучаць, як правільна лавіць рыбу, смачна прыгатаваць яе і нават прыгожа з’есці.

Існуе каталог ідэй для развіцця горада і рэгіёна, якія на 60% фінансуюцца Еўрасаюзам.

Шмат ідэй рэалізуецца для моладзі.

— Хацелася б, каб маладзёны навучыліся паважаць месцы, дзе яны жывуць, ведалі гісторыю свайго краю. З гэтай мэтай была створана гульня «Спазнай свой рэгіён». У ходзе гульні было ажыццёўлена шмат гістарычных экскурсій па розных вёсках, пры гэтым гідамі выступілі жыхары вёсак. Узнікла цікавасць да гісторыі, нават суперніцтва. Пасля з праекта было зроблена больш за 500 настольных гульняў, якія былі раздадзены жыхарам.

Цікавымі для моладзі атрымаліся геаграфічныя конкурсы, аўтобусныя і роварныя экскурсіі, курсы «першай дапамогі» для тых, хто аказвае паслугі, музычныя фестывалі, стварэнне буйной гарадской кнігарні і многае іншае.

Цікава, ці змог бы польскі бургамітср рэалізаваць столькі ідэй, каб быў рэгіянальным кіраўніком у Беларусі.

— Мы з вамі жывём у розных рэальнасцях. На мой погляд, такой была Польшча ў 1960-я гады, — сказаў Захаржэўскі. — У Польшчы на пасадзе бургамістра я маю вялікую самастойнасць, і магу ёй карыстацца. Але некаторую частку сваіх праектаў, мяркую, здолеў бы выканаць і ў Беларусі. На працягу 5 гадоў мы з сябрамі ездзім у памежную Беларусь на роварах дзеля адпачынку «дзікімі людзьмі». У Польшчы ўжо не засталося тэрыторый, па якіх можна ехаць цэлы дзень і не сустрэць прыкмет цывілізацыі. У вас цудоўныя тэрыторыі для развіцця велатурызму, неблагія дарогі. Ціхія і бяспечныя месцы. Цудоўныя гасцінныя людзі ў вёсках — запрашаюць папіць бярозавага соку, паесці грыбной салянкі. Нават паказалі, дзе можна купіць самагону.

Адна жанчына фактычна выратавала нам жыццё, запрасіўшы падчас навальніцы ночыць да сябе ў дом. Пасля мы пабачылі, што дрэва, пад якім стаяў наш намёт, было зрэзанае маланкай.

Лічу, што ў вас не скарыстаны вялікі патэнцыял. Напрыклад, каля вашых «неперспектыўных вёсак» ёсць шмат урадлівай зямлі, дзе можна было б разводзіць кветкі і займацца пчалярствам. У людзей была б цікавасць да добраўпарадкавання малых вёсак і пражывання там. Але дзеля гэтага трэба распрацаваць праграму і даць людзям грошы, прытым немалыя.

Дарэчы, у Беларусі ёсць цікавы накірунак для еўрапейцаў — агратурызм. Тут дзяржаве трэба заахвочваць любую ініцыятыву. Прыязджалі б турысты, стомленыя ад урбаністычнай цывілізацыі. Ёсць цікавасць менавіта да драўляных дамоў і вясковага жыцця.

Трэба сыходзіць з умоў кожнага рэгіёну і напоўніцу скарыстоўваць яго асаблівасці.

А беларускім рэгіянальным кіраўнікам я б пажадаў развіваць самакіраванне і актыўна супрацоўнічаць з грамадзянамі, укладаць інвестыцыі ў развіццё чалавечага патэнцыялу людзей і адбудоўванне грамадскай сферы. Не бургамістр (мэр), а людзі павінны працаваць над ідэямі развіцця рэгіёну. Пры гэтым трэба скарыстоўваць прынцыпы даступнасці, адкрытасці і празрыстасці, працаваць не дзеля кар’еры, а дзеля росквіту той зямлі, якая дае магчымасці праявіць сябе. Трэба памятаць, што галоўны скарб — гэты людзі.

Грамадскім актывістам, нягледзячы на агульнавядомыя цяжкасці, пажадаю рухацца наперад. Наўрад ці кожны чалавек можа глабальна змяніць свет.

Варта займацца тым светам, на які мы можам зрабіць уплыў. Патрэбна, на мой погляд, не разбураць рэчаіснасць, не навязваць супраціў, а ствараць новую рэчаіснасць, шукаць магчымасці для супрацоўніцтва. І пачынаць варта з малога. Бо нават малыя рэчы для некаторых людзей могуць стаць вялікімі, ды і свет, і само жыццё, урэшце, складаюцца з драбніц.

 

Каментаваць